Лёзненскі раён
Лё́зненскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Размешчаны на ўсходзе Віцебскай вобласці, ля дзяржаўнай мяжы з Расіяй. Раён мяжуе: з поўначы і захаду з Віцебскім раёнам; на паўднёвым усходзе з Сенненскім раёнам; на поўдні з Аршанскім і Дубровенскім раёнамі; на ўсходзе з Руднянскім раёнам Смаленскай вобласці.
Лёзненскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Віцебская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Лёзна | ||||
Дата ўтварэння | 17 ліпеня 1924 | ||||
Кіраўнік | Іван Іванавіч Фёдараў[d][1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 65,62 %, руская 33,18 % Размаўляюць дома: беларуская 29,5 %, руская 69,81 %[2] |
||||
Насельніцтва (2009) |
17 659 чал.[2] (18-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 12,45 чал./км² (14-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 86,66 %, рускія — 10,74 %, украінцы — 1,22 %, іншыя — 1,38 %[2] |
||||
Плошча |
1 417,63[3] (18-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
171 м[4] | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгунка па лініі Віцебск—Смаленск. Аўтадарогамі звязаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. Цэнтр раёна — гарадскі пасёлак Лёзна — размешчаны на левым беразе ракі Мошна і за 40 км ад Віцебска, за 270 км ад Мінска і за 12 км ад мяжы з Руднянскім раёнам. Падзяляецца на 6 сельскіх саветаў: Бабінавіцкі, Веляшковіцкі, Дабрамыслінскі, Крынкаўскі, Лёзненскі, Яськаўшчынскі.
Геаграфія
правіцьПаверхня раёна ўзгорыста-раўнінная. Паўночная частка раёна знаходзіцца ў межах Віцебскага ўзвышша, паўднёвая — у межах Лучоскай нізіны. Найвышэйшы пункт — Гаршэва гара на Віцебскім узвышшы (296 м); найбольш нізкая адзнака — урэз Лучосы на паўднёвым захадзе (142 м).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Сучасная паверхня складзена з канцова-марэнных і флювіягляцыянальных утварэнняў паазерскага ледавіка, на поўдні па даліне Лучосы вылучаюцца азёрна-ледавіковыя адклады старажытнага прыледавіковага вадаёма; ніжэй — утварэнні сожскага, дняпроўскага, у асобных выпадках, бярэзінскага зледзяненняў. Агульная магутнасць антрапагенных адкладаў 30—60 м, на поўначы да 140 м; пад імі залягаюць дэвонскія (да 480 м) пароды.
З карысных выкапняў у Лёзненскім раёне ёсць пясок, пясчана-жвіровая сумесь, жвір, гліна, даламіт, торф, сапрапель.
Вядомы 95 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 8,7 млн т., Касцяёўскае радовішча даламіту, 8 радовішчаў пясчана-жвіровага матэрыялу і пяскоў з запасамі 34,4 млн м³ (найбольшыя Веляшковіцкае, Рубяжніцкае, Борскае, Замашанскае, Заподжанскае), 5 радовішчаў глін і суглінкаў (найбольшыя Запожанскае, Унскае, Бабінавіцкае, Веляшковіцкае).
Водныя рэсурсы:
Першародную непаўторную прыгажосць расліннага свету, прадстаўленага лекавымі, ягаднымі, меданоснымі, тэхнічнымі, дэкаратыўнымі раслінамі, захоўваюць Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Бабінавіцкі» (у склад запаведніка ўваходзіць батанічны заказнік мясцовага значэння «Мядзведжая цыбуля»), батанічны заказнік «Бор».
Гісторыя
правіцьРаён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Віцебскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Лёзна. 20 жніўня 1924 года падзелены на 10 сельсаветаў: Барсееўскі, Веляшковіцкі, Дабрамысленскі, Емельяноўскі, Замшынскі, Калышкаўскі (Калышанскі), Лёзненскі, Сутоцкі, Унаўскі, Чарніцкі. 29 кастрычніка 1924 года Барсееўскі сельсавет перайменаваны ў Горбаўскі, Емельяноўскі — у Глоданскі. У 1926 годзе ўтвораны Унаўскі нацыянальны латышскі і Калышкаўскі нацыянальны яўрэйскі сельсаветы. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны 10 сельсаветаў скасаванага Высачанскага раёна: Асінаўскі, Бабінавіцкі, Выдрэйскі, Высачанскі, Кабыльнікаўскі (Кабыльніцкі), Каралёўскі, Касцяёўскі, Крынкаўскі, Старабабыльскі, Стасеўскі. 21 лістапада 1934 года скасаваны Унаўскі нацыянальны латышскі сельсавет. У 1935 годзе скасаваны Калышкаўскі нацыянальны яўрэйскі сельсавет. 12 лютага 1935 года Асінаўскі, Бабінавіцкі, Старабабыльскі сельсаветы перададзены адноўленаму Багушэўскаму раёну. 12 сакавіка 1935 года Бабінавіцкі сельсавет вернуты ў склад Лёзненскага раёна. 15 ліпеня 1935 года вёска Высачаны аднесена да катэгорыі рабочых пасёлкаў. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Лёзна атрымала статус гарадскога пасёлка. 20 лістапада 1938 года Кабыльнікаўскі (Кабыльніцкі) сельсавет перайменаваны ў Акцябрскі. 9 красавіка 1946 года Бабінавіцкі сельсавет перададзены Арэхаўскаму раёну. 