Курфюрства Пфальц або (скарочана) Курпфальц (ням.: Kurpfalz, у старадаўніх крыніцах «Churpfalz» або «Wahlpfalz») — назва тэрытарыяльнага ўтварэння са сталіцай спачатку ў Гайдэльберге, затым у Мангейме, якое існавала да 1803 года ў рамках Свяшчэннай Рымскай імперыі. З 1214 года Пфальцам кіравалі Вітэльсбахі старэйшай лініі.

Паўразбураная рэзідэнцыя рэйнскіх пфальцграфаў — Гайдэльбергскі замак

Пфальцграфства Рэйнскае (ням.: Pfalzgrafschaft bei Rhein), таксама званае Рэйнскі Пфальц (ням.: Rheinische Pfalzgrafschaft), узнікла з рэйнска-латарынгскага пфальцграфства і размяшчалася з эпохі Высокага Сярэднявечча ў сярэдняй частцы вобласці верхняга Рэйна. Нароўні з каралём Багеміі пфальцграф рэйнскі лічыўся старэйшым з усіх свецкіх курфюрстаў.

Пад Курпфальцам разумеецца не некаторая выразна вызначаная геаграфічная або этнаграфічная вобласць, а хутчэй «лапікавая коўдра». Ядро тэрыторыі размяшчалася па абодва бакі сярэдняга цячэння Рэйна ад Хунсрука на паўночным захадзе да ўсходняга схілу Одэнвальда ля Мосбаха і паўднёвай часткі Крайхгау недалёка ад Брэтэна, Кнітлінгена і кляштара Маўльброн.

У Курпфальц уваходзілі часткі сучасных тэрыторый федэральных земляў Бадэн-Вюртэмберг, Рэйнланд-Пфальц, Гесэн, Баварыя (Верхні Пфальц), Саарланд, а таксама рэгіён Эльзас, які належыць у наш час Францыі.

Першыя ўладальнікі

правіць
 
Мытнае ўмацаванне Пфальцграфенштайн пасярод Рэйна

Уладальнікамі Курпфальца былі пфальцграфы Латарынгіі («палацавыя графы»), месцазнаходжаннем якіх быў першапачаткова палац Карла Вялікага ў імперскай сталіцы Ахене. Ужо ў XI стагоддзі яны атрымалі ў спадчыннае ўладанне графства Пфальц і землі, якія належалі да яго, чым забяспечылі сабе месца ў ліку імперскіх князёў.

Пасля смерці пфальцграфа Германа II пфальцграфы страцілі сваё значэнне для Латарынгіі. Тэрыторыя пфальцграфства скарочана да акруг вакол Рэйна, а яго кіраўнікі атрымалі тытул пфальцграфаў Рэйнскіх.

Калі пфальцграф Герман III памёр без спадчыннікаў, імператар Фрыдрых I аддаў у 1156 годзе рэйнскі Пфальц свайму зводнаму брату, Конраду Швабскаму.

Пасля смерці Конрада, ва ўладанне Пфальцам уступіў у 1195 годзе яго зяць, Генрых I Браўншвайгскі, старэйшы сын Генрыха-Льва; але з прычыны таго, што Генрых у барацьбе за нямецкую карону трымаў бок свайго брата, імператара Атона IV, супраць Фрыдрыха II, то не мог утрымаць за сабой Пфальц, і перадаў яго свайму сыну, Генрыху II, пасля смерці якога ў 1214 годзе імператар Фрыдрых II аддаў гэта княства герцагу Людвігу I Баварскаму і яго сыну Атону II, жанатаму на Агнесе, дачцэ Генрыха I Браўншвайгскага. Такім чынам, у 1214 годзе Пфальц перайшоў ва ўладанне Вітэльсбахскага дому.

Кіраванне старэйшых Вітэльсбахаў

правіць
 
Чырвоным пазначаны ўладанні рэйнскіх пфальцграфаў па стане на канец вайны за ландсхуцкую спадчыну ў 1505 годзе

Сыны Атона, Людвіг II Строгі і Генрых, кіравалі пасля смерці бацькі спачатку разам, але ў 1255 годзе падзяліліся: Людвіг II (памёр у 1294 годзе) атрымаў Рэйнскі Пфальц і Верхнюю Баварыю, Генрых — Ніжнюю Баварыю.

З сыноў Людвіга II, Рудольф I (памёр у 1319 годзе) атрымаў курфюрскую годнасць і Пфальц, а Людвіг — Верхнюю Баварыю. З гэтага ж часу рэйнскім пфальцграфам належала пасада імперскага стольніка  (ням.) і імперскага вікарыя  (англ.) абласцей Рэйна, Франконіі і Швабіі.

У 1314 годзе Людвіг выбраны быў германскім каралём пад імем Людовік IV. Паміж братамі разгарэлася вайна; пазней Людвіг пагадзіўся з сынамі Рудольфа, падаўшы ім пфальцкія ўладання і частку Баварыі, якая пасля звалася Верхнім Пфальцам.

Пераемнікамі Рудольфа былі паслядоўна яго тры сына: Адольф (памёр у 1327 годзе), Рудольф II і Рупрэхт I

Рудольф II (памёр у 1353 годзе) далучыў да Рэйнскага Пфальца так званы новы Пфальц. З імператарам Людвігам ён у 1329 годзе заключыў у Павіі дагавор, у сілу якога выбарчая функцыя выконвалася напераменку то Баварыяй, то Пфальцам.

