Польская літаратура

Гісторыя правіць

Літаратура дахрысціянскага перыяду амаль не захавалася. Старажытная польская літаратура (966 — пачатак XIX ст.) падзяляецца на некалькі перыядаў: Сярэднявечча, Адраджэнне (Рэнесанс), барока, Асветніцтва.

Сярэднявечча правіць

Літаратура Сярэднявечча (XIXV стст.) развівалася на лацінскай мове пад уплывам каталіцтва. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да XI стагоддзя. Асноўныя жанры: казанні, малітвы, жыціі. Вялікую ролю ў станаўленні польскай літаратуры адыгралі летапісы і гістарычныя хронікі (Гал Ананім, Вінцэнты Кадлубак). Адметнай была «Велікапольская хроніка» Гадзіслава Башкі[ru] (?, XIV ст.), які выкарыстаў старажытна славянскае паданне пра Леха, Чэха, Руса (прабацькоў палякаў, чэхаў і ўсходніх славян) і заходне-еўрапейскі эпас. Важную ролю ў развіцці польскай культуры адыграў Кракаўскі ўніверсітэт. Найбольш значны твор — 6-томная «Гісторыя Польшчы» Яна Длугаша. Разам з вучонай лацінскай літаратурай узнікла літаратура на польскай мове: з сярэдзіны XIII стагоддзя рэлігійнага зместу (пераклады, гімны[ru]), з XV стагоддзя  — паўсвецкага і свецкага характару («Верш пра паводзіны за сталом»[pl] П. Слоты[pl], дыялогі).

Адраджэнне правіць

 
Мікалай Рэй
 
Ян Каханоўскі, буйнейшы паэт польскага Адраджэння

У эпоху Адраджэння (XVI ст.) пашырыліся ідэі гуманізму і Рэфармацыі. У цэнтры новай культуры — Кракаве — наладжана кнігадрукаванне перакладаў з лацінскай, чэшскай і нямецкай моў першых падручнікаў па польскай арфаграфіі (Якуб Паркашовіц[ru]) і граматыцы (П. Статорыус-Стаенскі[ru]). Працы Мікалая Каперніка і Анджэя Маджэўскага-Фрыча паўплывалі на развіццё сусветнай навукі і грамадскую думку. Побач з лацінскай паэзіяй (Клеменс Яніцкі[ru]) ствараліся арыгінальныя творы на польскай мове, дзе закраналіся палітычныя, сацыяльныя, рэлігійныя і бытавыя праблемы. Мікалай Рэй у «Кароткай гутарцы[pl]» (1543) і «Зярцале[pl]» (1568) адстойваў палітычныя інтарэсы шляхты, але выступаў і ў абарону сялян, праслаўляў рэнесансавыя ідэалы. Буйнейшым паэтам польскага Адраджэння быў Ян Каханоўскі, які заклаў асновы нацыянальнай паэзіі.

На мяжы XVIXVII стст. росквіту дасягнула гарадская літаратура: творы прадстаўнікоў адукаванага, заможнага мяшчанства (Себасцьян Фабіян Кляновіч[ru], Шыман Шымановіч[ru]) і т.зв. савізжальская[pl], мяшчанска-плебейская літаратура (гумарэскі, песні, драматычныя сцэнкі, інтэрмедыі).

Барока правіць

XVII — сярэдзіна XVIII ст. — перыяд польскага барока[be-x-old]. У выніку феадальнай анархіі, спусташальных войнаў, аслаблення ўплыву шляхты ў літаратуры ўзмацніліся песімістычныя тэндэнцыі, уплыў мастацтва Іспаніі, Італіі, Францыі. Вядучае месца заняла творчасць прыдворных пісьменнікаў (тэарэтык Мацей Казімір Сарбеўскі, паэт і перакпадчык Ян Анджэй Морштын, драматург Станіслаў Любамірскі[pl]). Шляхецкую літаратуру прадстаўлялі паэт В. Патоцкі, празаік Веспасіян Кахоўскі[ru], мемуарыст Ян Хрызастом Пасек[be-x-old].

