Алесь (Аляксандр) Юршэвіч (1 студзеня 192826 сакавіка 2007) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра і адзін з утваральнікаў глыбоцкай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП).[1]

Алесь Юршэвіч
Дата нараджэння 1 студзеня 1928(1928-01-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 сакавіка 2007(2007-03-26) (79 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Іван
Дзеці Віктар, Алена
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 1 студзеня 1928 г., у в. Курылавічы Дзісенскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка, цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласці). Вучыўся ў Янзенскай школе.

У Другую сусветную вайну пасля адыхода немцаў працягнуў вучобу ў Глыбоцкай СШ №1, дзе падчас навучання прапанаваў сваім сябрам з Глыбоцкага педагагічнага вучылішча стварыць падпольную арганізацыю на ўзор Таварыства філаматаў, каб «разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў сярод астатніх». Гэта было выклікана ў тым ліку і татальнай русіфікацыяй школы: «Руская мова дзяржаўная. Яе павінны ведаць і разумець усе. Вы кажаце, патрэбна Беларуская. Навошта яна, калі мясцовае насельніцтва добра разумее па-руску» — гэтак Алесь Юршэвіч пазней успамінаў словы настаўніка гісторыі Беларусі, які размаўляў і навучаў па-руску. Таму Алесь Юршэвіч збліжаецца з Васілём Мядзельцам і Антонам Фурсам, наладжвае кантакты з навучэнцамі школы і Глыбоцкай педагагічнай навучальні. Разам з сябрамі стварае Саюз беларускіх патрыётаў, складае тэкст прысягі сяброў СБП, якая грунтавалася на маральных абавязках: «Я, уступаючы ў Саюз беларускіх патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і беларускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасці Беларусі. Калі ж па слабасці сваёй або па злому намеру я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай смерцю здрадніка Радзімы». Разам з Васілём Мядзельцам і Антонам Фурсам распрацоўвае праекты Праграмы і Статуту СБП, прынімае актыўны ўдзел у арганізацыі ўрачыстай прысягі сяброў СБП, якая адбылася 25 сакавіка 1946 г. на кватэры Лідзіі Несцяровіч.

З верасня 1946 г. распачаў навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску. У лютым 1947 года савецкія спецслужбы пачалі арышты ўдзельнікаў арганізацыі, да гэтага спрычынілася тое, што да пастаўскай групы СБП ўвайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваўшы сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі падштурхоўваў да тэрарызму. Алесь Юршэвіч быў арыштаваны на пачатку 1947 г. Асуджаны ў Мінску ваенным трыбуналам войскаў МВД Беларускай Вайсковай Акругі 20 чэрвеня 1947 г.: як і Васіль Мядзелец, Мікола Асіненка і Валянцін Лагунёнак, быў засуджаны да смяротнай кары, але ў сувязі з тым, што смяротная кара паводле ўказу прэзідыўму ВС СССР ад 20 мая 1947 г. была адмененая, пакаранне было заменена на 25 гадоў пазбаўлення волі ў савецкіх канцлагерах і 5 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх праў. Тэрмін адбываў у Кемераўскай вобласці.

Вызвалены ў 1956 г. падчас «хрушчоўскай адлігі». Пасля вяртання на радзіму адчуваў ціск з боку ўладаў. Жыў у Мёрах, працаваў будаўніком і дапамагаў усім былым эсбээмаўцам. Алеся Юршэвіча так успамінала сяброўка па СБП Марыя Бялевіч: «Пасля таго, як ён вызваліўся, мы былі вельмі добрымі сябрамі. Заўсёды прыязджаў, заўсёды цікавіўся… Калі было кепска каму, ён дапамагаў… Стараўся дастаць лекі… Вельмі добры, шчыры, сумленны чалавек». Рэабілітаваны ў 1992 г.

Памёр 26 сакавіка 2007 г. пасля цяжкай і працяглай хваробы. Пахаваны ў Мёрах на гарадскіх могілках. Старшыня культурна-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак успамінала пра Алеся Юршэвіча: «Гэта чалавек вельмі адукаваны, вельмі разумны. Ён увесь час марыў у гонар сваіх загінулых сяброў пасадзіць у Курапатах алею каштанаў. Летась увесну ён гэта здзейсніў».

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154948.html Біяграфія Алеся Юршэвіча

Літаратура правіць

  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 24, 34, 36, 38, 48, 52, 53, 66, 68, 159, 167, 284, 287, 288, 320, 340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
  • Раманава, Ірына, і Сяргей Хоміч. Адаптацыя былых рэпрэсіраваных да вольнага жыцця // Homo historicus: Гадавік антрапалагічнай гісторыі. 2008. С. 108-109, 114, 119-123.

Спасылкі правіць

Гл. таксама правіць