Аперацыя «Lam Son 719»

Lam Son 719 (Ламшон 719; в’етн.: Chiến dịch Lam Sơn 719) — кодавая назва ўварвання паўднёвав’етнамскай арміі на тэрыторыю Лаоса ў 1971 годзе ў ходзе В’етнамскай вайны. Аперацыя суправаджалася разлютаванымі баявымі дзеяннямі, буйнымі танкавымі баямі і завяршылася правалам.

Аперацыя «Lam Son 719»
Асноўны канфлікт: Вайна ў В’етнаме
Схема дзеянняў паўднёвав’етнамскай арміі ў ходзе Lam Son 719.
Схема дзеянняў паўднёвав’етнамскай арміі ў ходзе Lam Son 719.
Дата 8 лютага25 сакавіка 1971
Месца Лаос
Прычына імкненне знішчыць «сцежку Ха Шы Міна»
Вынік правал аперацыі
Праціўнікі
Паўднёвы В’етнам
ЗША
Сцяг Лаоса (1952-1975) Каралеўства Лаос
Паўночны В’етнам
В’етконг
Сцяг Лаоса Патэт Лаа
Камандуючыя
Хаанг Суан Лам
Крэйтан Абрамс
Джэймс Сазэрленд
Ле Чонг Тан
Ле Куанг Дао
Донг Шы Нгуен
Сілы бакоў
30 000 чалавек ад 25 000 да 35 000 чалавек[1]
Страты
даныя ЗША: ад 9065 да 19960 забіта і паранена, 1142 палонных
200 верталётаў[2]
заявы ДРВ: 556 лятальных апаратаў, 1138 баявых машын, 112 пазіцый артылерыі[3]
даныя ДРВ: 2163 забітых, 6176 параненых[4]
заявы ЗША: 19360 забітых, 2001 грузавік, 106 танкаў[5]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Перадумовы

правіць

У ходзе вайны ў В’етнаме паўночнав’етнамская армія стварыла на тэрыторыі Лаоса і Камбоджы так званую «сцежку Ха Шы Міна» — сістэму камунікацый, якая дазваляла перакідваць у Паўднёвы В’етнам буйныя воінскія падраздзяленні і забяспечваць іх. Пачаўшы праграму «в’етнамізацыі» і вывад амерыканскіх войск з Паўднёвага В’етнама, прэзідэнт Рычард Ніксан меркаваў, што неабходна выйграць час для абодвух мерапрыемстваў. Каб сарваць буйнае наступленне праціўніка, у маі—чэрвені 1970 года паўднёвав’етнамскія і амерыканскія сілы здзейснілі ўварванне ў Камбоджу, знішчыўшы частку размешчаных там базавых лагераў і складоў паўночнав’етнамцаў. Аперацыя была прызнана паспяховай. Пад уплывам поспеху ў Камбоджы было пачата планаванне больш амбіцыйнай аперацыі супраць «сцежкі Ха Шы Міна», на гэты раз у Лаосе.

План аперацыі Lam Son 719 прадугледжваў уварванне ў паўднёвую частку Лаоса ўздоўж французскай каланіяльнай дарогі № 9, захоп населенага пункта А-Луой (Бандонг) і развіццё наступлення на Чэпон. Меркавалася на кароткі час перарэзаць «сцежку Ха Шы Міна» і знішчыць у гэтым раёне базы праціўніка. Мэтай аперацыі было адтэрмінаваць бліжэйшае паўночнав’етнамскае наступленне, што дазволіла б дадаткова ўмацаваць паўднёвав’етнамскае войска.

Прынятая Кангрэсам ЗША папраўка Купера-Чорча забараняла прысутнасць на тэрыторыі Лаоса і Камбоджы якіх-небудзь наземных падраздзяленняў ЗША ці нават асобных амерыканскіх вайскоўцаў. Гэта значыла, што аперацыя Lam Son 719 павінна была праводзіцца выключна паўднёвав’етнамскімі войскамі, прычым нават без традыцыйнага кантролю з боку амерыканскіх ваенных саветнікаў[6]. ЗША маглі аказаць саюзнікам толькі артылерыйскую і авіяцыйную падтрымку, а таксама даць верталёты для перакідання байцоў.

Назва аперацыі была дадзена па вёсцы Ламшон у Паўночным В’етнаме — радзіме нацыянальнага героя В’етнама Ле Лоя. Лік 719 уключаў у сябе год аперацыі — 1971, а таксама нумар дарогі — 9.