Эпоха Асветніцтва правіць

 
Войцех Багуслаўскі, бацька нацыянальнай сцэны

Літаратура эпохі Асветніцтва (2-я палова XVIII — пачатак XIX ст.) адлюстравала працэс перабудовы грамадства, звязаны з ліберальнымі рэформамі. Узніклі літаратурна-мастацкія і грамадска-палітычныя часопісы, створаны публічная бібліятэка і нацыянальны тэатр[ru] (1765), актывізаваліся выдавецкая дзейнасць і кнігадрукаванне. Правадніком новых ідэй стала драматургія («бацька нацыянальнай сцэны» Войцех Багуслаўскі, Юльян Урсын Нямцэвіч).

Класіцызм правіць

 
Ігнацы Красіцкі, стваральнік першага польскага асветніцкага рамана

Пісьменнікі-класіцысты Ігнацы Красіцкі (стваральнік першага польскага асветніцкага рамана), Адам Нарушэвіч, Станіслаў Трамбецкі, Францішак Заблоцкі, Томаш Каэтан Венгерскі[ru] ў сатырычных і іроікамічных паэмах, байках, камедыях, памфлетах выкрывалі абмежаванасць і заганы магнатаў, манаскія ордэны, прыхільнікаў старых парадкаў.

Сентыменталізм правіць

Развівалася паэзія ракако і сентыменталізму (Францішак Дыянізы Князьнін, Францішак Карпінскі). На мяжы XVIIIXIX стст. з’явілася група пісьменнікаў-«псеўдакласікаў», якія знаходзіліся пад уплывам заходне-еўрапейскай літаратуры (Алойзы Фялінскі[ru], Казімеж Брадзінскі[ru], Юльян Урсын Нямцэвіч). Літаратура XIX ст. развівалася ва ўмовах нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту з боку рускага царызму, аўстрыйскай і нямецкай манархій. На яе развіццё паўплывала паўстанне дзекабрыстаў (1825), нацыянальна-вызваленчыя паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і Літве 1830—1831, 1863—1864.

Рамантызм правіць

 
Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг. Валянцін Ваньковіч, 1827-1828
 
Юльюш Славацкі

Рамантычны кірунак у літаратуры звязаны з творчасцю Адама Міцкевіча, які ўвёў новага героя — простага чалавека з яго мовай, паэзіяй, ідэаламі. Творы паэта прасякнуты народнасцю, рэвалюцыйна-вызваленчымі ідэямі, лірычнымі ўспамінамі пра «малую айчыну» — Навагрудчыну. Вострым пачуццём трывогі за лёс Польшчы вызначалася паэзія Юльюша Славацкага — заснавальніка рамантычнай драмы. Мальераўскія традыцыі развіваў Аляксандр Фрэдра[ru], да гістарычнай хрысціянскай праблематыкі звяртаўся Зыгмунт Красінскі, вылучалася інтэлектуальна багатая лірыка Цыпрыяна Каміля Норвіда. У цыкле раманаў пра айчынную гісторыю Юзафа Ігнацыя Крашэўскага (заснавальніка польскай рэалістычнай прозы), творах Юзафа Кажанёўскага[ru], Уладзіслава Сыракомлі выявіліся антыпрыгонніцкія настроі.

Рэалізм правіць

 
Эліза Ажэшка
 
Генрык Сянкевіч

Пасля паражэння паўстання 1863—1864 гадоў пачаўся новы этап у развіцці польскай літаратуры: узмацніліся яе сувязі з грамадскім рухам. Літаратура зазнала ўплыў пазітывізму (прапагандавалася арган. праца і разважлівы стасунак да жыцця, увага да сацыяльнай праблематыкі, асветніцкая дзейнасць сярод сялянства). Гэта сцвярджала прынцыпы рэалізму і ўзмацняла ролю публіцыстыкі. 3 твораў Э. Ажэшкі пачаўся росквіт польскага рэалістычнага рамана. Галощная тэма сацыяльнай паэзіі Марыі Канапніцкай — цяжкая доля народа; праблемам сацыяльнага расслаення грамадства прысвечана творчасць Баляслава Пруса; майстрам гістарычнай эпікі з моцнай патрыятычнай тэндэнцыяй быў Генрык Сянкевіч.

