Аляксей Мікалаевіч Кулажанка
Аляксей Мікалаевіч Кулажанка (3 снежня 1923, в. Белабярэжская Рудня, Рэчыцкі павет, Гомельская губерня — 16 лютага 2010) — беларускі партыйны і гаспадарчы дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы (1966).
Аляксей Мікалаевіч Кулажанка | |
---|---|
Дата нараджэння | 3 снежня 1923 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 лютага 2010 (86 гадоў) ці 3 лютага 2010 (86 гадоў) |
Месца пахавання |
|
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Узнагароды і прэміі |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 3 снежня 1923 года ў в. Белабярэжская Рудня Рэчыцкага павета Гомельскай губерні ў сялянскай сям’і.
Скончыў Мазырскае педагагічнае вучылішча, але працаваць настаўнікам не давялося — пачалася Вялікая Айчынная вайна.
У 1941 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію, ваяваў на Данскім фронце ў стралковым палку. Актыўнага камсамольца-прапагандыста заўважылі і накіравалі вучыцца. Чатыры месяцы вучыўся ў Харкаўскім ваенным пяхотным вучылішчы, затым трапіў на самы адказны ўчастак фронту — пад Сталінград. Назначаны намеснікам палітрука стралковай роты 10-га палка 3-й стралковай гвардзейскай дывізіі. У баях пад Сталінградам прыняты ў КПСС. Быў цяжка паранены ў правае плячо і нагу, паўгода лячыўся ў шпіталях. Потым ваяваў на 3-м Украінскім і Карэла-Фінскім франтах. Вайну скончыў ля граніц Нарвегіі.
Дэмабілізаваны летам 1945 года, прызнаны інвалідам ІІІ групы. Вярнуўся на радзіму, хацеў настаўнічаць у вясковай школе, але яго накіравалі на партыйную работу ў Нараўлянскі райкам партыі, спачатку інструктарам, затым загадчыкам аддзела, у 1947 годзе — вучыцца ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б.
Пасля яе заканчэння ў 1949 годзе накіраваны ў Пінскую вобласць. У 1949—1956 гадах — трэці сакратар, затым — другі сакратар Лагішынскага райкама КПБ (з 1954 года — Брэсцкай вобласці). Давялося заняцца калектывізацыяй сельскай гаспадаркі, што з’яўлялася вялікай праблемай: пасля нямецка-фашысцкай акупацыі засталіся спаленыя вёскі, апусцелыя палі, беднасць сялян. Хадзіў па хатах і тлумачыў аграрную палітыку партыі, пераконваў у неабходнасці карэннай перабудовы сялянскага ладу жыцця.
У 1956—1966 гадах — старшыня калгаса імя С. М. Кірава Лагішынскага (з 1962 г. Пінскага) раёна.
Удзельнічаў у рабоце ХХІІ з’езда КПСС (1961). Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання (1963—1967).
У 1966 годзе абраны першым сакратаром Пінскага райкама КПБ Брэсцкай вобласці. З 1975 года працаваў у апараце Брэсцкага абкама КПБ. У 1980—1990 гадах — памочнік першага сакратара абкама КПБ. У гэты час першымі сакратарамі абкама працавалі Уладзімір Андрэевіч Мікуліч (1964—1977), Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў (1977—1987), Анатоль Антонавіч Зеляноўскі (1987—1991).
Неаднаразова абіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных.
У 1987 годзе абраны старшынёй Брэсцкага абласнога савета ветэранаў вайны і працы.
У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання.
Памёр 16 лютага 2010 года. Пахаваны ў Брэсце на могілках «Плоска».
Узнагароды
правіць30 красавіка 1966 года, за атрыманне высокіх ураджаяў сельскагаспадарчых культур, удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат». Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, у 1973 годзе ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. За шматгадовую працу ўзнагароджаны шасцю ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Кулаженко Алексей Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 514—515.
- Кулаженко Алексей Николаевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 135.
- Кулажанка Аляксей Мікалаевіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 458.
- Кулажанка Аляксей Мікалаевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 619.
- Аляксей Мікалаевіч Кулажанка // Памяць. Нараўлянскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 363.
- Кулаженко Алексей Николаевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 343.
- Кулажанка Аляксей Мікалаевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 339.
- Кулажанка Аляксей Мікалаевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 184.