Шмалькальдэнская вайна

Шмалька́льдэнская вайна́ (ням.: Schmalkaldischer Krieg; 15461547) — вайна паміж імператарам Карлам V і пратэстантамі Шмалькальдэнскага саюза. Першы буйны ўзброены канфлікт паміж каталікамі і пратэстантамі. Войскі саюза пацярпелі разгромнае паражэнне пры Мюльбергу, што прывяло да падпісання Вітэнбергскай капітуляцыі. Паводле яе курфюрства перайшло ад эрнесцінскай да альберцінскай лініі Ветынаў. Большая частка зямель пераможаных дасталася саюзніку Карла пратэстанцкаму герцагу Морыцу Саксонскаму. Аднак поспех Карла быў кароткачасовым, неўзабаве барацьба аднавілася і няўдалы для імператара яе зыход прывёў да Аўгсбургскага рэлігійнага міру.

Шмалькальдэнская вайна
Тыцыян. Карл V у бітве пры Мюльбергу (1548)
Тыцыян. Карл V у бітве пры Мюльбергу (1548)
Дата 10 ліпеня 154623 мая 1547
Месца Свяшчэнная Рымская імперыя
Вынік Перамога імператара: Вітэнбергская капітуляцыя
Змены
Праціўнікі
Шмалькальдэнскі саюз:
Камандуючыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Перадгісторыя правіць

 
Ёган-Фрыдрых Вялікадушны — адзін з правадыроў Шмалькальдэнскага саюза, партрэт працы Лукаса Кранаха, 1531, Луўр

Да сярэдзіны саракавых гадоў Карл V канчаткова вырашыўся на вайну з пратэстанцтвам. Карл пагадзіўся на мяккія ўмовы міру з Францыяй (мір у Крэпі), каб засцерагчы сябе ад саюза Францыі з пратэстантамі. 26 чэрвеня 1546 года Карл V заключыў саюз з Папам Паўлам III, які перадаў у распараджэнне імператара значныя грашовыя і ваенныя сродкі. У той жа час быў заключаны дагавор з Вільгельмам Баварскім і Морыцам Саксонскім. Пратэстанты ж не сустрэлі падтрымкі ў замежных дзяржаў і засталіся ізаляванымі. Пачынаючы барацьбу, Карл заявіў, што ён вядзе вайну не за веру, а жадае утаймаваць непакорлівых, мяцежных васалаў.

Вайна правіць

 
Морыц Саксонскі — саюзнік Карла V

Перавага сіл была ў першыя часы на баку шмалькальдэнцаў, але яны з самага пачатку дзейнічалі вельмі марудна і зрабілі некалькі вялікіх памылак. Яны рушылі на поўдзень, каб загарадзіць праход італьянцам, але не паспелі перашкодзіць імператарскім атрадам захапіць Эрэнбургскую цясніну, праз якую праходзіла дарога з Італіі. Правадыр пратэстанцкіх атрадаў у верхняй Германіі Шэртлін узяў Донаўвёрт. У пачатку жніўня князі Ёган-Фрыдрых і Філіп Гесэнскі злучыліся з апалчэннямі верхненямецкіх гарадоў, прычым у іх апынулася некалькі менш за 50 тысяч чалавек.

Імператар, сабраўшы італьянскія, нямецкія і іспанскія атрады, рушыў насустрач пратэстантам. Пасля абстрэлу імператарскай арміі пад Інгальштатам пратэстанты адступілі, услед за імі рухаўся ўверх па Дунаі імператар, забіраючы па шляху крэпасці. У кастрычніку Морыц Саксонскі, якому імператар перадаў курфюрсцкую годнасць і якому ён даручыў выкананне апалы над Ёганам-Фрыдрыхам, пачаў вайну супраць апошняга. Войскі Фердынанда (брат Карла V) і Морыца занялі большую частку ўладанняў Ёгана-Фрыдрыха. У лістападзе шмалькальдэнцы сталі пакідаць Швабію. Пратэстанцкія гарады вымушаны былі здавацца імператару: здаліся Нёрдлінген, Ульм, Аўгсбург, Страсбур, Франкфурт і інш. Змірыцца і прасіць прабачэння павінны былі таксама герцаг Вюртэмбергскі і пфальцграф Рэйнскі. Пратэстант архібіскуп кёльнскі Герман фон Від быў скінуты і адмовіўся ад сану.

