Аблога Полацка (1563)

(Пасля перасылкі з Аблога Полацка, 1563)

Аблога Полацка (31 студзеня — 15 лютага 1563) ажыццёўленая войскамі Маскоўскай дзяржавы падчас Лівонскі войны 1558—1582 гг. з Вялікім Княствам Літоўскім, завяршылася капітуляцыяй горада.

Аблога Полацка
Асноўны канфлікт: Лівонская вайна
Уяўная выява аблогі Полацка ў 1563 годзе ў тагачасным нямецкім лятучым лістку.
Уяўная выява аблогі Полацка ў 1563 годзе ў тагачасным нямецкім лятучым лістку.
Дата 31 студзеня — 15 лютага 1563
Месца Полацк (ВКЛ)
Вынік Капітуляцыя Полацка
Праціўнікі
ВКЛ Маскоўская дзяржава
Камандуючыя
С. С. Давойна Іван IV
Страты
Невядома Невядома

Перадумовы правіць

У 1560 г. завяршыўся першы этап першага перыяду Лівонскай вайны, час перамог войскаў Маскоўскай дзяржавы, з гэтага часу пачало ўскладняцца міжнароднае становішча ў Балтыйскім рэгіёне. Астравы ў Рыжскім заліве былі куплены Даніяй у біскупа эзельскага. У 1561 г. Рэвель прысягнуўся каралю Швецыі Эрыку XIV і тымчасова ж землі Лівоніі, яшчэ не занятыя войскамі Маскоўскай дзяржавы, перайшлі пад пратэктарат ВКЛ. Кампаніі 1561 і 1562 гг. не прынеслі вырашальнага поспеху ні ВКЛ, ні Маскоўскай дзяржаве — перамогі маскоўскіх войскаў пад Пернавам і Тарвастам ураўнаважыліся іх паражэннем у Невеля.

Спроба сватаўства Івана IV да Кацярыны Ягелонкі, сястры вял.кн. Жыгімонта Аўгуста, скончылася няўдала — у 1562 г. Кацярына Ягелонка выйшла замуж за Юхана, герцага фінляндскага, брата Эрыка XIV. Няўдача была непрыемнай для Івана IV, бо ён лічыў паходжанне шведскіх каралёў нізкародным. Усё гэта толькі паглыбіла ўзаемныя супярэчнасці паміж ВКЛ, Швецыяй і Маскоўскай дзяржавай.

Перамовы Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ у пачатку 1562 года не скончыліся заключэннем перамір'я. Пагатоў, Жыгімонт Аўгуст вёў перамовы з крымскім ханам Даўлет Гірэем, каб той восенню-зімою 1562 года ўварваўся ў землі Маскоўскай дзяржавы. Усім гэтым рэалізацыя прэтэнзій Маскоўскай дзяржавы на Лівонію была пастаўлена пад сумнеў. Развязаць усе супярэчнасці і нявызначанасць у пытанні належнасці Лівоніі мог вырашальны ваенны поспех.

Выбар Полацка, як аб'екта вырашальнага ўдару, быў відавочны, у адным з буйнейшых і багацейшым горадоў дзяржавы ў XVI ст. маскоўскае войска магло разлічваць на велізную здабычу. Апроч гэтага, узяцце Полацка давала шэраг тактычных пераваг. Полацк навісаў над паўднёвым флангам групоўкі маскоўскіх войск у Лівоніі і ствараў пагрозу адсячэння іх ад унутраных раёнаў Маскоўскай дзяржавы. Захопам Полацка і басейна Дзвіны Маскоўская дзяржава атрымала б магчымасць простай сувязі з Лівоніяй са Смаленска па зручным рачным шляху. Страта Полацка стварала б непасрэдную небяспеку Вільні.

Полацкі паход быў афіцыйна матываваны «многими неправды и неисправления» Жыгімонта Аўгуста і клопатам Івана IV «о святых иконах и о святых храмех свяшеных, иже безбожная Литва поклонение святых икон отвергше, святые иконы пощепали и многая ругания святым иконам учинили, и церкви разорили и пожгли, и крестьянскую веру и закон оставльше и поправше, и Люторство восприашя».[1] Іван IV любіў надаваць сваім палітычным і ваенным акцыям форму святой вайны супраць ворагаў веры і царквы.[2] У паход Іван IV узяў са сваёй казны полацкую святыню, крыж Св. Ефрасінні Полацкай, такім чынам вярнуў яго на месца ўнёску, у Спаскі манастыр.