Правядзенне

правіць

Папярэдні этап аперацыі, які меў кодавую назву «Dewey Canyon II», пачаўся 30 студзеня 1971. У ходзе гэтага этапу амерыканскія падраздзялення ўсталявалі кантроль над паўднёвав’етнамскім участкам дарогі № 9 і стварылі некалькі артылерыйскіх баз (FSB, Fire Support Base — база агнявой падтрымкі) для падтрымкі будучага ўварвання (у прыватнасці, была адноўлена база Кхешань, кінутая тры гады таму).

Ужо ў гэты перыяд адбыліся ўцечкі інфармацыі пра ўварванне ў амерыканскую прэсу. Нягледзячы на страту элемента нечаканасці, асноўная частка Lam Son 719 пачалася раніцай 8 лютага, калі перадавыя падраздзяленні паўднёвав’етнамскіх сіл (усяго ва ўварванні ўдзельнічалі да 20 тысяч паўднёвав’етнамскіх ваеннаслужачых пры падтрымцы палка танкаў M41) перайшлі мяжу. Удар наносіўся ўздоўж дарогі № 9. Для прыкрыцця асноўных сіл паўночней і паўднёвей дарогі была створана серыя артылерыйскіх баз. У першыя дні надыходзячыя не сустракалі супраціву і без якіх-небудзь цяжкасцяў занялі А-Луой. Пасля гэтага наступленне спынілася.

Пакуль паўднёвав’етнамскія войскі стаялі на месцы і ўмацоўвалі свае абарончыя пазіцыі, паўночнав’етнамцы ацанілі сітуацыю і перакінулі на поўдзень Лаоса падмацаванні. З сярэдзіны лютага паўночнав’етнамскія войскі пачалі метадычна знішчаць базы праціўніка на поўнач ад дарогі № 9. За кожную артылерыйскую базу адбывалася жорсткая бітва. У сваіх атаках паўночнав’етнамцы выкарыстоўвалі 88 танкаў: 22 ПТ-76 (202-і полк), 33 Т-54 (297-ы полк), 33 Т-34-85 (198-ы полк)[1].

У выніку гэтых дзеянняў правы фланг паўднёвав’етнамскай групоўкі ў Лаосе вельмі хутка зрабіўся аголены, што стварала перадумовы для яе акружэння. 23 сакавіка ў тыле на базу Кхешань прабраліся сапёры-паўночнав’етнамцы. У выніку адбыўся падрыў склада боепрыпасаў, было забіта 3 амерыканскіх салдата і 14 сапёраў. Версіі прычыны падрыву адрозніваюцца, многія крыніцы заяўляюць што падрыў вырабілі паўночнав’етнамскія дыверсанты, але прамы відавочца выбуху, амерыканскі ваенны інжынер Роберт П. Мілер, заявіў, што ўзгаранне адбылося з-за дзеянняў самой аховы базы. Адзін з асвятляльных снарадаў, якія амерыканцы запусцілі каб убачыць саміх сапёраў, недагарэў і ўпаў на скрыні з некіравальнымі ракетамі для верталётаў, што прывяло да ланцуговай рэакцыі, якая працягвалася некалькі гадзін[7].

Бачачы, што аперацыя знаходзіцца пад пагрозай зрыву, паўднёвав’етнамскае камандаванне вырашылася на правядзенне сімвалічнай акцыі па захопу Чэпона. 6 сакавіка два батальёна рэйнджараў на амерыканскіх верталётах перакінуты ў Чэпон, а затым былі эвакуяваны. «Узяць» горад мэта аперацыі Lam Son 719 была фармальна дасягнута. Паўднёвав’етнамскія войскі пачалі адступленне з Лаоса, адлюстроўваючы пастаянныя напады ворага і несучы цяжкія страты. На мяжы пад удар паўночнікаў трапілі войскі ЗША. У сутычках з імі паўночнав’етнамцы знішчылі 17 амерыканскіх танкаў M551, 76 бронетранспарцёраў і 67 грузавікоў[8]. Да 25 сакавіка вывад войск быў завершаны. Паўднёвав’етнамцам гэтая аперацыя каштавала ў 54 страчаных танка M41 (60 адсоткаў), 87 бронетранспарцёраў M113 (палова), 96 адзінак артылерыі, 211 грузавікоў і 37 бульдозераў[8][9].

Колькасць страчаных танкаў Паўночнага В’етнама дакладна невядома. З 88 задзейнічаных танкаў[1] амерыканскі гісторык Ф. Дэвідсан заяўляў, што было знішчана 106[5].

