Анатоль Карней
Анатоль Карней (7 жніўня 1928 — 15 ліпеня 2004) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да смаргонскай групы арганізацыі.[1]
Анатоль Карней | |
---|---|
Род дзейнасці | удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху |
Дата нараджэння | 7 жніўня 1928 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 5 ліпеня 2004 (75 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Мартын |
Жонка | Аляксандра Іванаўна Карней |
Біяграфія Правіць
Нарадзіўся 7 жніўня 1928 г. у в. Міцкевічы Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць) у сям’і каваля Мартына, якая мела трое дзяцей. У 1936 годзе пайшоў у 1-ы клас польскай школы. Пасля пачатку савецкай акупацыі ў 1939 г. вучыўся ў савецкай школе, але па прыходзе немцаў партызаны спалілі школу, таму не вучыўся і дапамагаў бацькам у гаспадарцы. Пасля Другой сусветнай вайны у 1947 г. скончыў 7 класаў сямігодкі ў в. Забалацце. У 1948 г. пайшоў вучыцца ў 8-ы клас Смаргонскай школы. Там, будучы ўжо ў 9-м класе, пазнаёміўся з Расціславам Лапіцкім, праз якога далучыўся да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля. Удзельнічаў у распаўсюдзе лістовак, агітаваў знаёмых далучыцца. Моладзевая арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў.
У лютым 1950 г., Анатоля Карнея, вучня 9-а класа, арыштавалі за ўдзел у антысавецкім падполлі. Спачатку яго трымалі ў Вялейскай турме. Пра допыты ўспамінаў так:
«Допыты вялі следчыя Пахомаў (лютаваў) і Зырын (усходняга выгляду, мякчэйшы на допытах). Асабліва не катавалі, але вымучвалі вечаровымі і начнымі допытамі. Садзілі на прымацаваную да падлогі табурэтку, рукі на каленях і нельга было задрамаць, бо адразу следчы біў пад сківіцы: „Не спаць!“. У камеры сачылі праз вочка, таксама каб не спаў. Інакш урываліся і білі».
У ліпені 1950 г. засуджаны па справе мядзельска-смаргонскага падполля на 25 гадоў зняволення ў канцлагерах. У лютым 1951 г. рушыў этапам у Караганду, дзе быў памешчаны ў канцлагер замест вызваленых японскіх ваеннапалонных. Там напачатку быў разам з Чаславам Цыбоўскім, працаваў на будаўнічых работах. Увосені 1951 г. быў перавезены ў Кемераўскую вобласць на ўрочышча Мыскі, дзе працаваў на будаўнічых работах пры шахце, якія толькі распачаліся. У лютым 1953 г. перавезены на Варкуту. Пад восень 1955 г. перавезены ў Мардовію, дзе працаваў на сельгасработах і было значна лягчэй.
У 1956 г. выйшаў з няволі з падарваным здароўем. Вярнуўся ў Міцкевічы. У 1958 г. жаніўся, нарадзілася два сыны. Працаваў у калгасе на розных работах, у тым ліку кладаўшчыком. Потым пераважна працаваў кавалём. Атрымаў другую групу інваліднасці, насіў акуляры бо дрэнна бачыў і зусім не мог чытаць. Выйшаў на пенсію, удзельнічаў у напісанні ўспамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут». Жыў у в. Забалацце.
Зноскі
- ↑ http://www.slounik.org/154813.html Біяграфія Анатоля Карнея
Літаратура Правіць
- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
- Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.