Падрыхтоўка і пачатак кампаніі правіць

Захоп Полацка быў запланаваны ў верасні 1562 года, тады пачалася падрыхтоўка. 30 лістапада асноўная групоўка маскоўскіх войскаў на чале з Іванам IV выйшла з Масквы і 4 снежня прыбыла ў Мажайск, адкуль былі аддадзены апошнія распараджэнне войскам, якія рухаліся з розных гарадоў. Агульны збор быў прызначаны на 5 студзеня 1563 года ў Вялікіх Луках. У Вялікіх Луках было сканцэнтравана амаль 32 тысячы чалавек, у тым ліку 18 105 памеснай конніцы, 7 219 стральцоў і казакаў, а таксама каля 6 000 татар[3]. Там сама было завершана фарміраванне палкоў, агулам сфарміравана сем: ертаульны (пярэдняй паходнай заставы), перадавы, правай рукі, вялікі, гасударскі, левай рукі і старажавы. 9 студзеня пачаўся марш да Полацка, палкі выходзілі з інтэрвалам у адзін дзень, каб не было «воинским людем истомы и затору». У летапісах згадваецца колькасць 280 000 ратнікаў, 80 900 абозных людзей і 200 гармат, але звесткі гэтыя перабольшаны. Рэальная колькасць — каля 50 00060 000 ратнікаў і 20 00030 000 абозных людзей. Войскам камандаваў асабіста Іван IV, было загадана не высылаць фуражыраў, усе запасы везліся з сабой, каб захаваць раптоўнасць. Аднак у Полацку неўзабаве даведаліся пра набліжэнне праціўніка і паведамілі вялікаму гетману літоўскаму М. Радзівілу, вялікі князь Жыгімонт Аўгуст тым часам знаходзіўся ў Польшчы на сойме ў Пётракаве. Пазнаўшы, што раптоўнага нападу не атрымаецца, Іван IV прапанаваў полацкаму ваяводзе Станіславу Давойне здаць горад, аднак не атрымаў адказу, пагатоў, палонны адпушчаны ў Полацк з гэтым пасланнем, быў пакараны. 30 студзеня, з апошняга паходнага лагера ў 5 мілях ад горада, Іван IV прыязджаў глядзець на Полацк.

Ход аблогі правіць

31 студзеня горад быў абложаны. Першапачаткова планавалася прыступаць да горада з Задзвіння па лёдзе Дзвіны, бо вакольны горад — «Вялікі Астрог» не меў сцен з боку ракі, таму ў Задзвінні размясціліся самыя баяздольныя часткі маскоўскага войска — гасудараў полк, полк правай рукі і перадавы полк. Увечары Іван IV разам са сваім добраахвотніцкім палком пераправіўся на паўднёвы бераг Дзвіны. Ноч з 31 студзеня на 1 лютага правёў у часткова спаленым Барысаглебскім манастыры. Пераправу адзін з рускіх летапісцаў паказаў як гераічную падзею, пішучы пра кулі, якія падалі «на полк вялікага князя так густа, як дождж»[4].

З першага дня аблогі вялася двухбаковая артылерыйская перастрэлка, якая мела лакальны характар. Аднак, 3 лютага на Заходняй Дзвіне змянілася лёдавая абстаноўка і план аблогі давялося змяніць, гасудараў полк перадыслакаваўся ў міжрэчча Палаты і Дзвіны для прыступу ўжо праз умацаванні Вялікага Астрога.

На дапамогу Полацку ад Менска выступіла вялікалітоўскае войска пад камандаваннем вялікага гетмана М. Я. Радзівіла. З войскам колькасцю 2 5003 500 чалавек і 20—25 палявых гармат, Радзівіл не планаваў бітвы, знаходзяўся на адлегласці не менш 8 міль ад Полацка, ён распускаў чуткі пра шматлікасць свайго войска, каб адцягнуць на сябе частку сіл праціўніка. Гэта збольшага атрымалася, супраць былі пасланы царэвіч Ібак з ваяводамі кн. Ю. П. Рэпніным і кн. А. І. Яраслававым, пры набліжэнні якіх Радзівіл, разбіўшы некалькі іх раз'ездаў, адступіў, яны ж, не пераследваючы яго, вярнуліся да Полацка.

4—5 лютага супраць сцен Вялікага Астрогу пачалі будаваць аблогавыя ўмацаванні і настаўляць гарматы, да гэтага маскоўская артылерыя размяшчалася галоўным чынам каля манастыра Св. Георгія ў міжрэччы Палаты і Заходняй Дзвіны. 5 лютага маскоўскімі войскамі была прадпрынятая першая спроба штурму. Стральцы І. Галахвастава здолелі захапіць вежу над Дзвіной, але былі выбіты адтуль, страціўшы 30 чалавек. Тым самым днём быў першы моцны артылерыйскі абстрэл горада, які доўжыўся да вечара. Пасля абстрэлу абложаныя пачалі перамовы, каб зацягнуць час і, пазбавіўшы горад абстрэлу, дачакацца падыходу М. Я. Радзівіла. Перамовы вяліся на працягу 5—8 лютага. З прычыны, што С. С. Давойна не абумовіў, каб на час перамоў былі прыпынены абложныя работы, маскоўскія войскі скарысталіся гэтым і ў ноч з 5 на 6 лютага наставілі абложныя машыны і гарматы каля самых сцен Вялікага Астрогу. Увечар 7 лютага да Полацка падыйшла маскоўская цяжкая артылерыя і Іван IV на перамовах запатрабаваў безумоўнай капітуляцыі. 8 лютага перамовы былі канчаткова сарваны, бо хтосьці стрэліў у царскага пасла.

8 лютага пачаўся абстрэл горада цяжкай артылерыяй, настаўленыя практычна ўшчыльную да сцен Вялікага Астрога гарматы проста разломлівалі іх, прабіваючы наскрозь. Тым часам загінуў ротмістр Галубіцкі. 9 лютага Станіслаў Давойна прыняў рашэнне, якое лічаць асноўнай прычынай хуткага падзення Полацка, — пакінуць і спаліць Вялікі Астрог. Ротмістры Варшэўскі, Верхлінскі, Хелмскі і малады магнат Я. Я. Глябовіч настойвалі на працягу абароны Вялікага Астрогу. Я. Я. Глябовіч прапанаваў выдаць зброю «чорным людзям» — простым жыхарам наваколляў Полацка, і самому ўзначаліць іх у вялікай вылазцы супраць маскоўскіх войскаў, каб знішчыць абложныя ўмацаванні. Прапанова ротмістраў і Я. Я. Глябовіча не была прынята, Вялікі Астрог падпалены і пакінуты — гарнізон, полацкім мяшчане і баяры Полацкага ваяводства адступілі ў Полацкі замак, а 10 00025 000 «чорных людзей» трапіла ў палон. Пачаўся вялікі пажар, згарэла 3 000 двароў, маскоўскія войскі на плячах абложаных спрабавалі ўварвацца ў замак і сярод пажару завязаўся зацяты бой, які ішоў са зменным поспехам, пакуль рускім не падышло падмацаванне на чале з Д. Ф. Аўчыніным і Д. І. Хварасцініным, якія здолелі адцясніць абложаных у замак, але не здолелі з ходу ўзяць яго. Палонныя «чорныя людзі» паказалі рускім вялікія запасы харчоў у лясных сховішчах каля горада, што было вялікай карысцю маскоўскаму войску.

9—10 лютага цяжкая артылерыя была настаўлена супраць Полацкага замка на пажарышчы Вялікага Астрога, у Задзвінні і Запалоцці. 10—14 лютага гарматы білі суткі без перапынку. Ядры разбівалі замкавую сцяну, дасягаючы процілеглай. У ноч з 12 на 13 лютага абаронцы замка ўсімі сіламі зрабілі вылазку каб знішчыць маскоўскую артылерыю, аднак вылазка была адбіта. Пасля бесперапыннага абстрэлу на працягу 13—14 лютага ў полацкім замку пачаўся моцны пажар. Тым часам ядрамі было разбіта ўжо 1/5 частка сцен замка, а ў ноч з 14 на 15 лютага маскоўскія стральцы, падабраўшыся да сцен падпалілі іх у некалькіх месцах.