Вынікі

правіць

Аб поспеху рэйду ў Лаос заяўлялі амерыканскія афіцыйныя асобы, у тым ліку прэзідэнта Ніксана. У рэчаіснасці вынік аперацыі быў больш чым спрэчным. Нематываванае спыненне наступлення пасля першых некалькіх дзён прывяло да таго, што ў далейшым ініцыятыва цалкам перайшла да арміі Паўночнага В’етнама, у якой, да таго ж, з’явіўся час на перакідку дадатковых часцей у раён аперацыі. Паўднёўцы не мелі нават колькаснай перавагі над праціўнікам: у Лаосе знаходзілася каля 20 тысяч ваеннаслужачых, не лічачы амерыканцаў, чые наземныя войскі не ўдзельнічалі ў аперацыі (пры гэтым страціўшы значную колькасць наземнай тэхнікі[8]). Паўночны В’етнам усяго падчас абароны і наступнай контратакі страціў 2163 забітых і 6176 параненых[4]. Правал Lam Son 719 паказаў, што войска Паўднёвага В’етнама пакуль не здольна дзейнічаць самастойна, без амерыканскай падтрымкі.

Цэнтр армейскай авіяцыі ЗША заяўляў, што таксама адной з прычын правалу стала недастатковая ахова месцаў радыёсувязі. У ходзе аперацыі паўночнав’етнамцы скралі, знішчылі і захапілі каля 1500 радыёстанцый паўднёўцаў. Тады амерыканцы загадалі саюзнікам у выпадку з’яўлення цяжкасцяў выкарыстоўваць каляровыя дымавыя шашкі для падачы сігналаў амерыканскай авіяцыі. У выніку пры з’яўленні верталётаў ЗША практычна ўсе пазіцыі паўднёўцаў былі агорнуты шчыльным каляровым дымам[10].

Амерыканцы, якія аказвалі авіяцыйную падтрымку ў ходзе аперацыі, страцілі звыш за 100 лятальных апаратаў збітымі. Таксама больш за 600 атрымалі баявыя пашкоджанні, прычым значная частка (прыкладна 20 %[11]) пашкоджаных лятальных апаратаў ужо не падлягала рамонту[12]). Як паказваў камандуючы 7-й паветранай арміяй ЗША генерал Вільям Мом’ер, амерыканцы ўсяго незваротна страцілі каля 200 верталётаў[2].

Наступствы

правіць

6 красавіка, пераследуючы ворага, паўночнікі перайшлі мяжу і разграмілі базу Кхешань[13].

Зноскі

  1. а б в Основные кампании Коалиции Вьетнам-Лаос ... (Продолжение) 9-карательная кампания на юге Лаоса (часть 1). (на вьетнамском)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2020. Праверана 3 лютага 2020.
  2. а б We estimated the losses at 200 of more than 600 helicopters used./Air Power in Three Wars [WWII, Korea, Vietnam]. William W. Momyer. Department of Defense, Department of the Air Force. 1978. P.324
  3. Chiến thắng của sức mạnh đoàn kết Việt-Lào Архівавана 19 красавіка 2014.
  4. а б Viện Sử học, Lịch sử Việt Nam 1965–1975, NXB Khoa học xã hội, Hà Nội – 2002.
  5. а б Дэвидсон Ф. Война во Вьетнаме (1946—1975). — М.: Изографус, Эксмо, 2002. — С. 631.
  6. Некаторыя расійскія крыніцы памылкова сцвярджаюць, што наземныя падраздзяленні ЗША прымалі ўдзел у аперацыі. Гл.: М. В. Никольский. Боевые танки США. М.: АСТ; Астрель, 2001. Отрывок из книги об операции Lam Son 719 находится здесь Архівавана 19 мая 2008 года..
  7. Army, Том 40. Association of the United States Army. January 1990. P.34,35
  8. а б в Lam Son 719. Major-General Nguyen Duy Hinh. Pickle Partners Publishing. 2015. P.126,131
  9. They Called Defeat «Victory»: Lam Son 719 and the Case for Airpower. William P. Head. Air Power History. Vol. 63, No. 2 (SUMMER 2016). P.9
  10. United States Army Aviation Digest. U.S. Army Aviation Center, Volume 32, Number 8, 1986. P.9
  11. Lam Son 719 South Vietnam Invades Laos, 1971. James H. Willbanks
  12. Rattler One-Seven: A Vietnam Helicopter Pilot’s War Story. Chuck Gross. University of North Texas Press. 2006. P.179,180
  13. They Called Defeat «Victory»: Lam Son 719 and the Case for Airpower. William P. Head. Air Power History. Vol. 63, No. 2 (SUMMER 2016). P.20

Спасылкі

правіць
  • Дэвидсон Ф. Б. Война во Вьетнаме (1946—1975) = Vietnam at War: The History 1946-1975. — М.: Изографус, Эксмо, 2002. — С. 816.