Іван Мележ

беларускі празаік

Іва́н Па́ўлавіч Ме́леж (8 лютага 1921, Глінішча, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць — 9 жніўня 1976, Мінск) — беларускі празаік, драматург, публіцыст. Народны пісьменнік Беларусі (1972). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972) за раман «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1976) за зборнік «Жыццёвыя клопаты», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце».

Іван Мележ
Ivan Melezh 2021 stamp of Belarus.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 8 лютага 1921(1921-02-08)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 жніўня 1976(1976-08-09) (55 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Жонка Лідзія Якаўлеўна Пятрова-Мележ[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, публіцыст, драматург, літаратуразнавец
Гады творчасці 19391976
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Ленінская прэмія
Узнагароды
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

БіяграфіяПравіць

Раннія гадыПравіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, зямлі было мала. Бацька — Павел Фёдаравіч, рабіў гонты, дзяжы, цабэркі. Маці — Марыя Дзянісаўна, родам з Каранёўкі, ведала шмат народных песень і любіла спяваць. Дзеці змалку ўцягваліся ў работу. У Івана было звычайнае вясковае дзяцінства і юнацтва, з пяці гадоў пасвіў свіней, пасля авечак, цялят, карову, пазней вадзіў у начное каня.

Вучыўся ў трох школах, у пачатковай у Глінішчы, у сямігодцы ў Алексічах, дзесяцігодку скончыў у Хойніках.

Удзельнічаў у школьных спектаклях, пісаў вершы і вучыўся старанна, скончыў дзесяцігодку з залатым медалём. Пасля школы пасылаў дакументы ў маскоўскі Інстытут філасофіі, літаратуры і гісторыі (ІФЛГ), хоць выдатнікаў мусілі прымаць без экзаменаў, Мележ не атрымаў з інстытута нават выклік.

Вярнуўся ў Хойнікі, працаваў у райкаме камсамола. У гэты час шмат ездзіў па вёсках, сустракаўся з людзьмі, назіраў за жыццём. У 1939 годзе І. Мележ стаў студэнтам таго ж ІФЛГ, але з першага курса прызваны ў армію.

Другая сусветная вайнаПравіць

У 1940 годзе ўдзельнічае ў паходах на Бесарбію і Букавіну. У арміі, нягледзячы на забарону, вядзе ваенныя дзённікі, у большасці згубленыя ў 1941 годзе.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце — на Збручы, пад Уманню, Мікалаевым, Сінелькавым, Растовам-на-Доне, Лазавой. У ліпені 1941 года сур’ёзна паранены ў правае плячо пад Растовам-на-Доне і адпраўлены ў шпіталь у Тбілісі. У 1942 годзе скончыў курсы палітработнікаў і камандзіраваны ў 51-ю стралковую дывізію як супрацоўнік газеты.

Пад Растовам атрымаў другое раненне, асколкам бомбы раздрабіла правае плячо, руку хацелі ампутаваць, але ўрэшце выратавалі яе. Мележ атрымаў інваліднасць і камісіяй прызнаны нягодным да страявой службы.

Пасля дэмабілізацыіПравіць

Цягніком дабраўся да Баку, адтуль на параходзе да Гур’ева і Бугуруслана. У Бугуруслане працаваў эвакуіраваны з Малдовы педагагічны інстытут, выходзіла мясцовая газета «Бугурусланская правда». Неўзабаве Мележ стаў студэнтам-завочнікам і адначасова выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі педагагічнага інстытута. У Бугуруслане Мележ ажаніўся. У 1943 годзе пераведзены ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які знаходзіўся ў эвакуацыі на падмаскоўнай станцыі Сходня. Працу выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі БДУ сумяшчаў з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, пасля перавёўся на стацыянар і ўжо ў Мінску атрымаў дыплом вышэйшай адукацыі. Паступіў у аспірантуру, працаваў над дысертацыяй па творчасці Кузьмы Чорнага, выкладаў беларускую літаратуру ў БДУ. Тады ж Мележ стаў вядомы сваёй мастацкай прозай — апавяданнямі, аповесцямі, эсэ і нарысамі.

Працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1945), у 1966 годзе стаў сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, а ў 1971—1974 гадах намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Выбіраўся дэпутатам ВС БССР (1967—1976). Быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, членам Сусветнага Савета Міру.

 
Магіла Івана Мележа на Усходніх могілках

Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

ТворчасцьПравіць

Перыядызацыя творчасціПравіць

Дэбютаваў у друку вершам «Радзіме» ў газеце «Чырвоная змена» ў 1939 годзе, прозай на рускай мове — апавяданнем «Последняя операция» — у газеце «Бугурусланская правда» у 1943 годзе, прозай на беларускай мове — апавяданнем «Сустрэча ў шпіталі» — у газеце «Звязда» за 25 лістапада 1944 года.

Асноўныя этапы творчасці:

  • Ранні перыяд — станаўленне;
  • Ваенны перыяд;
  • Пасляваенны перыяд (1950-я);
  • Творчая сталасць (1960-1980-я).

На фарміраванне таленту ўплыла спачатку вучоба ў Хойніцкай дзесяцігодцы. Мележ актыўна ўдзельнічаў у школьным літаратурным гуртку, пісаў вершы і апавяданні. шмат маляваў, іграў у школьных спектаклях. У старшых класах захапіўся творамі беларускіх і рускіх пісьменнікаў. Літаратурныя захапленні Мележа падтрымаў настаўнік М. Пакроўскі, які спрыяў апублікаванню ў 1939 годзе ў «Чырвонай змене» яго верша «Радзіме»

У 1941—1942 гадах І. Мележ вёў дзённік, запісы якога ў 1977 годзе ўвайшлі ў яго «Першую кнігу», што ўбачыла свет ужо пасля смерці пісьменніка.

Сходненскі перыяд быў надзвычай важным у станаўленні Мележа-мастака, менавіта тут ён цвёрда вырашыў стаць пісьменнікам. Першыя свае апавяданні даверыў Кузьму Чорнаму і атрымаў падтрымку, сталы майстар настойліва раіў пісаць, працаваць над сабой і сачыць «за псіхалагічным абгрунтаваннем чалавечых учынкаў».

У 1946 годзе выйшаў зборнік апавяданняў «У завіруху», які высока ацаніў Кузьма Чорны.

У 1948 годзе была выдадзена кніга прозы «Гарачы жнівень». Назву ёй дала аднайменная аповесць, напісаная ў 1946 годзе пасля наведвання спаленай і спустошанай падчас вайны роднай вёскі. Аўтар паэтызуе будзённую сялянскую працу, перадае душэўную прыгажосць простых вясковых людзей. Менавіта ў гэты час пісьменнік па-новаму адчуў, што значыць Палессе ў яго жыцці. Ужо ў ранніх творах І. Мележа назіралася тэндэнцыя да аб’яднання ў цыклы («Гарачы жнівень», апавяданні «Перад навальніцай» і «Павел прыехаў»).

Паступова пашыраліся жанравыя рамкі творчасці пісьменніка. З канца 1947 года ён працуе над раманам «Мінскі напрамак» (1947—1953). Аўтар расказвае пра вызваленчую барацьбу на Беларусі летам 1944 года, пра аперацыю «Баграціён». Праца над «Мінскім напрамкам» стала важным этапам у творчым росце І. Мележа-празаіка. Іван Паўлавіч прызнаваўся, што кніга памятная яму і таму, што «толькі з яе выхадам адчуў сябе пісьменнікам».

Пасля «Мінскага напрамку» І. Мележ апынуўся нібы на ростанях. Цяжкая праца над раманам так знясіліла, што ён адчуваў сябе не ў стане ўзяцца за значную кнігу. Каля трох гадоў не пісаў буйных твораў. Надрукаваў некалькі апавяданняў: «У гарах дажджы» (1954) і «Спатканне за горадам» (1955). Першае з іх, што дало назву аднаму са зборнікаў, напісана на матэрыяле даваеннай службы аўтара ў войску. Апавяданні і аповесці 1950-х гадоў склалі тры зборнікі прозы: «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Маленькія аповесць — «Дом пад сонцам» (1954), п’есы — «Пакуль вы маладыя» (1955), «Дні нараджэння», «У новым доме» (1957).

Іван Мележ — аўтар цыкла раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» ён пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафесійнай культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы беларускага селяніна. Непаўторная мастацкая канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вялікі ідэйны змест данесены праз дасканалую мастацкую форму і адметныя вобразы. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на вельмі важным гістарычным этапе, яна стала нацыянальнай эпапеяй.

Напісаў п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 г. спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г. — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»), Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).

У 1975 Іван Мележ выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваенных гадоў).

Стыль пісьменнікаПравіць

Вялікую ролю ў выпрацоўцы мастацкага стылю І. Мележа мела творчая вучоба пісьменніка на лепшых узорах мастацтва слова. Івану Паўлавічу адкрылася простая ісціна, што калі «стыль — гэта чалавек, то каб стыль мастака праявіўся больш выразна, своеасабліва, трэба, каб выразна праявілася асоба чалавека, яго светаадчуванне, погляды, матэрыяльны і духоўны вопыт… Усе загадкі майстэрства залежаць урэшце ад аднаго — ад асобы мастака. Багацце свету, багацце майстэрства пісьменніка — у самой яго асобе. Каб высокае было мастацтва, трэба, каб высокай была асоба творцы».

Ужо раннія творы І. Мележа вызначаліся вернасцю пісьменніка жыццёвай праўдзе, глыбокім псіхалагічным аналізам чалавечых учынкаў, вастрынёй сацыяльнага і духоўнага бачання рэчаіснасці. З самага пачатку для яго былі характэрны эпічная паўната і цэльнасць узнаўлення характараў і абставін. Гэта сведчыла пра тое, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны мастак, які глыбока разумее і любіць чалавека, здольны ярка паказаць яго ўнутраны свет. З часам пашыраліся жанравыя рамкі твораў, а зварот да паказу жыцця любага Палесся надаў стылю аўтара рамана «Людзі на балоце» яшчэ большы лірызм. Асэнсаванне падзей прымусовай калектывізацыі напоўніла твор праўдзівым драматызмам.

У вузкім значэнні пад стылем пісьменніка разумеюць асаблівасці яго мастацкай мовы. І. Мележ прызнаваўся, што ніколі яго не мучыла думка, што пісаць (цікавых задум, жыццёвага матэрыялу хапала), затое «мучыла заўсёды — як пісаць». Яго непакоіла, што піша марудна, адчуваючы «нясмеласць у абыходжанні са словам». Мастак з цеплынёю называў беларускую мову ласкавай, мілагучнай, як песня. «Я чую тое, што пішу, як музыку, з мелодыяй, з рытмам. Бывае, чытаю ўслых напісанае. Востра сачу, каб у мелодыі твора не было фальшу. Ледзь пачую фальш, спыняюся, шукаю дакладныя тоны і словы. Імкнуся знайсці самыя дакладныя». Такое надзвычай беражлівае стаўленне І. Мележа да роднай мовы спрыяла выпрацоўцы самабытнага стылю.

Традыцыі і наватарстваПравіць

І. Мележ быў не першы, хто пісаў пра Палессе. Але, як сведчаць творы «Алеся» А. Купрына, «Паездка на Палессе» І. Тургенева, «Доўгія гады» К. Паўстоўскага, «Лес шуміць» У. Караленкі, палескі край часта ўспрымаўся пісьменнікамі-«суседзямі» экзатычным, этнічным «ізалятам». І. Мележ здолеў убачыць тое, чаго да яго не бачыў ніхто. Пісьменнік добра разумеў і перадаў паляшуцкую свядомасць, псіхалогію сваіх герояў. А ўвядзенне ў канву «Палескай хронікі» этнаграфічнага матэрыялу дало мажлівасць мастаку дасканала ўзнавіць рэчаіснасць палескай вёскі 1920-х гадоў, адзначыць агульнае — «як ва ўсіх рэгіёнах» — і акрэсліць тыя рысы характару, што робяць палешукоў адметнымі. Плённым аказаўся таксама зварот да фальклору, які выступае ў творы як адна са сфер жыцця народа.

Ствараючы кнігу народную, раскрываючы самабытнасць народнага жыцця і народнага характару, Мележ-мастак абапіраўся на традыцыі сваіх папярэднікаў. Беларуская літаратура шмат сказала пра жыццё селяніна. Гэта вяртанне да асэнсавання тэмы «чалавек і зямля» ў новых гістарычных умовах, не менш пакручастых і драматычных. Больш пільную ўвагу праявіў І. Мележ да ўнутранага свету селяніна-працаўніка, да сацыяльна-этычнай сутнасці чалавечых узаемаадносін. Арыентацыя аўтара «Палескай хронікі» на эпічную традыцыю Кузьмы Чорнага яскрава адчуваецца ва ўзмоцненай увазе да разгорнутых псіхалагічных малюнкаў, выразнасці мастацкай дэталі, майстэрстве раскрыцця дыялектыкі душы герояў, грамадскіх падзей праз лёс чалавека.

І. Мележ здолеў выказаць сваё непаўторнае слова пра чалавека на зямлі, напоўніў спрадвечную вясковую тэматыку палескім матэрыялам, з сучасных яму пазіцый расказаў пра падзеі 1920-х гадоў, да асэнсавання якіх ужо звярталася літаратура. Наватарства мастака выявілася ў тым, што засяродзіўся ён на драматызме для сялянства паспешлівай і гвалтоўнай калектывізацыі.

БібліяграфіяПравіць

У 1969—1971 гадах. выйшаў збор твораў у 6-ці, у 1979—1985 гадах — у 10 тамах.

Зборнікі апавяданняў
  • «У завіруху» (1946);
  • «Гарачы жнівень» (1948);
  • «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948);
  • «Блізкае і далёкае» (1954);
  • «У гарах дажджы» (1957);
  • «Што ён за чалавек» (1961);
  • «Жыццёвыя клопаты» (1975);
  • «Белыя вішні і яблыні» (1976);
  • «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977).
Раманы
  • «Мінскі напрамак» (1952, перапрацаванае выданне 1974);
  • «Палеская хроніка» (трылогія):
    • «Людзі на балоце» (1962);
    • «Подых навальніцы» (1966);
    • «Завеі, снежань» (1978).
П’есы
  • «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаноўка 1957);
  • «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958);
  • «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966).

Экранізацыя твораўПравіць

Тэлепастаўноўкі

Беларускім тэлебачаннем пастаўлены спектакль «Людзі на балоце» (1965, Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР, 1966, рэж. А. З. Гутковіч), а таксама тэлепастаноўкі «Сустрэчы і развітання» (тэлефільм «Завеі, снежань», 1979) і «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань», 1989).

Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы ў 1966 г. пастаўлены спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г. — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).

Фільмаграфія

  • «Людзі на балоце» (1981, сцэнарый В. Ц. Тураў, рэжысёр В. Ц. Тураў, Беларусьфільм)
  • «Подых навальніцы» (1982, сцэнарый В. Ц. Тураў, рэжысёр В. Ц. Тураў, Беларусьфільм)

Узнагароды і прэмііПравіць

  • Два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцягу (28.10.1967; 05.02.1971);
  • Ордэн Чырвонай Зоркі (06.08.1946);
  • Ордэн «Знак Пашаны» (25.02.1955);
  • Медалі;
  • Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце»;
  • Ленінская прэмія (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»;
  • Ганаровае званне «Народны пісьменнік БССР» (1972) за вялікія дасягненні ў развіцці беларускай савецкай літаратуры;
  • Дзяржаўная прэмія БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).

Ушанаванне памяціПравіць

 
Скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце» ў Хойніках.

Імем Івана Мележа названы:

Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В. Адамчыка, 1978).

У Мінску на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, у якім жыў народны пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка.

У Глінішчы створаны літаратурны музей і ўсталяваны бюст Івана Мележа.

У 1980 годзе заснавана Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа.

У 2010 годзе ў Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце».

Зноскі

  1. Мележ Иван Павлович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.

ЛітаратураПравіць

  • Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
  • Адамовіч А. Літаратура, мы і час. Мн., 1979;
  • Андраюк С. Іван Мележ // Сгаль пісьменніка. Мн., 1974;
  • Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
  • Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
  • Драздова З. У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
  • Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
  • Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.;
  • Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.;
  • Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
  • Смыкава I. Іван Мележ // Смыкава I. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973;
  • Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
  • Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
  • Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12-81.
  • Іван Мележ: кароткі бібліяграфічны даведнік / Дзяржаўная бібліятэка імя У. І. Леніна; [складальнік І. У. Смыкава; рэдактар Н. Б. Ватацы]. — Мінск, 1963. — 28 с.

СпасылкіПравіць