17 лістапада 1948 года статус рабочага пасёлка Высачаны паніжаны да вёскі. 15 лютага 1949 года Каралёўскі сельсавет, 24 жніўня 1951 года Акцябрскі сельсавет перададзены ў склад Віцебскага раёна. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Высачанскі, Замшынскі, Калышкаўскі, Сутоцкі, Унаўскі і Чарніцкі сельсаветы, утвораны Яськаўшчынскі сельсавет. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны Бабінавіцкі сельсавет скасаванага Арэхаўскага раёна. 19 лютага 1958 года скасаваны Касцяёўскі сельсавет, 23 лістапада 1959 года — Выдрэйскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Запольскі сельсавет і гарадскія пасёлкі Сураж і Янавічы Віцебскага раёна, 22 студзеня 1963 года — Вымнянскі сельсавет таго ж раёна. 2 жніўня 1966 года гарадскія пасёлкі Сураж і Янавічы, Вымнянскі і Запольскі сельсаветы перададзены Віцебскаму раёну. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна 9 сельсаветаў, 191 населены пункт[5]. 7 жніўня 1979 года Глоданскі сельсавет перайменаваны ў Кавалёўскі. 5 сакавіка 1981 года Дабрамысленскі сельсавет перайменаваны ў Дабрамыслінскі. 20 кастрычніка 1995 года Лёзненскі раён і гарадскі пасёлак Лёзна аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года скасаваны Горбаўскі, Кавалёўскі і Стасеўскі сельсаветы[6].
Насельніцтва
правіцьНа 2015 год у 165 населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі Лёзненскага раёна, пражываюць каля 15.924 тысяч чалавек, у тым ліку 6.675 чалавек — у г.п. Лёзна і 9.249 чалавек — у сельскай мясцовасці.
Асноўнае насельніцтва — беларусы (86,7 %), жывуць таксама рускія (10,7 %), украінцы (1,2 %), іншыя нацыянальнасці (1,4 %).
На долю працаздольнага насельніцтва прыпадае 55,6 % ад агульнай колькасці жыхароў раёна, пенсіянераў — 29,3 %, маладзейшых за 16 гадоў — 15,1 %.
Буйныя населеныя пункты раёна: Бабінавічы, Веляшковічы, Высачаны, Горбава, Дабрамыслі, Кавалі, Крынкі, Перамонт, Стасева, Яськаўшчына і інш.
Сацыяльная сфера
правіцьАдукацыя
правіцьУ сістэме адукацыі раёна функцыянуюць 23 установы. Сярод іх установы дашкольнай адукацыі — 11; вучэбна-педагагічны комплекс «яслі-сад-пачатковая школа» — 1; вучэбна-педагагічны комплекс «яслі-сад-сярэдняя школа» — 1; вучэбна-педагагічныя комплексы «яслі-сад-базавая школа» — 3; установы сярэдняй адукацыі — 3; установы пазашкольнай і дадатковай адукацыі, установа спецыяльнай адукацыі[7].
Ахова здароўя
правіцьМедыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Лёзненская раённая цэнтральная бальніца»[8].
Эканоміка
правіць- Дабрамыслінская ГЭС
- Лёзненскае ПМС
- Лёзненскі льнозавод, ААТ
- Лёзненскі лясгас, ДЛГУ
- Лёзненскі філіял ААТ «Малако»
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
правіць- Пётр Іванавіч Альсмік, беларускі селекцыянер-бульбавод
- Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, беларускі дзяржаўны дзеяч
- Д. І. Барашкін (1922, в. Шавялі), Герой Сацыялістычнай Працы
- Віктар Фёдаравіч Ландычэнка, поўны кавалер ордэна Славы
- Ігнацій Вікенцьевіч Мацкевіч (1912—1943), Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў вёсцы Завольша.
- Пётр Савачкін, беларускі гісторык
- Пётр Мацвеевіч Савуцін, поўны кавалер ордэна Славы
- Марыя Якаўлеўна Ігнатава, Герой Сацыялістычнай Працы, Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 5-га склікання
- Уладзімір Карпавіч Бандарэнка, беларускі пісьменнік, паэт
- Надзея Стэфанаўна Салодкая — беларускі паэт.
- Іван Ахрэмавіч Барадаўкін (1908—1994) — ваенны дзеяч.
- Ефрасіння Леанідаўна Бондарава (нар. в. Гапонава 1922—2011) — беларускі кінакрытык, прафесар.
Старшыні Лёзненскага райвыканкама
правіць- з 11 чэрвеня 2019 года — Сяргей Рычардавіч Зямчонак
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ http://liozno.vitebsk-region.gov.by/ru/distrikt/view/v-lioznenskom-rajone-novyj-rukovoditel-20328/
- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 50. — 248 с. — 10 000 экз.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Асвета. Лёзненскі раён
- ↑ Медыцына
Літаратура
правіць- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Лёзненскі раён // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. — склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 137—138.
- Лёзненскі раён // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. М. В. Біч [і інш.]. — Мн., 1993. — Т. 1. — С. 359.
- Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1992. — 591 с.
- Лёзненскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 424—425. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.