Рэйхстаг (Свяшчэнная Рымская імперыя)
Рейхстаг (ням.: Reichstag — «дзяржаўны сход») — вышэйшы закона-дарадчы орган Свяшчэннай Рымскай імперыі. Папярэднікам рэйхстага ў якасці інстытута, які прадстаўляе інтарэсы палітычнай эліты імперыі, з’яўляўся гофтаг — надворны савет пры імператары, які ўзнік у XII стагоддзі. У рамках правядзення «імперскай рэформы» у 1495 годзе было дасягнута пагадненне паміж імператарам Максіміліянам I і вышэйшымі саслоўямі імперыі аб заснаванні рэйхстага як вышэйшага прадстаўнічага органа імперскіх саслоўяў з заканадаўчымі і судовымі функцыямі. Вестфальскім мірным дагаворам 1648 года паўнамоцтвы рэйхстага былі істотна пашыраны, у выніку чаго ён ператварыўся ў вярхоўны заканадаўчы орган улады і цэнтральны элемент усёй канстытуцыйна-прававой сістэмы Свяшчэннай Рымскай імперыі. З 1663 года рэйхстаг набыў пастаянны характар і да падзення імперыі ў 1806 годзе засядаў у Рэгенсбургу.
Структура
правіцьРэйхстаг складаўся з трох калегій:
- Савет курфюрстаў (ням.: Kurfürstenrat), у склад якога ўваходзілі курфюрсты імперыі (першапачаткова сем, к канцу XVIII стагоддзя — восем чалавек);
- Савет імперскіх князёў (ням.: Reichsfürstenrat), у склад якога ўваходзілі свецкія і духоўныя імперскія князі, кожны з якіх меў адзін голас, а таксама імперскія графы і імперскія прэлаты, якія валодалі, адпаведна, чатырма і двума калектыўнымі галасамі. Савет імперскіх князёў падзяляўся на курыі свецкіх (63 члена ў 1800 г.) і духоўных (37 членаў у 1800 г.) князёў;
- Савет гарадоў (ням.: Städterat), у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі свабодных імперскіх гарадоў (51 член у 1800 г.), аб’яднаных у дзве калегіі: Швабскую і Рэйнскую.
Парадак працы
правіцьСкліканне рэйхстага здзяйсняў імператар па ўзгадненню з курфюрстамі. Кола пытанняў, якія выносіліся на абмеркаванне рэйхстага, вызначаў імператар аднаасобна. Абмеркаванне і прыняцце рашэння ажыццяўлялася асобна па калегіях большасцю галасоў, прычым Савету курфюрстаў і Савету імперскіх князёў належаў вырашальны голас. Галасаванне было тайным. Рашэнне лічылася прынятым, калі яго аднагалосна падтрымалі ўсе тры калегіі і імператар. З 1663 г. рэйхстаг ператварыўся ў стала дзеючы орган, які засядаў у Рэгенсбургу.
Кампетэнцыя
правіцьУ кампетэнцыі рэйхстага знаходзіліся выданне агульнаімперскіх законаў, абвяшчэнне вайны і заключэнне міру, утварэнне і скасаванне імперскіх органаў кіравання і суда, скліканне і роспуск імперскай арміі, зацвярджэнне падаткаў і эканамічная палітыка, пытанні земскага міру і суіснавання розных рэлігійных канфесій. Пасля Вестфальскага міру рэлігійныя пытанні былі вынесены ў кампетэнцыю імперскай дэлегацыі па справах веры, якую на парытэтнай аснове фарміравалі прадстаўнікі каталіцкіх і пратэстанцкіх імперскіх саслоўяў, што выключыла магчымасць зрыву рэйхстага з-за канфесійнага супрацьстаяння.
Рэйхстаг меў ролю вярхоўнага органа саслоўнага прадстаўніцтва ў імперыі, быў адным з найважнейшых сувязных элементаў імперскай сістэмы і каналам вырашэння ўнутраных канфліктаў і супярэчнасцей[1]. Рэйхстаг таксама выконваў функцыі абмежавання імператарскай улады, а пасля Вестфальскага міру, які замацаваў статус рэйхстага як вышэйшага заканадаўчага органа імперыі, стаў цэнтрам інтэграцыйных працэсаў і апорным пунктам усёй імперскай канструкцыі[2].
Спіс рэйхстагаў
правіцьПералік рэйхстагаў Свяшчэннай Рымскай імперыі з 1495 года. Пра больш раннія імперскія соймы гл.: Гофтаг.