Найноўшы час правіць

 
Станіслаў Выспянскі

Канец XIX — пач. XX ст. адзначыўся прынцыповымі зменамі ў развіцці польскай літаратуры. Гэты перыяд вядомы пад назвай «Маладая Польшча[ru]». Актывізаваліся рэалістычныя тэндэнцыі і прыёмы псіхалагізацыі, побач з імі ў складаным узаемадзеянні развіваліся мадэрнісцкія плыні. Галоўнае месца заняла паэзія (Казімеж Тэтмаер, Ян Каспровіч[ru], Баляслаў Лесьмян). Аднавіў класіцыстычныя традыцыі Леапольд Стаф. Сацыяльнай завостранасцю і глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека вылучыліся творы Стэфана Жаромскага. Пра разбуральныя ўплывы цывілізацыі, праблемы мастацтва і творцы пісаў Вацлаў Берант[ru]. Тэма сялянства і сацыяльнага расслаення вёскі — галоўныя ў творчасці Уладзіслава Рэйманта, тэма рэвалюцыі — у творах Анджэя Струга[ru], Зоф’і Налкоўскай. Драмы Станіслава Выспяньскага, Тадэвуша Міцінскага[ru] адметныя метафарычнасцю і глыбінёй філасофскага абагульненняў, перапляценнем сімволікі, фантастыкі і рэальнасці.

Пасля атрымання Польшчай незалежнасці ў 1918 годзе ў яе літаратуры ішла вострая ідэалагічная барацьба. Частка пісьменнікаў выступала ў абарону новага ладу і імкнулася да актывізацыі сувязей з культурамі краін Заходняй Еўропы. Уплывала на літаратуру і каталіцтва. Аднак развіццё літаратуры вызначалі дэмакратычныя і рэалістычныя тэндэнцыі. У паэзіі 1920-х гг. адбывалася ідэйна-эстэтычная дыферэнцыяцыя. У абарону «класічных» традыцый пад лозунгам «паэзіі будзённасці» выступіла група «Скамандр» (Юльян Тувім, Ярослаў Івашкевіч[ru], Антоні Сланімскі[ru]).

Авангардныя групоўкі прадстаўлены творчасцю Бруна Ясенскага[ru], Юльяна Пшыбася[ru], Тадэвуша Пэйпера[ru]. Вакол часопіса «Kultura Robotnicza[pl]» («Рабочая культура») групаваліся прыхільнікі «пралетарскай культуры» (Уладзіслаў Бранеўскі, Бруна Ясенскі). У сацыяльна-палітычнай прозе з выкрывальнай накіраванасцю адлюстраваны складаныя праблемы пасляваеннага жыцця (раманы Стэфана Жаромскага, Зоф’і Налкоўскай, Анджэя Струга, Юльюша Кадэн-Бандроўскага[ru]). У драмах Станіслава Ігнацыя Віткевіча назіраліся гратэскава-сатырычныя тэндэнцыі.

Адметная рыса літаратуры 1930-х гг. — росквіт рамана: сацыяльнага-псіхалагічнага (Марыя Дамброўская, Зоф’я Налкоўская), псіхалагічнага (М. Кунцэвіч, Адольф Рудніцкі[pl]), гістарычнага (Леан Кручкоўскі[ru], Ярослаў Івашкевіч, Зоф'я Косак-Шчуцкая[ru]), рэвалюцыйна-пралетарскага (Ванда Васілеўская[ru], Леан Кручкоўскі). Развівалася проза «малога рэалізму» і дакументалізму (Поля Гаявічынская[ru], Збігнеў Унілоўскі[pl]). Блізкай да літаратуры натуралізму была група «Прадмесце[en]» (19331937), прадстаўнікі якой паводле прынцыпаў «літаратуры факту» паказвалі жыццё пралетарыяту, сялянства, дэкласаванай часткі грамадства (Гэлена Багушэўская[ru], Ежы Карнацкі[ru], Густаў Марцінак[ru]). Ідэі катастрафізму выявіліся ў творчасці Станіслава Ігнацыя Віткевіча, Юльяна Тувіма, Юльяна Пшыбася, Уладзіслава Бранеўскага, а таксама ў гратэскава-сатырычнай прозе прадстаўнікоў маладога пакалення (Вітальд Гамбровіч, Бруна Шульц). У драматургіі назіраліся тэндэнцыі сімвалізму і псіхалагізму (Ежы Шаняўскі, Зоф’я Налкоўская).

