Алесь Ставер
Алесь (Аляксандр Сяргеевіч) Ставер (10 жніўня 1929, в. Маргавіца, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць — 23 ліпеня 1995) — беларускі паэт, празаік, драматург.
Алесь Ставер | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 10 жніўня 1929 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 ліпеня 1995 (65 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, пісьменнік, перакладчык, паэт, дзіцячы пісьменнік |
Жанр | лірыка |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Біяграфічныя звесткі
правіцьНарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вясной 1944 падчас блакады партызанскага краю згубіў бацьку і братоў, быў вывезены фашыстамі ў Германію. Вярнуўся дамоў у 1945. У 1949 скончыў Барысаўскае педвучылішча. Працаваў старшым піянерважатым і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Бягомльскай сярэдняй школе. У 1954 скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў інспектарам школ Лагойскага РАНА, літсупрацоўнікам газеты «Калгасная праўда», рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, загадчыкам літаратурнай часткі Белдзяржфілармоніі, навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1975-84 - карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1962.
Загінуў у аўтакатастрофе 23 ліпеня 1995. Пахаваны ў Мінску.
Творчасць
правіцьЗ вершамі выступіў у друку ў 1949 (барысаўская раённая газета «Бальшавіцкая трыбуна»). У 1959 выйшаў з друку першы зборнік яго вершаў «Золак над Бярозай». А. Ставер аўтар паэтычных зборнікаў «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць…» (1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (1979), «Зоры зямныя» (1989). Пісаў таксама для дзяцей (зборнікі «Касцёр не гасне», 1961; «Пад вясёлкавай дугой», 1984). Многія вершы паэта пакладзены на музыку і сталі вядомымі, папулярнымі песнямі: «Колас, ты мой колас» (музыка М. Чуркіна), "Вячэрні вальс (музыка Г. Вагнера), «Дзе ты, маё шчасце?» (музыка Р. Бутвілоўскага), «Канікулы», «Яркі месяц», «Песня пра Якуба Коласа» (музыка І. Кузняцова), «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Песня пра раку Бярозу», «Дзіянка» (музыка І. Лучанка), «Нікагусенькі няма», «Косіць хлопец канюшыну» (музыка М. Пятрэнкі), «А мне ў шчасце верыцца», «Юная бярозка» (музыка Ю. Семянякі), «Беларусачка» (музыка Ю. Семянякі і А. Хлімановіча) і шмат іншых. У 1983 г. выдадзены зборнік песень «Мой край беларускі».
Аб перажытым у гады вайны А. Ставер расказаў у рамане «Пад канвоем» (1969). Ён выдаў дзве кнігі аб партызанскай барацьбе «Да сваіх» (1974) і «Лясныя аповесці» (1986). Напісаў лірычную камедыю «Алімпіяда Салодкая» і п’есу «Слова не верабей» (абедзве пастаўлены ў 1977). Вершы А. Ставера перакладзены на многія мовы (балгарскую і польскую і інш.).
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., 2004.
- Ста́вер Алесь (Аляксандр Сяргеевіч) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 126. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
правіць- Творы на knihi.com Архівавана 16 мая 2012.
- Ставер Алесь (Аляксандр Сяргеевіч) на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»