Аланхо́ (якуцк.: Олоҥхо) — якуцкі гераічны эпас, адзін з найбольш старажытных эпасаў цюркскіх народаў.

Сучасная пастаноўка сцэны з «Аланхо»

Эпас складаецца з многіх сказанняў, блізкіх паводле сюжэта, вобразаў і стылю, памерам 10—15 тысяч вершаваных радкоў. На працягу стагоддзяў сфарміравалася асаблівая класічная традыцыя вуснай перадачы зместу. Прамовы герояў спяваюцца, а астатняя частка прамаўляецца. Частка тэксту — рытмізаваная проза і кароткія празаічныя устаўкі. Словы персанажаў спяваюцца, астатні тэкст выконваецца рэчытатывам, часта без інструментальнага суправаджэння[1].

Аланхо адлюстроўваюць рысы патрыярхальна-радавога ладу, міжрадавыя і міжплемянныя адносіны якутаў[1]. Паколькі ў кожнага племені і буйнога рода якутаў меліся свае казачнікі і спевакі, якія спецыялізаваліся на перадачы «Аланхо», то ў нашы дні існуе шмат варыянтаў гэтага твора, якія захоўваюць адзіную сюжэтную лінію, але істотна адрозніваюцца паміж сабою. «Аланхо» апавядае пра подзвігі асілкаў боотур і часткова прысвечаны гістарычнаму часу да перасялення якутаў на тэрыторыю Якуціі.

У аснове сюжэтаў — барацьба асілкаў з племені айыы аймага са злоснымі аднарукімі ці аднаногімі пачварамі, абарона справядлівасці і мірнага жыцця. У Аланхо паяднаны фантастыка і гіпербалізацыя ў паказе асілкаў з рэалістычнымі апісаннямі побыту, шматлікія міфы старажытнага паходжання[1].

У 2008 г. ЮНЕСКА ўнясла «Аланхо» у спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б в Аланхо. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

  Сусветная спадчына ЮНЕСКА