Другая сусветная вайна і пасляваенныя гады правіць

 
Віслава Шымборска
 
Вольга Такарчук

У гады Другой сусветнай вайны пераважалі канспіратыўныя перыядычныя выданні, малыя формы дакументальнай прозы і паэзія (Кшыштаф Каміль Бачынскі, Леапольд Стаф, Мірослаў Жулаўскі[ru]). У эміграцыі вьшавалі свае творы Юльян Тувім, Уладзіслаў Бранеўскі, Антоні Сланімскі (на Захадзе), Ванда Васілеўская, Люцыян Шэнвальд[ru], Ежы Путрамант (у СССР). У першыя пасляваенныя гады вядучая роля належала рэалістычнай прозе пра вайну, акупацыю, барацьбу польскага народа супраць фашызму (творы Зоф’і Налкоўскай, Войцеха Жукроўскага[ru], Ежы Путраманта, Ярослава Івашкевіча, Ежы Анджаеўскага). Асобнае месца займала «лагерная» тэматыка (Севярына Шмаглеўская[ru], Зоф’я Налкоўская, Крыстына Жывульская[ru], Тадэвуш Бароўскі). Вылучыліся творы, якія адлюстроўвалі складанасць жыцця ў гістарычных і сацыяльна-псіхалагічных аспектах (Казімеж Брандыс[ru], Ігар Неверлі, Марыя Дамброўская, Вільгельм Мах[ru], Тадэвуш Голуй), цыкл раманаў-біяграфій пра дзеячаў польскай гісторыі і культуры (Мячыслаў Яструн[ru], Ежы Брашкевіч[ru]). Развіццё паэзіі звязана з творчасцю Канстантыя Галчынскага[ru], Уладзіслава Бранеўскага, Юльяна Пшыбася, Мячыслава Яструна.

У драматургіі пераважала «лагерная» і антыфашысцкая тэматыка (Леан Кручкоўскі, Тадэвуш Голуй, Стэфан Атвіноўскі[pl]), авангардная плынь прадстаўлена творамі Вітальда Гамбровіча, Ежы Шаняўскага. Пасля 1956 года пачаўся новы этап у развіцці польскай літаратуры: адчувалася яе большая адкрытасць, цікавасць да пытанняў этыкі, палітыкі, гістарычнай і сацыяльнай абумоўленасці асобы. Барацьба са стэрэатыпамі мыслення і ўвага да ўнутранага свету чалавека спрыялі росквіту жанру эсэ (Тадэвуш Брэза[ru], Казімеж Брандыс[ru], Адольф Рудніцкі[pl]). Узмацнілася інтэлектуалізацыя прозы, яе мастацкае і жанравае абнаўленне (Юльян Кавалец[pl], Ярослаў Івашкевіч, Марыя Дамброўская). Багаццем фальклорна-алегарычных сродкаў адметныя творы Тадэвуша Новака[ru], Веслава Мысліўскага, Э. Радлінскага. Да падзей Другой сусветнай вайны і яе трагічных вынікаў звярталіся Раман Братны[ru], Богдан Чэшка[pl], Міран Бялашэўскі[ru]. Побач з творамі пра сучаснасць (Тадэвуш Канвіцкі) развіваецца гістарычны і гісторыка-біяграфічны раман (Яцак Бахенскі[pl], Тэадор Парніцкі[ru], Уладзіслаў Лех Тарлецкі[ru], Лешак Электаровіч[pl], Ян Парандоўскі[ru]), папулярная філасофская фантастыка Станіслава Лема. Пашырылася развіццё эксперыментальнай (авангарднай) прозы: навелы Марака Хласкі[ru], раманы Льва Гамаліцкага[ru], Вільгельма Маха[ru], Ежы Анджаеўскага. Паэзія прадстаўлена новай тэматыкай і мастацкімі пошукамі (Чэслаў Мілаш, Ярослаў Івашкевіч, Тадэвуш Ружэвіч, Віслава Шымборская, Станіслаў Граховяк, Збігнеў Герберт). У драматургіі развіваецца рэалістычны (Ежы Брашкевіч[ru], Леан Кручкоўскі, Ярослаў Івашкевіч) і алегарычна-метафарычны (Славамір Мрожак, Вітальд Гамбровіч, Тадэвуш Ружэвіч, І. Ірадынскі) кірункі.