Год | Месца правядзення | Старшыня | Асноўныя рашэнні |
---|---|---|---|
1495 | Вормс | Максіміліян I | Сцвярджэнне «Імперскай рэформы» і земскага міру, заснаванне Імперскага камеральнага суда, увядзенне ўсеагульнага падатку («агульны пфеніг») |
1496/97 | Ліндау | Максіміліян I | Адмова выдаць субсідыі імператару, пастановы супраць раскошы і высылка цыган з Германіі |
1497/98 | Фрайбург | Максіміліян I | Адмова выдаць субсідыі імператару, закон аб вінаробстве і піваварстве |
1500 | Аўгсбург | Максіміліян I | Арганізацыя першых шасці імперскіх акруг, мерапрыемствы па падтрыманні земскага міру |
1505 | Кёльн | Максіміліян I | Урэгуляванне спрэчкі аб Ландсгуцкай спадчыне, адхіленне прапаноў па паглыбленні імперскай рэформы, адмова выдаць субсідыі |
1507 | Канстанц | Максіміліян I | Парадкаванне працэдуры фарміравання і парадку функцыянавання Імперскага камеральнага суда, выдача субсідый на паход імператара ў Італію для каранацыі |
1510 | Аўгсбург | Максіміліян I | Канфлікт паміж імперыяй і Даніяй пра статус Гамбурга, прызнанне Гамбурга свабодным імперскім горадам |
1512 | Трыр/Кёльн | Максіміліян I | Завяршэнне арганізацыі сістэмы імперскіх акруг |
1518 | Аўгсбург | Максіміліян I | Правал спробы забяспечыць абранне Карла Іспанскага рымскім каралём, адмова ад фінансавання вайны з туркамі, зняцце імперскай няміласці з Пфальца, выступленне Марціна Лютэра пасля закрыцця рэйхстага |
1521 | Вормс | Карл V | Выступленне Лютэра перад рэйхстагам, абвяшчэнне Вормскага эдыкта супраць Лютэра, заснаванне Імперскага ўрада, зацвярджэнне імперскага матрыкула і парадку ўдзелу саслоўяў у фінансаванні вайны з туркамі |
1522 | Нюрнберг | Фердынанд I | Абмеркаванне парадку выканання Вормскага эдыкта |
1522/23 | Нюрнберг | Фердынанд I | Забарона выдання лютэранскай літаратуры і прапаганды лютэранства |
1524 | Нюрнберг | Фердынанд I | Пацверджанне Вормскага эдыкта, імперскі закон аб гандлю |
1525 | Аўгсбург | Фердынанд I | Супакаенне Германіі пасля Сялянскай вайны, прыпыненне Вормскага эдыкта |
1526 | Шпаер | Фердынанд I | Фактычнае прыпыненне Вормскага эдыкта, прыцягненне імперскіх саслоўяў да вырашэння рэлігійнага канфлікту |
1529 | Шпаер | Фердынанд I | Аднаўленне дзеяння Вормскага эдыкта, Шпаерскі пратэст, асуджэнне анабаптызму |
1530 | Аўгсбург | Карл V | Правал спробы аднаўлення адзінства царквы, абвяшчэнне «Аўгсбургскія веравызнання» лютэран, «Тэтрапалітанскага веравызнання» цвінгліянінаў і каталіцкага «Аспрэчання», патрабаванне імператара рэсекулярызаваць царкоўную маёмасць |
1532 | Рэгенсбург | Карл V | Зацвярджэнне агульнаімперскага крымінальнага ўкладання (Constitutio Criminalis Carolina), выдача субсідый на вайну з туркамі, спыненне праследаванняў пратэстантаў |
1541 | Рэгенсбург | Карл V | Безвыніковы дыспут паміж каталікамі і лютэранамі |
1542 | Шпаер | Фердынанд I | Выдача субсідый на вайну з туркамі |
1542 | Нюрнберг | Фердынанд I | |
1543 | Нюрнберг | Фердынанд I | |
1544 | Шпаер | Карл V | Спыненне судовых працэсаў супраць пратэстантаў, фактычнае санкцыянаванне секулярызацыі, выдача субсідый на вайну з Францыяй і туркамі |
1545 | Вормс | Карл V | Безвыніковыя перамовы па пытанні рэформы царквы |
1546 | Рэгенсбург | Карл V | Безвыніковы багаслоўскі дыспут, імперская няміласць Гесэну і Саксоніі, падрыхтоўка Шмалькальдэнскай вайны |
1548 | Аўгсбург | Карл V | «Рэйхстаг у даспехах», Аўгсбургская часовая пастанова па канфесійных пытаннях, зяцвярджэнне агульнаімперскага паліцэйскага ўкладання, правал спроб рэфармавання імперыі, палажэнне аб Імперскім камеральным судзе, Бургундскі дагавор аб статусе Нідэрландаў, адхіленне цэхаў ад удзелу ў муніцыпалітэтах імперскіх гарадоў |
