Секулярызацыя (гісторыя)
Секулярыза́цыя (фр.: sécularisation ад познелац.: saecularis — свецкі) — адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканамічнай магутнасці і палітычнай ролі царквы ў дзяржаве.
Гістарычны нарыс
правіцьУпершыню тэрмін «секулярызацыя» быў ужыты ў XVII стагоддзі і азначаў перадачу зямельных уладанняў з царкоўнага ў свецкае кіраванне. Сам працэс праходзіў і раней: пры ўтварэнні цэнтралізаваных нацыянальных дзяржаў з дапамогай секулярызацыі свецкая ўлада вызвалялася ад царкоўнага заступніцтва і ўмацоўвала дзяржаўныя фінансы за кошт духавенства.
- У Франкскай дзяржаве Карл Мартэл правёў секулярызацыю ў 1-й палове VIII стагоддзя і раздаў канфіскаваныя землі знаці.
- У Візантыі секулярызацыя праводзілася шмат разоў. Так, у 1058 годзе Ісак I канфіскаваў частку манастырскіх зямель, а канстанцінопальскі патрыярх Міхаіл Кіруларый быў у канцы 1058 г. зрынуты і сасланы.
- У эпоху Рэфармацыі прайшла маштабная секулярызацыя ў Заходняй Еўропе. Ужо ў XIV—XV стагоддзях Джон Уікліф і Ян Гус патрабавалі секулярызацыі, а ў XVI ст. свецкія феадалы падтрымалі Лютэра. Нямецкія князі, якія падтрымалі Рэфармацыю, правялі секулярызацыю пасля Сялянскай вайны 1524—26 гадоў.
- У Швецыі рашэнне пра секулярызацыю ўладанняў каталіцкай царквы было прынята Густавам Вазам на пасяджэнні рыксдага ў Вестэросе ў 1527 г. Яно было выклікана неабходнасцю паляпшэння фінансавага становішча дзяржавы пасля вайны за незалежнасць[1] .
- З распаўсюджваннем цвінгліянства і кальвінізму ў швейцарскіх кантонах там прайшла секулярызацыя.
- Нідэрландская рэвалюцыя XVI ст. перадала царкоўныя землі буржуазіі.
- Падчас Рэфармацыі ў Англіі ў 1536—39 гг. секулярызаваныя землі перайшлі да буржуазіі і джэнтры, спрыяючы першапачатковаму накапленню капіталу[2].
- У XVII ст. Англійская рэвалюцыя прывяла да арданансаў 1646 г. аб ліквідацыі архібіскупстваў і біскупстваў і секулярызацыі іх зямель.
- У 2-й палове XVIII стагоддзя ўмацаванне асветнага абсалютызму ўключала секулярызацыю, праведзеную ў Аўстрыі Іосіфам II, a у Партугаліі — С. Ж. Памбалам.
- Вялікая французская рэвалюцыя па дэкрэце ад 2 лістапада 1789 нацыяналізавала царкоўна-манастырскія землі ў Францыі. Падчас напалеонаўскіх заваяванняў секулярызацыя адбывалася па ўсёй заходняй Еўропе, у тым ліку ў Італіі. Люневільскі мір у 1801 годзе даў магчымасць секулярызаваць царкоўныя княствы ў Германіі.
- Падчас аб'яднання Італіі секулярызацыя праводзілася ў 1855 і 1866 гадах, з ліквідацыяй Папскай вобласці ў 1870 г.
- У Расійскай імперыі, у выніку секулярызацыйнай рэформы 1764 г. асноўная частка манастырскіх зямель перайшла да дзяржавы (што стала крыніцай з'яўлення большай часткі дзяржаўных сялян); у XIX ст. урад Расійскай імперыі таксама праводзіў секулярызацыю вакуфаў у сярэднеазіяцкіх уладаннях імперыі.
Беларусь
правіцьНа Беларусі ажыццяўлялася ў XVIII — пач. XX ст. у Расійскай імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у праваслаўнай царквы населеныя маёнткі ў 1760-я гг. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і уплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць расійскай улады.
Канфіскацыі ў 1770—1790-я гг. закранулі частку царкоўных маёнткаў (больш за 40 тысяч рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 годзе быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 год у паезуіцкіх маёнтках на тэрыторыі заходняй і цэнтральнай Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў.
Ва ўсходняй Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Расійскай імперыі паводле Указа 1820 года. Палажэннем Кабінета міністраў і Указам Сената ад 13 красавіка 1822 года 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной.
Карэнны пералом у адносінах царызму да царкоўнай маёмасці ў заходніх губернях настаў пасля паўстання 1830—1831 гадоў з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19 ліпеня 1832 ад ліквідацыі некамплектных, што не мелі поўнага складу манахаў, рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 годзе на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губерні ў 1833 і 1834 гг. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе ў рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі 1834 года ў пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы.
25 снежня 1841 года падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзяржаўную маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага праваслаўнага і іншавернага духавенства заходніх губерняў; 10 мая 1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28 лютага 1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 годзе ў 5 беларускіх губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губерню. Асноўная маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо праваслаўная царква мела параўнальна невялікую колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найбольшую колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў.
Рэшткі царкоўных уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.
Зноскі
- ↑ Мейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.
- ↑ К. Маркс, Капитал, т. 1, 1973, с. 725—73
Літаратура
правіць- Катляроў І. В., Сосна У. А. Секулярызацыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 303. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).