У галіне крытыкі выступаюць літаратуразнаўцы К. Выка[pl], С. Жалкеўскі[pl], Г. Маркевіч[pl], Р. Матушэўскі[pl], М. Янён[pl], Ю. Бахуж, М. Главінскі і інш.

Узаемасувязі з беларускай літаратурай правіць

Польска-беларускія літаратурныя сувязі на працягу стагоддзяў вызначаліся агульнасцю лёсаў, блізкасцю моў і культуры беларускага і польскага народаў. Старажытнай беларускай мовай напісаны граматы польскага караля Уладзіслава II (Ягайлы), у т.л. князю Скіргайлу 1387 года. На старабеларускую мову перакладзены з лацінскага арыгінала Вісліцкі статут 1347 года. Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве — alma mater для многіх пакаленняў беларускай інтэлігенцыі (Францыск Скарына, Сымон Будны і інш.). У канцы XV стагоддзя ў Кракаве заснавана друкарня Швайпольта Фіёля, дзе выдаваліся кнігі кірыліцай, пераважна рэлігійнага зместу для праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Украіны. 3 пачаткам кнігадрукавання ў XVI ст. на тэрыторыі Беларусі распаўсюдзіліся пераклады папулярнай літаратуры з латыні, чэшскай і нямецкай моў.

Пасля Люблінскай уніі 1569 года Польшча і Вялікае Княства Літоўскага, у складзе якога была Беларусь, аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую; пашырылася польская культура, а з сярэдзіны XVII ст. польская мова стала пануючай. У XVIXVII стст. на беларускую мову перакладзены са шматлікімі паланізмамі польскія спісы «Александрыя», «Троя», «Гісторыя пра Атылу», польскія хронікі М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, «Аповесць пра Скандэрбега», «Вялікае зярцала», «Жыціі святых» Пятра Скаргі. У сваю чаргу з беларускай на польскую мову перакладзены статуты Вялікага Княства Літоўскага, беларуска-літоўскія хронікі і інш. творы. Беларускі паэт Андрэй Рымша — аўтар паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў… Крыштофа Радзівіла» (1585), перакладаў з лацінскай на польскую мову. Ананімны гісторыка-мемуарны твор «Дзённік падзей, якія адносяцца да смутнага часу» напісаны беларускай мовай. 3 Беларуссю звязаны творы пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі (Мацей Казімір Сарбеўскі, Ян Анджэй Морштын).

Аснову барока ў беларускай літаратуры закладваў Сімяон Полацкі, які развіваў традыцыі Каханоўскага, пісаў таксама вершы на польскай мове. 3 канца XVII ст. беларуская мова пачала выцясняцца з афіцыйнага ўжытку польскай і лацінскай, было забаронена беларускае кнігадрукаванне. Выкладанне ў Віленскай акадэміі і калегіумах Менска, Берасця, Полацка, Новагародка, Нясвіжа, Горадні і інш. беларускіх гарадоў вялося на лацінскай мове. Нешматлікія творы на беларускай мове ствараліся ананімна і распаўсюджваліся пераважна ў рукапісахПрамова Мялешкі»).

