Андрэй Фёдаравіч Андросік

тэатральны рэжысёр
(Пасля перасылкі з Андрэй Андросік)

Андрэй Фёдаравіч Андросік (13 ліпеня 1941, г. Самара, РСФСР — 3 лютага 2003) — беларускі рэжысёр тэатра.

Андрэй Фёдаравіч Андросік
Дата нараджэння 13 ліпеня 1941(1941-07-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 лютага 2003(2003-02-03) (61 год)
Грамадзянства
Адукацыя
Прафесія тэатральны рэжысёр
Тэатр
Член у
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Скончыў у 1965 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс Д. Арлова), у 1972 годзе — Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі (курс Г. Таўстаногава). У 1971—1999 гг. працаваў выкладчыкам, кіраўніком курса ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У 1971—1995 гг. займаў пасаду рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе ажыццявіў пастаноўку такіх спектакляў, як «Беласнежка і сем гномаў» Л. Усцінава і А. Табакова (1971), «Безыменная зорка» М. Себасцьяна (1973), «Стары Новы год» М. Рошчына (1974), «Шрамы» Я. Шабана (1977), «Ваня, як ты тут?» паводле В. Шукшына (1978, у 1979 г. — пастаноўка спектакля ў Маскоўскім абласным драматычным тэатры).

У Купалаўскім тэатры рэжысёр паставіў таксама спектаклі «Мы, што ніжэй падпісаліся» А. Гельмана (1979), «Апошняе спатканне» А. Галіна (1981), «Даходнае месца[ru]» А. Астроўскага (1985), «Блакітная ружа» («Шкляны звярынец») Т. Уільямса (1991), «Паехалі!..» М. Захаранкі паводле М. Крапіўніцкага (1995) і інш.

Андрэй Андросік сумесна з галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра В. Раеўскім працаваў над пастаноўкай спектакляў «Характары» паводле В. Шукшына (1975, у 1977 г. яны паставілі гэты спектакль у Ленінградскім тэатры камедыі), «Эшалон» М. Рошчына (1976) і «Апошні журавель» А. Дударава і А. Жука (1986). На Першым беларускім тэатральным фестывалі, які прайшоў у Віцебску ў 1986 г., спектакль «Апошні журавель» быў прызнаны адным з лепшых. Аўтарам і рэжысёрам была прысуджана першая прэмія.

У 1995 г. А. Андросік, ужо добра вядомы як пастаноўшчык адметных спектакляў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, стаў на чале Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. У якасці новага кіраўніка ён адразу дакладна вызначыў асноўны творчы напрамак і пачаў мэтанакіравана па ім рухацца.

Ключавым момантам у канцэпцыі А. Андросіка было стварэнне культурнага асяродка сям’і. Першапачаткова пазіцыя новага кіраўніка праявілася ў пошуках прамых кантактаў са спецыфічным гледачом дзіцячага тэатра. Аб’ём сувязей з дзецьмі якасна пашырыўся. У сезоне 1996/1997 удалося рэалізаваць неардынарную задуму — увесці ў практыку сямейныя паходы ў тэатр. На афішы з’явілася рубрыка: «Дзень сям’і ў тэатры». Новаўвядзенне мела своеасаблівы сцэнарый. У ім былі замацаваны пэўныя моманты мерапрыемства і разам з тым давалася шырокая прастора для імправізацыі — як з боку акцёраў, так і з боку маленькіх і дарослых гледачоў. Дасціпна разыгрываліся дзіцячыя конкурсы і віктарыны. Бацькі маглі параіцца з доктарам наконт здароўя свайго дзіцяці, на «Плошчы Прыгажосці» звярнуцца да паслуг парыкмахера. Аснову ж «Дня сям’і» складаў той ці іншы спектакль, атмасфера ў час якога была своеасаблівай. Прамым кантактам садзейнічаў і конкурс «Любім тэатр з дзяцінства».

Дастаткова арыгінальнай з’явілася музычная інтэрпрэтацыя казкі «Кошчын дом» С. Маршака (1996). Рэжысёр А. Маркевіч у садружнасці з паэтам Р. Барадуліным і кампазітарам Р. Уласюком прапанавалі твор праспяваць. Каб гэта прапанова не здавалася занадта кананічнай, характар выканання пазначаўся як «гуляем у оперу». Падтрымка і дапамога А. Андросіка ў якасці мастацкага кіраўніка пастаноўкі прынесла плён — усім вядомыя героі казкі шмат у чым выглядалі па-сучаснаму кідка і пераканаўча.

Карэнным чынам агульнапрынятую традыцыю дзіцячых прадстаўленняў парушыў перапоўнены дабрынёй і высакароднасцю спектакль А. Андросіка «Маленькі лорд Фаўнтлерой» М. Воранава паводле аповесці амерыканскай пісьменніцы Ф. Бёрнет (1998). У пэўнай ступені яго можна аднесці да эксперыментальных. Ён быў пазначаны пошукамі, асвечаны рызыкай. У ім размова ідзе пра сапраўдныя адносіны паміж людзьмі, праз якія сцвярджаюцца найвышэйшыя маральныя каштоўнасці. Характэрнай асаблівасцю твора з’яўляецца тое, што носьбітам і абаронцам іх выступае хлопчык. Лордам героя робіць перш-наперш высакароднасць яго душы. Знаходкай спектакля можна лічыць запрашэнне на ролю Седрыка Эрала — лорда Фаўнтлероя — вучняў сярэдняй школы. Наіўнасць і непасрэднасць, з якімі яны жылі на сцэне, дапамагалі стварыць жывую і непаўторную атмасферу тэатральнага аповеду. У 1999 г. спектакль атрымаў прэмію імя Л. Мазалеўскай.

Вартым прызнання стаў спектакль «Палачанка» А. Дударава ў пастаноўцы А. Андросіка (2000). Сцэнічная мова спектакля ўдала спалучала агульнатэатральныя прыёмы ўмоўнасці і асаблівасці, спецыфічныя для дзіцячага тэатра, у першую чаргу яго павышаную кідкасць, відовішчнасць. У рэжысуры А. Андросіка яна атрымлівала рознае асэнсаванне. Магла замыкацца сама на сабе, а магла і выяўляць глыбокі агульначалавечы змест, у востра драматычнай форме сцвярджаць самацэннасць кожнага, звычайнага і простага чалавека. У 2001 г. спектакль «Палачанка» быў адзначаны прэміяй імя Е. Міровіча.

Андрэй Андросік паставіў спектакль «Камедыя» У. Рудава паводле твораў К. Марашэўскага і Ф. Аляхновіча ў Альтэрнатыўным тэатры (1991) і ў Мінскім абласным драматычным тэатры (г. Маладзечна, 1993).

Рэжысура А. Андросіка вызначаецца яркай тэатральнай відовішчнасцю, тонкім раскрыццём псіхалогіі сцэнічных характараў, здольнасцю стварыць адметную атмасферу дзеяння.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1966 года.

Узнагароды

правіць

Лепшыя спектаклі Андросіка былі адзначаны тэатральнымі прэміямі імя Л. Мазалеўскай (1999) і імя Е. Міровіча (2001).

Спасылкі

правіць