 
Камандуючы войскамі Карла V герцаг Альба

Тым часам Ёган-Фрыдрых, вярнуўшыся ў Саксонію, заняў і разрабаваў Гале, Мерзебург, аблажыў Лейпцыг, але ў студзені 1547 года вымушаны быў зняць аблогу. Нядбаласць маркграфа Альбрэхта Брандэнбургскага дала магчымасць Ёгану-Фрыдрыху захапіць яго знянацку ў Рохліцы: Альбрэхт быў узяты ў палон. Тым часам Карл рушыў са Швабіі ў Саксонію праз Эгер. 22 красавіка імператар быў ужо ўсяго ў некалькіх мілях ад войскаў Ёгана-Фрыдрыха. Апошні рушыў па правым беразе Эльбы, і ў Мюльберга адбылася сустрэча паміж курфюрстам і імператарам. Колькасна слабыя войска курфюрста, якія бязладна адыходзілі да Вітэнберга, падвергліся праследаванню імператарскай кавалерыі, прычым сам Ёган-Фрыдрых патрапіў у палон (24 красавіка 1547 года.). Герцаг Альба адвёз яго да Карла, які прыняў палоннага вельмі сурова. Неўзабаве здаўся і Вітэнберг. Карл запатрабаваў ад Ёгана-Фрыдрыха адрачэння ад курфюрсцкай годнасці і ад зямель, значная частка якіх павінна была перайсці да Морыцу, іншая частка — да Фердынанда. Частка зямель была пакінута для дзяцей і брата Ёгана-Фрыдрыха.

 
Філіп Гесэнскі пасля заканчэння вайны доўга быў у зняволенні

Бітва пры Мюльбергу правіць

У бітве пры Мюльбергу 24 красавіка 1547 года армія імператара Карла V перамагла войскі Шмалькальдэнскага саюза. Адзін з правадыроў саюза курфюрст Ёган Фрыдрых Саксонскі патрапіў у палон. Перамогшы ў гэтай бітве, імператар выйграў вайну.

Вынікі правіць

 
Перадзел Саксоніі пасля Вітэнбергскай капітуляцыі 1547 г. (чырвона-жоўтым — да Альберцінаў, жоўта-зялёным — да Чэхіі)

Нягледзячы на часовы поспех у барацьбе паўночнагерманскіх пратэстанцкіх гарадоў, неўзабаве і яны былі вымушаны скарыцца імператару. Тое ж вырашыўся зрабіць і ландграф Філіп, які ўжо не спадзяваўся на ваенны поспех пасля Мюльбергскай катастрофы. Пасроднікамі пры перамовах аб здачы Філіпа былі Морыц і Іаахім Брандэнбургскі, але і яны не маглі дамагчыся ад Карла прымальных умоў для ландграфа. Умовы дагавора капітуляцыі Карл вытлумачыў у невыгодны для Філіпа бок. Імператар пазбавіў Філіпа волі і доўга трымаў у зняволенні ў цяжкіх умовах пад аховай.

У верасні 1547 года адкрыўся рэйхстаг у Аўгсбургу. Карл правёў тут сваё знакамітая часовая пастанова (інтэрым), але, нягледзячы на перамогу над пратэстантамі, імператару не ўдалося ажыцявіць інтэрым на практыцы: пратэстанты аказвалі яму ўпартае супраціўленне. Планы імператара перадаць імперыю сыну свайму Філіпу, грубае абыходжанне з немцамі, прысутнасць у Германіі іспанскіх салдат — усё гэта выклікала ў апошняй моцнае раздражненне, якое і скончылася неўзабаве аднаўленнем барацьбы, прычым цяпер і Морыц здрадзіў імператару. Няўдалы для імператара яе зыход прывёў да Пасаўскага дагавора і, нарэшце, да Аўгсбургскага рэлігійнага міру

Гл. таксама правіць

Зноскі

Літаратура правіць