1550/51 | Аўгсбург | Карл V | Правал плана ратацыі імператарскага прастола паміж аўстрыйскай і іспанскай лініямі Габсбургаў, выгнанне цыган з Германіі, павышэнне стаўкі імперскага падатку («агульнага пфеніга»), манетная рэформа |
1555 | Аўгсбург | Фердынанд I | Аўгсбургскі рэлігійны мір, зацвярджэнне прынцыпу канфесійнага парытэту ў працы Імперскага камеральнага суда, перадача функцый падтрымання земскага міру імперскім акругам |
1557 | Рэгенсбург | Фердынанд I | Пацверджанне рэлігійнага міру, пратэст лютэран супраць «Духоўнай абмоўкі», выдача субсідый для вайны з туркамі |
1559 | Аўгсбург | Фердынанд I | Выдача субсідый для вайны з туркамі, манетная рэформа |
1566 | Аўгсбург | Максіміліян II | Прызнанне дэкрэтаў Трыдэнцкага сабору, выдача субсідый для вайны з туркамі, фактычнае прызнанне кальвінізму, уніфікацыя грашовай сістэмы, апала супраць Вільгельма фон Грумбаха |
1567 | Рэгенсбург | Максіміліян II | Выдача субсідый для вайны з туркамі, пакрыццё расходаў на прыгнечанне паўстання Грумбаха |
1570 | Шпаер | Максіміліян II | Правал ваеннай рэформы, закон аб кнігадрукаванні, урэгуляванне спрэчкі аб саксонскай спадчыне паміж эрнесцінскай і альбертынскай лініямі Ветынаў |
1576 | Рэгенсбург | Максіміліян II | Абмеркаванне «Духоўнай абмоўкі», смерць імператара Максіміліяна II |
1582 | Аўгсбург | Рудольф II | Выдача субсідый для вайны з туркамі, забарона пераходу права голасу біскупстваў у рэйхстагу пасля іх секулярызацыі да пратэстанцкіх адміністратараў, забарона імперскім гарадам змяняць канфесію, вызначэнне статусу старых і новых імперскіх князёў |
1594 | Рэгенсбург | Рудольф II | Выдача субсідый для вайны з туркамі, роспуск візітацыйнай камісіі Імперскага камеральнага суда |
1597/98 | Рэгенсбург | Рудольф II | Выдача субсідый для вайны з туркамі, стварэнне камітэта рэйхстага для рэвізіі судовых актаў Імперскага камеральнага суда |
1603 | Рэгенсбург | Рудольф II | Выдача субсідый для вайны з туркамі, адмова зацвердзіць прысуд пра рэстытуцыю чатырох секулярызаваных манастыроў у Швабіі |
1608 | Рэгенсбург | Рудольф II | Адмова зацвердзіць рашэнне аб перадачы Донаўвёрта Баварыі, зрыў рэйхстага курфюрстам Пфальцскім, фарміраванне Евангелічнай уніі і Каталіцкай лігі |
1613 | Рэгенсбург | Маціяс | Зрыў рэйхстага з-за супярэчнасцей паміж каталікамі і пратэстантамі |
1640/41 | Рэгенсбург | Фердынанд III | Падрыхтоўка Вестфальскага мірнага дагавора, увядзенне неабходнасці абавязковага зяцвярджэння рэйхстагам рашэнняў імператара аб дараванні статусу імперскага саслоўя |
1653/54 | Рэгенсбург | Фердынанд III | Апошняе пасланне да імперыі, узвядзенне палажэнняў Вестфальскага мірнага дагавора ў ранг імперскага канстытуцыйнага закона, зяцвярджэнне новага працэсуальнага ўкладання Імперскага камеральнага суда |
1663-1806 | Рэгенсбург | Пастаянны рэйхстаг |
Крыніцы
правіць- ↑ Прокопьев А. Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002
- ↑ Schindling 1980.
Літаратура
правіць- Брайс Дж. Священная Римская империя. — М., 1891.
- Всемирная история. Т. 3-5 — М., 1957.
- Прокопьев А Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002. ISBN 5-93762-014-3.
- Шиндлинг А., Циглер В. Кайзеры. — Ростов-на-Дону, 1997. ISBN 5-222-000222-2
- Angermeier H. Reichsreform 1410—1555. — München, 1984. ISBN 3-406-30278-5.
- Hartmann P. C. Das Heilige Römische Reich deutscher Nation in der Neuzeit 1486—1806. — Stuttgart 2005. ISBN 3-15-017045-1.
- Prietzel M. Das Heilige Römische Reich im Spätmittelalter, Darmstadt, 2004. ISBN 3-534-15131-3
- Anton Schindling: Der Westfälische Frieden und der Reichstag, in: Hermann Weber (Hrsg.), Politische Ordnungen und soziale Kräfte im Alten Reich (= Veröffentlichungen des Instituts für Europäische Geschichte Mainz, Beiheft 8). Wiesbaden 1980, S. 113–153.