У другой палове XVIII — пачатку XIX ст. асветніцкія ідэі праніклі і на Беларусь, дзе, як і ў Польшчы, асветнікі найперш выступілі супраць «сармацкага» абскурантызму, проціпаставіўшы яму ідэі ўсемагутнасці розуму. У шматмоўнай літаратуры Беларусі XVIII ст. польская мова займала адно з галоўных месцаў. Пад уплывам польскай рэлігійнай песні «Прыбеглі ў Віфлеем пастухі» напісаны парадыйны беларускі верш «Стары Восіп барадаты». XVIII стагоддзе — перыяд росту цікавасці да Беларусі, з ёю звязана жыццё і творчасць Францішка Князьніна, Францішка Карпінскага, Юльяна Нямцэвіча. У XIX ст. ў прагрэсіўнай літаратуры Беларусі і Польшчы паявіліся тыранаборчыя тэндэнцыі, узмацніўся пратэст супраць нацыянальнага прыгнёту.

На беларускую і польскую літаратуры паўплывала творчасць Адама Міцкевіча, Юльюша Славацкага, Юзафа Ігнацыя Крашэўскага. На аснове сабраных беларускіх песень Ян Чачот пісаў асветна-дыдактычныя вершы на беларускай мове. На скрыжаванні польскай і беларускай літаратур складвалася творчасць Яна Баршчэўскага, Аляксандра Рыпінскага, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэся Каратынскага і інш. Пад уплывам польскіх народна-вызваленчых ідэалаў узнікла першая падпольная беларуская газета «Мужыцкая праўда». Упершыню ў Польшчы надрукаваны зборнікі вершаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) Францішка Багушэвіча. Беларуская тэматыка адлюстравана ў творах Элізы Ажэшкі, Марыі Канапніцкай. Сяброўскія адносіны звязвалі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Юзафа Крашэўскага, Францішка Багушэвіча і Элізу Ажэшку, Янку Лучыну і Марыю Канапніцкую.

Рэвалюцыю 1905—1907 гадоў прагрэсіўныя дзеячы культуры тлумачылі як агульную справу народаў, якія ўзняліся на барацьбу. У развіцці беларускай літаратуры значную ролю адыграла пашырэнне ў Польшчы дзейнасці беларускіх кніжных выдавецтваў. На беларускай мове ў Кракаве апублікаваны творы Генрыка Сянкевіча, у Вільні — творы Элізы Ажэшкі. У беларускай газеце «Наша ніва» друкаваліся вершы Адама Міцкевіча, Марыі Канапніцкай і інш. Да перакладаў Адама Міцкевіча, Юльюша Славацкага, Марыі Канапніцкай, Уладзіслава Бранеўскага звяртаўся Янка Купала.

3 1929 года ў Менску пачаў працаваць Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, з 1939 года ў Гродне — Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У гэты перыяд значную ролю ва ўзмацненні польска-беларускіх літаратурных сувязей адыгралі часопіс «Sygnały» («Сігналы»), «Kamena[pl]» («Камэна»), «Ruch Słowiański» («Славянскі рух»), у якіх надрукаваны вершы Паўлюка Труса, Міхася Чарота, Язэпа Пушчы, Міхася Машары, Міхася Васілька і інш., артыкулы пра беларускую паэзію. У сваю чаргу польская рэвалюцыйная літаратура была шырока вядома на Беларусі, яе папулярызавалі і перакладалі Янка Купала, Юрка Гаўрук, Уладзімір Дубоўка, Максім Танк і інш. У 1929 годзе выдадзена анталогія польскай паэзіі «Мы ідзём» і зборнікі прозы «3 нашых прац». На Беларусі выходзілі перыядычныя выданні на польскай мове «Młot» («Молат»), «Orka» («Ворыва»), «Prawda» («Праўда») і «Prawda Polska» («Польская праўда»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»). Польскія пісьменнікі выступілі супраць фашызму і палітыкі польскіх улад (Зоф’я Налкоўская). У аб’яднанні прагрэсіўных сіл вялікую ролю — адыграў Антыфашысцкі кангрэс дзеячаў культуры 1936 года. Якасна новы характар літаратурныя ўзаемасувязі беларускай і польскай літаратур набылі пасля 1945 года. Тэма Другой сусветнай вайны — адна з найбольш важных тэм братніх літаратур. На польскую мову перакладзены творы на ваенную тэматыку Міхася Лынькова, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Алеся Адамовіча, У. Калесніка, Янкі Брыля і інш. Класічная беларуская літаратура прадстаўлена асобнымі выданнямі выбранных твораў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Міхася Лынькова, Васіля Быкава, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы. На польскай мове выдадзены творы Янкі Брыля, Максіма Танка ў перакладах Яна Гушчы, Мацея Канановіча, Сакрата Яновіча, Эўгеніюша Кабаца, Ігара Сікірыцкага[ru] і інш. Польскай зямлі прысвяцілі свае творы Янка Купала, Цішка Гартны, Піліп Пестрак, Вера Вярба і інш.

