Аракан
Арака́н — гістарычная вобласць у Паўднёва-Усходняй Азіі. Уключае паўночна-заходняе ўзбярэжжа сучаснай М’янмы ад вусця ракі Наф да дэльты ракі Іравадзі. Ад асноўнай тэрыторыі М’янмы аддзелена Араканскімі гарамі. Клімат трапічны, улетку адчуваецца ўплыў мусонаў.

Упершыню назва Аракан сустракаецца ў творах Клаўдзія Пталемея. Відавочна, яна паходзіць ад санскрыцкага слова ракшаса (санскр.: राक्षस), якое значыла дэманаў-людажэраў. Так у Індыі маглі называць мясцовае старажытнае насельніцтва.
У М’янме распаўсюджана думка, што ўжо да нашай эры тут жылі тыбета-бірманскія плямёны — продкі сучасных араканцаў. Аднак яна не мае фактычных археалагічных падцверджанняў. З III — IV стст. н. э. Араканскае ўзбярэжжа знаходзілася пад моцным уплывам індыйскай культуры. Паўночны Аракан увайшоў у склад дзяржавы дынастыі Чандра, якая, паводле запісаў канца I тысячагоддзя, мела індыйскае паходжанне. Асноўнай рэлігіяй у ёй стаў будызм. Арабскія гандляры, што наведвалі Аракан з VIII ст., называлі гэту дзяржаву Рухмі.
У XI — XIII стст. на Араканскім узбярэжжы існавала некалькі гарадоў-дзяржаў, якія выплочвалі даніну Паганскай імперыі, але не ўваходзілі ў яе склад. Пасля заняпаду Пагана ўзмацніўся ўплыў бенгальскіх валадароў. У пачатку XV ст. бірманцы захапілі Аракан. Мен Саа Мван, адзін з мясцовых князёў, збёг у Бенгалію і пры падтрымцы мясцовага султана адваяваў свае землі ў 1429 г. Ён заснаваў дынастыю Мраук-У. Створаная ёю дзяржава ў еўрапейскай гістарыяграфіі звычайна называецца Араканскім каралеўствам.
Валадары Мраук-У падтрымлівалі зносіны як з еўрапейскімі, так і індыйскімі гандлярамі. Некаторы час яны кантралявалі дэльту Ганга, адкуль на тэрыторыю Аракана маглі перасяляцца значныя групы індаарыйскага насельніцтва, што сталі продкамі сучасных рахінджа. Разам з імі ў Аракане адбылося распаўсюджанне ісламу, аднак ніякіх падверджанняў таму, што іслам спавядалі чальцы дынастыі Мраук-У, няма. У 1784 г. Аракан зноў быў заваяваны бірманцамі. Значная частка насельніцтва была гвалтоўна вывезена ў цэнтральную М’янму або збегла ў валоданні Брытанскай Ост-Індскай кампаніі.
У 1826 г. Аракан увайшоў у склад брытанскіх калоній. Першапачаткова ён кіраваўся з Чытагонга, але ў 1947 г. быў перададзены ў склад Бірманскай правінцыі. Пасля абвяшчэння незалежнасці Бірмы ў 1948 г. быў створаны штат Аракан, які пасля 1974 г. набыў назву Ракхайн.
Асноўнае насельніцтва складаецца з араканцаў, якія спавядаюць будызм, і рахінджа, асноўнай рэлігіяй якіх з'яўляецца іслам. У 1942 г., 1978 г., 2012 г., 2016 — 2017 гг. паміж прадстаўнікамі дзвюх груп насельніцтва адбываліся канфлікты. Найбольш востры характар набыў апошні канфлікт, калі ад 500 000 да 800 000 рахінджа былі вымушаны стаць бежанцамі.