Рупрэхт I (памёр у 1390 годзе) прадаў частку Верхняга Пфальца імператару Карлу IV, а той за гэта падаў яму аднаму курфюрскую годнасць. У Залатой буле 1356 года пфальцграфы Рэйна былі ўключаны ў лік сямі імперскіх выбаршчыкаў. У 1386 годзе Рупрэхт заснаваў Гайдэльбергскі ўніверсітэт.

Яго пераемнікам зрабіўся пляменнік, сын Адольфа, Рупрэхт II (памёр у 1398 годзе). Сын і пераемнік апошняга, Рупрэхт III, быў выбраны ў 1400 годзе каралём Германіі пад імем Рупрэхт I, даказваючы тым самым, што Курпфальц адносіўся да ліку найважнейшых свецкіх тэрыторый імперыі.

У XV стагоддзі і першай палове XVI стагоддзя курфюрстамі Пфальца былі паслядоўна Людвіг III, Людвіг IV, Фрыдрых I Пераможны, Філіп, Людвіг V, Фрыдрых II і Ота Генрых. Са смерцю апошняга ў 1559 годзе спынілася старэйшая лінія і курфюрская годнасць дасталася Фрыдрыху III з малодшай (зімернскай) лініі.

Кіраванне зімернскай лініі

правіць
 
Герб рэйнскіх пфальцграфаў

Яго спадчыннікамі былі Людвіг VI, Фрыдрых IV і Фрыдрых V. У перыяд Рэфармацыі Курпфальц прыняў пратэстантызм, у сувязі з чым Фрыдрых V у 1619 годзе пагадзіўся прыняць прапанаваную яму мясцовымі пратэстантамі багемскую карону. Раз’юшаны імператар Фердынанд II канфіскаваў яго пфальцкія ўладання і курфюршскую годнасць, перадаўшы іх у 1623 годзе яго стрыечнаму брату, Максіміліяну I Баварскаму.

Правальная «багемская авантура» і параза ў Трыццацігадовай вайне, што рушыла за ёй і падчас якой краіне прыйшлося шмат пацярпець, сталі паваротным пунктам у гісторыі Курпфальца. Хоць па Вестфальскаму міру Курпфальц і быў захаваны, ранейшага значэння ён ужо ніколі больш не дасягаў. Сын Фрыдрыха V, Карл-Людвіг, атрымаў па Вестфальскаму міру назад Ніжні Пфальц, ізноў створанае (восьмае) званне курфюрста і пасаду Erzschatzmeister’a, а Верхні Пфальц, ранейшая курфюршская годнасць і Erztruchsessamt засталіся за Баварыяй.

Кіраванне нойбургскай лініі

правіць

Карл, сын Карла-Людвіга, быў апошнім з зімернскай лініі. Курфюрства і зямлі, якія належалі яму, перайшлі да яго стрыечнага брата, каталіка — пфальцграфа Нойбургскаму, Філіпа-Вільгельма ў 1685 годзе. Людовік XIV аспрэчыў наследаванне, прыкрываючыся правамі сваёй ятроўкі Лізелоты (дачкі Карла-Людвіга), і ўвёў у Пфальц французскія войскі, якія разбурылі рэзідэнцыю курфюрста. Разгарэлася вайна за пфальцкую спадчыну.

Філіп Вільгельм здолеў захаваць прастол. Яго спадчыннікам стаў сын, Іаган-Вільгельм, герцаг Юліха і Берга, які пасля смерці пфальцграфа Леапольда-Людвіга Фельдэнцскага атрымаў у 1694 годзе яго землі. Як Іаган-Вільгельм, так і яго брат і пераемнік, Карл-Філіп, памерлі бяздзетна; тады курфюрства перайшло да зульцбахскай лініі ў асобе Карла-Тэадора ў 1742 годзе.

Кіраванне зульцбахскай лініі

правіць
 
Пасля вайны за пфальцкую спадчыну курфюрст пераехаў са спустошанага непрыяцелем Гайдэльберга ў Мангеймскі палац

Насталы пасля смерці курфюрста Максіміліяна-Іосіфа Баварскага дынастычны крызіс выліўся ў вайну за баварскую спадчыну. У выніку баварскія ўладанні былі ў 1777 годзе злучаны з пфальцкімі, акрамя невялікай часткі, якая адышла да Аўстрыі. Пфальцкае курфюрства заняло зноў сваё ранейшае, пятае месца ў савеце курфюрстаў і атрымала зноў сваю пасаду Erztruchsess, а Erzschatzmeisteramt саступіла Вельфам.

Кіраванне біркенфельдскай лініі

правіць

Спадчыннікам Карла-Тэадора, які памёр бяздзетным, стаў у 1799 годзе герцаг Цвайбрукенскі, Максіміліян Іосіф, які, у сілу люневільскага міру 1801 года, павінен быў саступіць іншым князям (пераважна бадэнскаму і гесэн-дармштацкаму) правабярэжны Рэйнскі Пфальц, а землі, размешчаныя па левы бок Рэйна, перайшлі да Францыі. Германская медыятызацыя спыніла існаванне Курпфальца, яго тэрыторыя была падзелена.

Па парыжскіх мірных дагаворах 1814 і 1816 гадоў Германіі былі вернуты пфальцкія зямлі, якія ляжаць па іншы бок Рэйна; большую частку з іх атрымала Баварыя, астатнія — Гесэн-Дармштат і Прусія.

Гл. таксама

правіць

Крыніца

правіць
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).