Беларуская літаратура на польскай мове прадстаўлена і творамі Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Івана Пташнікава, Дануты Бічэль-Загнетавай і інш., анталогіямі беларускай паэзіі, апавяданняў, казак, кнігай «Беларускі фальклор» (1983). Сярод польскіх перакладчыкаў беларускай літаратуры Л. Рысінскі, Т. Хрусцялеўскі, А. Яворскі і інш. 3 даследаваннямі беларускай літаратуры выступаюць A. Баршчэўскі, Б. Белаказовіч, У. Монах, Ф. Няўважны, З. Скібінская-Харыла і інш. 3 1956 года працуюць кафедра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце і беларусазнаўчы аддзел у Інстытуце славяназнаўства Польскай АН. Беларускі фальклор вывучаюць Ф. Сяліцкі, М. Чурак і інш.

Польская літаратура на беларускай мове прадстаўлена найбольш значнымі творамі Адама Міцкевіча, Цыпрыяна Норвіда, Юзафа Крашэўскага, Элізы Ажэшкі, Балеслава Пруса, Генрыка Сянкевіча, Яна Каспровіча, Леапольда Стафа, Стэфана Жаромскага, Баляслава Лесьмяна, Юльяна Тувіма, Ярослава Івашкевіча, Станіслава Лема, Славаміра Мрожака, Віславы Шымборскай і інш., анталогіямі — апавяданняў («Гэля будзе трактарысткай», 1955; «Ад Буга да Одры», 1969; «Сад», 1982), паэзіі («Сучасная польская паэзія», 1955; «Горад мільённы і мы», 1972), гумарыстычных і сатырычных твораў («Вясёлы калейдаскоп», 1979), народнай творчасці («Цудоўныя зярняты: Польскія народньм казкі», 1959; «Польскія народньм песні», 1962), зборніках «Далягляды», перыядычнага друку.

На беларускую мову творы польскіх пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць Янка Брыль, Пятро Бітэль, Ядвіга Бяганская, Максім Валошка, Міхась Дубянецкі, Уладзімір Жылка, Анатоль Клышка, Ніна Мацяш, Міхась Машара, Алег Мінкін, Серж Мінскевіч, Барыс Сачанка, Язэп Семяжон, Васіль Сёмуха, Максім Танк і інш. Даследавалі польскую літаратуру і яе сувязі з беларускай Алег Лойка («Адам Міцкевіч і беларуская літаратура», 1959), Міхась Ларчанка («Славянская супольнасць», 1963), Адам Мальдзіс («Творчае пабрацімства», 1966; «На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), Навум Перкін («У сям’і братніх літаратур», 1967), Валянціна Гапава («Эліза Ажэшка», 1969; «Зменлівае і спрадвечнае», 1975), І. Саламевіч («Міхал Федароўскі», 1972), Уладзімір Казбярук («Ступені росту», 1974), Кастусь Цвірка («Слова пра Сыракомлю», 1975), С. Мусіенка («Творчасць Зоф’і Налкоўскай», 1989), Уладзімір Мархель («Лірнік вясковы», 1983; «Крыніцы памяці», 1990; «Прадвесце», 1991; «Ты як здароўе…»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры", 1998) і інш.

У 1989 у Гродзенскім універсітэце адкрыта кафедра польскай філалогіі. Выдадзены зборнікі навуковых прац «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (абодва 1995).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць