Юрка Гаўрук
Юрка (Юрый Паўлавіч) Гаўрук (23 красавіка (6 мая) 1905, Слуцк Мінскай губерні, цяпер Мінскай вобласці — 18 лютага 1979, Мінск; псеўданім: С. Дробуш) — беларускі перакладчык, паэт, літаратурны крытык [1].
Юрый Паўлавіч Гаўрук | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 23 красавіка (6 мая) 1905 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 лютага 1979 (73 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, паэт, літаратурны крытык |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сям’і служачага. З 1915 года сям’я Ю. Гаўрука ў бежанстве ў Пскове. Скончыў слуцкую школу 2-ой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве ў 1925 годзе[1]. З 1924 года запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Восенню 1925 года абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931). У 1931—1935 гадах дацэнт кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Арыштаваны 8 лютага 1935 года ў Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 года асобай нарадай пры НКУС за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўлення волі; высланы з Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958 года. Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 гадах працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы[1]. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п’есы з сусветнай класікі.
Асабовая справа Ю. Гаўрука № 15523 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласці.
Памёр 18 лютага 1979 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска (П-1, 40/2/23).
Творчасць
правіцьПрацаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Дэбютаваў перакладам у 1925 (верш Г. Гейнэ «Ткачы »). Свае творы друкаваў у часопісах «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і іншых.
У 1926 годзе выйшла першая кніга Ю Гаўрука «Вясковыя рыскі». У кнігу ўвайшлі байкі, жарты, песні, расказы сялян, апісанні «няпышнага» вяселля і «вальцаў» у вясковым «магазыне», якія Гаўрук запісваў на Случчыне «каб даведацца годаў і нягодаў гэтага жыцьця, і як гэта ўсё адбіваецца ў сялянскай песьні».
Аўтар першага на Беларусі[1] зборніка паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў»[2] (1928).
У 1969 годзе выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя»[3], у 1975 годзе — зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах»[4]. У 1990 годзе быў выдадзены паэтычны зборнік «Узвіхраны ветразь» (вершы, паэма, пераклады).
Пераклаў п’есы У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926)[1], «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла » (1954), «Канец — справе вянец » (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра » (1982). У яго перакладзе ставіліся п’есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г. Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» Н. Хікмета (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В. Гюго (1962), «Мяцеліца» Л. Лявонава (1965), «Дзядзька Ваня » А. Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах » Мальера (1967), «Улада цемры » Л. Талстога (1969), «Залатая карэта» Л. Лявонава (1971), «Багна » А. Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (1972), «Ноч памылак » О. Голдсміта, «Выбух» І. Дварэцкага[1].
Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько , асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А. Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э. Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К. С. Прычард «Дачка ўрагану» (1977). Пераклаў таксама творы Ж.-Б. Мальера, Я. Шварца («Снежная каралева »), вершы П. Варанько (1976), Б. Алейніка (1977), апавяданне «За што? » Л. Талстога і балада «Парука, Шылер » Ф. Шылера (1978), навелы А. Маруа і апавяданні Р. Інанішвілі , Г. Гогічайшвілі (пераклаў з грузінскай мовы разам з Т. Цулукідзэ, 1979)[1][5].
На рускую мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К. Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака[1].
Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986).
Выбраная бібліяграфія
правіць- Агні ў прасторах: Выбраныя пераклады. — Мн., 1975.
- Ступень адказнасці: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. — Мн., 1986.
- Узвіхраны ветразь: вершы, паэма, пераклады. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 143 с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі) — ISBN 5-340-00820-7.
Заўвагі
правіць- ↑ а б в г д е ё ж Белорусская ССР. Краткая энциклопедия 1982.
- ↑ Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. — Мн.: Маладняк, 1928. У кнігу ўвайшлі пераклады з англійскай твораў Дж. Г. Байрана, П. Б. Шэлі, А. Тэнісана , Г. Лангфела, У. Уітмена, з нямецкай — Ф. Шылера, Г. Гейнэ, Т. Кёрнера , з французскай — В. Гюго, Ш. Леконта дэ Ліля , Ш. Бадлера, П. Верлена, А. Тэр'е , з італьянскай — Ф. Петраркі, Дж. Кардучы, А. Негры , з польскай — А. Міцкевіча, У. Бранеўскага.
- ↑ У склад зборніка ўвайшлі пераклады твораў А. Пушкіна, А. Міцкевіча, балад Ф. Шылера.
- ↑ У зборнік, апроч некаторых перапрацаваных перакладаў з «Кветак з чужых палёў», увайшлі пераклады з англійскай асобных санетаў У. Шэкспіра, урыўкаў з трагедый «Гамлет», «Атэла», «Кароль Лір», камедыяў «Канец — славе вянец» і «Сон у летнюю ноч», твораў Р. Бёрнса, І. В. Гётэ, з венгерскай — твораў Б. Балашы , Д. Бержэні , Ш. Кішфалудзі , з рускай — А. Пушкіна, В. Брусава, С. Ясеніна, Дзм. Кедрына , з украінскай — П. Тычыны, М. Рыльскага, Ул. Сасюры, Л. Украінкі, з армянскай — Г. Эміна .
- ↑ Алеся Лапіцкая Паэт і пераклады // Літаратура і мастацтва. — Мн.: Звязда, 2015. — № 19. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
Літаратура
правіць- Гаврук Юрка // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — С. 132. — 737 с. — 50 000 экз.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 89. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2. — С. 541. — 544 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0570-6.
- Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т.]. — Мінск, 2005. — Т. 1. — С. 337.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. Габой — Карціна. — С. 59. — 702 с. — 9 500 экз.
- Гаўрук Юрка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Гаўрук Юрка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2. Верабей — Іваноў. — С. 155. — 541 с.; іл.. — ISBN 5-85700-075-0.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Гілевіч Н. Майстар «з краю музыкі і слова» // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
- Гілевіч Н. Паэт-інтэлігент брусаўскай школы: Памяці Ю. П. Гаўрука // Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
- Семяжон Я. Урокі настаўніка // ЛіМ. 1980, 16 мая;
- Ліўшыц У. Быў чалавекам вельмі светлай душы // у кнізе «Раскопкі вакол Горацкага Парнаса». — Горкі: 2001. С. 107—111.