Станіслаў Станіслававіч Давойна
Станіслаў Давойна (? — 1573) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода полацкі (з 1542)
Станіслаў Давойна | ||
![]() Герб «Праўдзіц» | ||
| ||
---|---|---|
1542 — 1573 | ||
Папярэднік: | Ян Юр'евіч Глябовіч | |
Пераемнік: | Мікалай Дарагастайскі | |
Дзейнасць: | дыпламат | |
Смерць: | 1573 | |
Род: | Давойны | |
Бацька: | Станіслаў Іванавіч Давойна | |
Жонка: | 1) Петранеля Радзівіл 2) Дарота Касцевіч 3) Барбара Саламярэцкая | |
Дзеці: | няма |
Змест
БіяграфіяПравіць
У маладосці служыў пры кіеўскім ваяводзе Андрэю Неміровічу, удзельнічаў у барацьбе з татарамі і маскоўскім войскам. У 1528 стаў каморнікам каралевы Боны, у 1530 — каралеўскім дваранінам. Ад Неміровіча атрымаў зямельныя ўладанні, пабагацеў і ў 1539 выстаўляў са сваіх зямель 96 узброеных коннікаў.
24 мая 1542 прызначаны на пасаду полацкага ваяводы. Старанна выконваў ваяводскія абавязкі, сачыў за абараназдольнасцю полацкіх умацаванняў, пабудаваў новы паркан за Вялікім і Запалоцкім пасадамі, павялічыў конную службу Полацкага замка, клапаціўся аб гаспадарчым развіцці Полацкай зямлі, спрыяў пераходу заслужаных людзей у шляхецкае саслоўе. У 1555 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла перамір'е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай яшчэ на 2 гады.
Падчас Інфлянцкай вайны у студзені 1563 65-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV падышло да Полацка і аблажыла яго. Давойна кіраваў 2-тыднёвай абаронай горада. У абаронцаў былі занадта малыя сілы, а Давойна да таго ж зрабіў некалькі тактычных памылак, таму, не атрымаўшы ніякай дапамогі, мусіў здаць Полацк маскоўскаму цару.
У якасці палоннага разам з жонкай Петранеляй Радзівіл, уладыкам Арсеніем і шляхтай высланы ў Маскву, дзе жонка памерла. Вярнуўся ў ліпені 1567 дзякуючы намаганням вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Астатнія гады жыцця быў пасіўны, функцыі ваяводы выконваў намінальна. Удзельнічаў у працы Люблінскага сойма 1569.
Сям'яПравіць
Паходзіў з роду Давойнаў, сын мерацкага старосты Станіслава Давойны.
У 1552 Ганна Сапега, удава Яна Неміровіча, абвясціла аб тым, што ўсынаўляе Станіслава Давойну, што дазволіла апошняму атрымаць у спадчыну Лунінец[1].
Быў тройчы жанаты. Першая жонка Петранеля Радзівіл, дачка Яна Радзівіла, памерла ў маскоўскім палоне. У 1568 ажаніўся з Даротай, дачкой Вацлава Касцевіча і ўдавой Яраслава Галоўчынскага. Пасля яе смерці ажаніўся ў 1572 з Барбарай Саламярэцкай, удавой Канстанціна Хадкевіча. Дзяцей не пакінуў.
КрыніцыПравіць
- Сагановіч Г. Давойна Станіслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. Т.1: Абаленскі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд.) і інш.; Маст. З.Э. Герасімовіч. – Мн.: БелЭн, 2005. – 688 с.: іл. С. 566. ISBN 985-11-0315-2 ISBN 985-11-0314-4 (т. 1)