За некалькі гадзін да світанку 15 лютага маскоўскія войскі пачалі падрыхтоўку да генеральнага штурму, становішча абаронцаў замка было безнадзейным. З горада выйшаў полацкі епіскап Арсеній, праз яго С. С. Довойна прасіў пра перамовы, Іван IV запатрабаваў прыбыцця для гэтага самога Довойны. Перамовы ішлі да вечара 15 лютага і скончыліся капітуляцыяй горада на ўмовах захавання жыцця і маёмасці абложаных.

Пасля атрымання весткі пра капітуляцыю Полацка М. Я. Радзівіл са сваім корпусам адступіў для прыкрыцця Вільні, бо чакаў далейшага прасоўвання маскоўскіх войскаў у гэтым кірунку.

Пасля капітуляцыі правіць

Іван IV не стрымаў усіх умоў капітуляцыі. Некаторыя рускія летапісы, а таксама Мацей Стрыйкоўскі і яго кампілятары, паведамляюць, што полацкім яўрэям пад страхам смерці было загадана хрысціцца ў праваслаўе, тыя хто не згадзіўся былі патоплены ў Заходняй Дзвіне[5][6], аднак гэтыя звесткі выклікаюць у некаторых даследчыкаў сумневы. У некаторых крыніцах таксама паведамляецца пра смерць полацкіх бернардзінцаў і дамініканцаў ад татараў з маскоўскага войска, такой магчымасці выключыць нельга (гл. Святыя Адам, Дамінік і Пётр Полацкія). Да 500—700 палякаў з гарнізона і нямецкіх наймітаў Іван IV паставіўся міласціва, некаторыя найміты перайшлі на маскоўскую службу. Ротмістры палякаў атрымалі падарункам сабаліныя футры, пакрытыя парчой. Ротмістр Верхлінскі пазней быў абвінавачаны ў атрыманні падарункаў ад непрыяцеля, але быў апраўданы судом. Такое стаўленне Івана IV да палякаў тлумачыцца нежаданнем вайны і з Польшчаю, ён планаваў весці ваенныя дзеянні толькі супраць ВКЛ. Полацкія баяры, купецтва, большасць мяшчан, а таксама жыхары полацкага наваколля былі пазбаўлены маёмасці і сагнаныя ў палон, па розных ацэнах лік палонных склаў ад 15 000 да 60 000. Шмат хто з палонных пазней быў прададзены ў рабства, напрыклад, у Персію (гл. Хаджы Хасроў)[7]. С. С. Давойна з жонкай, Я. Я. Глябовіч і біскуп Арсеній таксама былі палонены.

Практычна адразу пасля ўзяцця горада 15 000 татараў былі накіраваны для дзеянняў па дарозе на Вільню. 21 лютага ў лагер цара прыбыў пасол ВКЛ для перамоў пра перамір'е, якое ў тыя ж дні і было заключана. 27 лютага, пакінуўшы ў Полацку гарнізон і аддаўшы распараджэнні пра ўмацаванне горада, Іван IV з асноўнымі сіламі выйшаў да Масквы.

Частка палонных полацкіх баяраў была абмяняная на маскоўскіх палонных або выкуплена ВКЛ у 1566 г. С. С. Давойна быў абмяняны на маскоўскага палоннага ў 1567 г., пазней ён беспаспяхова спрабаваў перавезці на радзіму прах сваёй жонкі, якая памерла ў палоне. Я. Я. Глябовіч быў вызвалены ў абмен на абяцанне схіліць на бок Маскоўскай дзяржавы магнатаў ВКЛ, за гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але апраўданы вялікім князем. Біскуп Арсеній адпраўлены ў Спаса-Каменны манастыр паблізу Кубены, разам з ім у зняволенні былі і некаторыя полацкія баяры.

