Адкрыць галоўнае меню

Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі

Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі (польск.: Alexander Rypiński; 1811, в. КукавячынаВіцебскага павет, цяпер Віцебскі раён — 1900?) — беларускі паэт, фалькларыст, кнігавыдавец, графік.

Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі
польск.: Alexander Rypiński
Al rypinski portrait.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 10 ліпеня 1811(1811-07-10)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 1900
Месца смерці:
Альма-матар:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: мастак, паэт
Мова твораў: беларуская
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і. Дзяцінства прайшло ў дзедавым маёнтку Стайкі каля Віцебска. Скончыў Віцебскую гімназію, у 1829—1830 вучыўся ў Дынабургскай школе прапаршчыкаў. У гэты час пазнаёміўся з В. Кюхельбекерам, які адбываў пакаранне ў Дынабургскай крэпасці, што сам А. Рыпінскі лічыў значнай падзеяй. Удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў. Пасля падаўлення паўстання, разам са сваім атрадам перайшоў мяжу з Прусіяй. У 1832—1846 жыў у Парыжы. Быў абраны членам французскай Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Разам з Ф. Ходзькам адкрыў мастацкі магазін. У Парыжы блізка пазнаёміўся з А. Міцкевічам, іх звязвала адзінства грамадскіх і эстэтычных ідэалаў. У 1846 годзе А. Рыпінскі пераехаў у Лондан. Разам з І. Яцкоўскім у 1852 заснаваў у прыгарадзе Лондана Тотэнхэме(руск.) бел. друкарню. Між іншага, з кастрычніка 1852 выдаваў эмігранцкую газету «Польскі дэмакрат». У 1859 годзе, пасля амністыі ў Расіі, А. Рыпінскі вярнуўся на радзіму. Пад наглядам паліцыі жыў у Кукавячыне, маёнтку свайго брата, адстаўнога штабс-капітана артылерыі В. Ф. Рыпінскага, пазней — у сваячкі Ксаверыі Аляксандраўны Рыпінскай у маёнтку Страганы (цяпер Лёзненскі раён).

Дзейнасць і творчасцьПравіць

Ужо ў раннім юнацтве А. Рыпінскі вёў фальклорныя запісы, пазней захоўваў іх у ваенным ранцы, які згубіў у час паўстання 1830—1831 гадоў. У школьныя гады захапіўся паэзіяй і перакладамі. Лічыцца, што самы ранні верш А. Рыпінскага, на польскай мове, запісаны на тытульным аркушы рукапіснага зборніка школьнага сябра Гайкі з Пнёва. У 1827 пераклаў на польскую мову «Русалку» А. Пушкіна. На пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы, 21.11.1839 прачытаў першы даклад пра беларускую этнаграфію і фальклор. У 1840 на аснове ўласных лекцый выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь», дзе ўпершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў беларускую народную вусную творчасць паводле жанраў і тэматыкі. Магчыма, па радзе А. Міцкевіча падрыхтаваў да друку ўспаміны з часоў паўстання — «Паўстанне Вілейскага, Завілейскага і Дзісенскага паветаў» (фрагменты выданы ананімна ў Парыжы, 1836). Працаваў над рукапісам «Выпісы польскіх гарадоў і вёсак, узгаданых у творы Нарбута „Гісторыя старажытнай Літвы“». У Лондане заняўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, таксама выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. У сваёй, супольнай І. Яцкоўскім, друкарні выдаў зборнікі сваіх польскіх вершаў «Паэтычныя творы» (1853), «Сяржант-філосаф» (1854). У 1853 выдаў беларускамоўную рамантычную баладу «Нячысцік», адну з першых у беларускай літаратуры, у аснову яе пакладзены фальклорныя ўзоры. Быў шырока вядомы як мастак, сам афармляў свае кнігі, выявіў выключныя здольнасці да мастацкай фатаграфіі, стаўшы адным з піянераў фотамастацтва.

Па вяртанні ў Расію, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, быў першым біёграфам шэрагу пісьменнікаў. У прыватнасці, А. Рыпінскім напісаны біяграфіі Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, В. Рэута, Ф. Рысінскага, Т. Заблоцкага, але гэтыя працы не захаваліся. Перапісваўся з пісьменнікам і публіцыстам А. Плугам. Дапамагаў маладым мастакам і літаратарам з Беларусі і Літвы, між іншых, віленскаму мастаку К. Рыпінскаму.

Асабісты архіў А. Рыпінскага, багаты на факталагічныя звесткі пра беларускую культуру 18-19 ст., не захаваўся. Некалькі сшыткаў А. Рыпінскага з каштоўнымі фальклорнымі і літаратурнымі запісамі ў 1930-я гады захоўваліся ў прафесара БДУ М. Піятуховіча. Некаторыя запісы па копіях Піятуховіча апублікаваў В. Скалабан у 1990 (Зборнік «Шляхам гадоў», 1-ы вып.).

Паэзіі Рыпінскага ўласціва фальклорна-рамантычная скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. А. Рыпінскі адзін са стваральнікаў жанру балады ў беларускай літаратуры. У гісторыі беларускай культуры А. Рыпінскі ўвайшоў як адзін з першых даследчыкаў літаратуры Беларусі і беларускай літаратуры. У мовазнаўства вядомы яго спробы ўпарадкаваць нормы беларускай арфаэпіі.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • БП, т. 5;
  • БЭ, т. 13;
  • Мархель У. Кукавячын — Парыж — Лондан — Строганы // Краязнаўчая газета. — 2007. — № 39 (кастр.). — С. 6-7;
  • Піятуховіч М. Рукапісы А. Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990;
  • Русецкий А. В. Александр Рыпинский: долгий путь к родным истокам // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2006. — № 4. — С. 90-102;
  • Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава і інш. Уклад. М. В. Півавар. — Мн., 2008. — С. 175—176;
  • Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Памяць: Віцебскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. У. І. Мезенцаў; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — С. 86;
  • Хаўстовіч М. Аляксандр Рыпінскі: знаёмы і незнаёмы // ARCHE Пачатак. — 2009. — № 5.
  • Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Вып. 13. Мн., 1985;
  • ЭГБ, т. 6—1.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 4. Накцюрн — Скальскі / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ им. Петруся Бровки, 1986. — Т. 4. — 742 с. — 9500 экз.