Ліква́цыя ў геалогіі (лац.: liquatio разрэджванне, плаўленне) — раздзяленне магматычнага расплаву на дзве вадкасці, якія не змешваюцца ніжэй за пэўную тэмпературу.

Напрыклад, сульфіды FeS2, NiS, ZnS і інш. могуць растварацца ў сілікатным расплаве пры тэмпературы больш за 1500 °C. Пры паніжэнні тэмпературы да 1170 °C адбываецца ліквацыя магмы. Сульфідны расплаў, кампаненты якога маюць меншую тэмпературу плаўлення, крышталізуюцца пазней. У працэсе ліквацыйнай дыферэнцыяцыі магмы ў глыбінных і блізпаверхневых умовах утвараюцца ліквацыйныя радовішчы, найбольш важныя з якіх сульфідныя медна-нікелевыя і плацінавыя, прымеркаваныя да магматычных комплексаў асноўнага і ультраасноўнага саставу.

У Беларусі існуе комплекс асноўных і ультраасноўных парод крышталёвага фундаменту, які лічыцца перспектыўным на выяўленне ліквацыйных радовішчаў.

Ліква́цыя ў металургіі: неаднароднасць хімічнага саставу (структуры) зацвярдзелых сплаваў.

Узнікае з-за рознасці тэмператур крышталізацыі фазаў, што ўваходзяць у састаў сплаву. Адрозніваюць мікраскапічную (міжкрышталічную і дэндрытную — у межах аднаго зерня або дэндрыту) і макраскапічную (ліквацыю занальную і ліквацыю па ўдзельнай сіле цяжару). Выклікае неаднароднасць механічных і фізічных уласцівасцяў і пагаршае якасць зліткаў. Каб паменшыць ліквацыю, расплаў перад разліўкай інтэнсіўна перамешваюць, выкарыстоўваюць спецыяльныя спосабы ліцця, робяць гамагенізацыю зліткаў (доўгую вытрымку пры высокай тэмпературы).

Літаратура правіць