Наступствы правіць

Узяцце і спусташэнне горада і наваколляў было канцом яго велічы і ці не буйнейшай падзеяй Лівонскай вайны. Падзеі аблогі выклікалі міжнародны розгалас: у Аўгсбургу, Любеку, Нюрнбергу, Празе і інш. гарадах Еўропы выйшла больш за дзясятак інфармацыйных улётак, прысвечаных падзеям у Полацку. У Свяшчэннай Рымскай імперыі з трывогай назіралі за поспехамі Маскоўскай дзяржавы. Супернікі імперыі спадзяваліся на пашырэнне супрацоўніцтва з Маскоўскай дзяржавай — кароль Даніі Фрэдэрык II павіншаваў Івана IV з узяццем Полацка.

У ВКЛ і Польшчы былі ўзрушаны полацкай катастрофай. Сойм у Пётракаве быў спынены весткай пра ўзяцце горада, вял.кн. Жыгімонт Аўгуст паведаміў М. Я. Радзівілу пра неадкладнае сваё вяртанне ў Княства для арганізацыі абароны і загадаў не ўступаць у прамы бой з маскоўскімі войскамі (што, зрэшты, і не было магчымым пры наяўных сілах і без збору паспалітага рушэння), а прыкласці ўсе сілы для абароны Вільні. Падзенне Полацка можна ацэньваць адну прычын Люблінскай уніі (1569). Верагодна, наступствам гэтых падзей быў і прывілей Жыгімонта Аўгуста ад 7 чэрвеня 1563 г., у якім ён пацвярджаў роўнасць правоў баяраў праваслаўнага і каталіцкага веравызнання, хоць такая роўнасць была пацверджана яшчэ ў 1430-х г.

Узяцце Полацка было вяршыняй поспехаў Маскоўскай дзяржавы ў Лівонскай вайне, хоць і пасля маскоўскія войска атрымалі некалькі перамог у Лівоніі. Страта Полацка, крызіснае становішча, у якім з-за гэтага апынулася ВКЛ, прымусіла яго мабілізаваць рэсурсы для жыццёва неабходнага рэваншу. Імкненне Маскоўскай дзяржавы спачатку пашырыць, выкарыстоўваючы атрыманыя тактычныя перавагі, свае поспехі, а неўзабаве хоць бы захаваць іх, стала прычынаю знясільвання яго матэрыяльных і людскіх рэсурсаў, выклікала востры сацыяльна-эканамічны крызіс, узмоцнены паразамі 1571 і 15791580 г. Усё гэта, у выніку, прывяло да паражэння Маскоўскай дзяржавы ў Лівонскай вайне.

Зноскі

  1. ПСРЛ, т. 29. Лебедевская летопись. л. 275.
  2. Федотов Г. П. Святой Филипп митрополит Московский. — М., 1991, с. 60.
  3. Купіш, Д. Полацак 1579 / Дарыюш Купіш // ARCHE. — 2009. — № 4. — С. 186.
  4. Полное собрание русских летописей. Т. XXIX. Лебедевская летопись. — М., 1965. — С. 308.
  5. Псковский летописный свод 1567 г. / ПЛ, вып. 2, С. 243—244.
  6. См. например, Н. М. Карамзин. История Государства Российского, т. 9, с. 69
  7. Літвін Хаджы Хасроў з Полацка — персідскі дыпламат XVI стагоддзя // Спадчына. 2006, № 2. С. 68-80.

Літаратура правіць

  • Янушкевіч А. М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558—1570 гг. Мінск, 2007.
  • Янушкевіч А. М. Захоп Полацка маскоўскім войскам у 1563 г. // Commentarii Polocenses Historici = Полацкія гістарычныя запіскі. 2005. Т. 2. С. 5-12.
  • Филюшкин А. И. Причины «Полоцкого взятия» 1563 г. глазами современников и потомков // Вестник Санкт-Петербургского ўниверситета. Серия 2: История. 2005. Вып. 3. С. 20-31.
  • Филюшкин А. И. Причины «Полоцкого взятия» 1563 г. глазами современников и потомков // Вестник Санкт-Петербургского университета. Серия 2: История. 2005. Вып. 3. С. 20-31.
  • Ryszard Mienicki. Egzulanci Poloccy (1563—1580 г.). // Ateneum Wileńskie, Rocznik IX, Wilno, 1934.
  • Александров Д. Н., Володихин Д. М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках / Отв.ред.: академик В. Л. Янин. — М.: «Аванта+», 1994.