Аляксандр Незабытоўскі
Аляксандр Крыштаф Ян Незабытоўскі (польск.: Aleksander Krzysztof Jan Niezabytowski; 2 кастрычніка 1819 — 21 сакавіка 1849) — пісьменнік, філосаф, гісторык.
Аляксандр Незабытоўскі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 2 кастрычніка 1819[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 сакавіка 1849[1] (29 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Крыштаф Незабытоўскі[d] |
Маці | Канстанцыя з Райскіх[d] |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | публіцыст, пісьменнік, філосаф, гісторык |
Біяграфія
правіцьПаходзіў са шляхецкага роду Незабытоўскіх герба «Любіч». Сын Крыштафа Незабытоўскага і Канстанцыі з Райскіх[2].
Нарадзіўся 2 кастрычніка 1819 года ў в. Смалічы Слуцкага павета (паводле іншых звестак 15 верасня 1818 года ў в.Зубкава Навагрудскага раёна) у сям’і прэзідэнта Мінскага губернскага межавога суда Хрыстафора Незабытоўскага[3].
Вучыўся ў прыватных пансіёнах у Варшаве, у 1835—1838 гадах на матэматычным факультэце Дэрпцкага ўніверсітэта. У 1839—1842 гадах служыў у канцылярыі Ігуменскага маршалка. У 1844—1847 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. Гэта падарожжа ім было зроблена дзеля лячэння, знаёмства са славутымі мясцінамі Міжземнамор’я і авалодання замежнымі мовамі. Але перш за ўсё ён меў намер надрукаваць за мяжой свае рукапісы (нелегальна правёз ix праз мяжу), каб давесці свету свае погляды на жыццё, на актуальныя грамадска-палітычныя і эканамічныя праблемы, выступіць у абарону дэмакратыі і нацыянальна-вызваленчай барацьбы прыгнечаных народаў царскай Расіі[3].
Незабытоўскі выдаў ананімна 2 кнігі ў Вільні і 5 у Парыжы (яго аўтарства ўстаноўлена толькі ў 1960). Таленавіты публіцыст і празаік, дасціпны крытык і ўдумлівы філосаф, ён выступіў у сваіх творах як перакананы дэмакрат і заўзяты вораг дэспатызму і царскай манархіі, смелы вальнадумец і атэіст. Незабытоўскі заклікаў народ на барацьбу супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога. Шырокі водгалас меў крытычны нарыс Незабытоўскага на курс лекцый А. Міцкевіча «Славянскія літаратуры», дзе ён упершыню выступіў супраць клерыкальна-месіянскіх ідэй паэта, а таксама супраць кансерватыўна-рамантычнай плыні ў тагачаснай польскай паэзіі. Незабытоўскі — аўтар кнігі мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечанай паўстанню 1830—1831 гадоў, у якой ён называў сябе ліцвінам (беларусам)[3].
За спробу перавезці з-за мяжы свае і чужыя нелегальныя выданні Незабытоўскі быў арыштаваны, сядзеў у пінскай, мінскай і віленскай турмах, засуджаны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках. Памёр да выканання прыгавору[3] ў Вільні.
Творы
правіць- Rozamunda. Wilno, 1844; Barbara. Wilno, 1844; Jadwiga. Paryż, 1845;
- Reves d’amour, de gloire et de liberte. Paris, 1845;
- Katarzyna Wielka. Paryż; 1846.
Крыніцы
правіць- ↑ а б Sejm-Wielki.pl — 2002. Праверана 28 кастрычніка 2023.
- ↑ Аляксандр Незабытоўскі ў генеалагічнай базе даных Sejm-Wielki.pl
- ↑ а б в г Незабытоўскі Аляксандр // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
Літаратура
правіць- Незабытоўскі Аляксандр // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
- Александровіч С. Х. Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі: З гісторыі бел.пол. літ. і грамад.паліт. сувязей у 40я гады XIX стагоддзя. Мн., 1975.