Сюжэт
Сюжэт — сістэма ўзаемазвязаных падзей, паступовае разгортванне якіх раскрывае характары персанажаў і ўвесь змест эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. Паводле М. Горкага, сюжэт — гэта «сувязі, супярэчнасці, сымпатыі, антыпатыі і ўвогуле ўзаемаадносіны людзей — гісторыі росту і арганізацыі таго ці іншага характару, тыпу». У аснове сюжэту заўсёды ляжыць пэўны жыццёвы канфлікт. З’яўляючыся важным сродкам даследавання з’яў рэчаіснасці ў іх узаемасувязях, прычынна-выніковых адносінах і супярэчнасцях, сюжэт мае канкрэтна-гістарычны характар; у сюжэце выяўляюцца канфлікты, уласцівыя пэўнай нацыі, класу, эпосе.
Вылучаюцца такія элементы сюжэту: экспазіцыя, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка і эпілёг (экспазіцыі і эпілога ў творы можа і не быць). Сюжэт цесна звязаны з кампазіцыяй твора, хаця па аб’ёме за яе вузейшы (апрача сюжэту, кампазіцыя аб’ядноўвае г. зв. пазасюжэтныя элементы твора: разгорнутыя апісанні малюнкаў прыроды і быту, аўтарскія развагі, лірычныя адступленні і інш.) Творы лірычныя сюжэту не маюць. Замест логікі разгортвання падзей у іх назіраецца своеасаблівая логіка выяўлення пачуццяў. Аднак сюжэт прысутнічае ў ліра-эпічных творах паэмах, баладах, байках), у вершаваных раманах, аповесцях, апавяданнях. Нярэдка ў паэзіі сустракаюцца і сюжэтныя вершы («Лён» Я. Купалы, «У вёсцы», «Страцім — лебедзь» М. Багдановіча і інш.).
Літаратура правіць
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.