Араліевыя (Araliaceae) — сямейства двухдольных раслін.
Дрэвы і хмызнякі, толькі некаторыя — ліяны і травы. Лісты звычайна буйныя, чарговыя, часта пальчатыя ці перыстыя, з дробнымі прылісткамі ў выглядзе перапончатых ускраін чаранкоў ці іншай будовы. Дробныя кветкі сабраны ў складаныя суквецці з парасонікаў, галовак ці каласоў. Чашачка прад-стаўлена маларазвітай суцэльнай ці зубчастай ускраінай на верхавінцы завязі. Пялёсткаў звычайна 5, яны свабодныя. Чаргуючыся з пялёсткамі, размяшчаюцца 5 тычынак. Гінецэй цэнакарпны, складаецца з 5-2 пладалісцікаў; лік гнёздаў ніжняй (толькі вельмі рэдка паўніжняй) завязі адпавядае ліку пладалісцікаў. У кожным гняздзе знаходзіцца па адным семязачатку, які развіваецца ў насенне, а адзін застаецца недаразвітым. На ўвагнутай ці, наадварот, выпуклай вярхушцы завязі знаходзіцца залозістая падушачка. Плады ў араліевых часта сакавітыя, могуць распадацца на асобныя плодзікі.
Сям’я налічвае 52 роды і 1200 відаў. Тэрыторыя распаўсюджання — трапічныя і субтрапічныя вобласці, невялікая колькасць відаў ёсць ва ўмераных зонах. У Беларусі прынамсі 2 віды — плюшч звычайны (Hedera helix) і выключна рэдкі шчыталіснік звычайны (Hydrocotyle vulgaris).
Зноскі
- ↑ Govaerts, R., Esser, H.-J., Frodin, D.G., Lowry, P.P., Wen, J. (2003). World Checklist of Arecaceae. The Board of Trustees of the Royal Botanic Gardens, Kew. Published on the Internet; http://www.kew.org/wcsp/ accessed 31 July 2009; 19:30 GMT
- ↑ Hydrocotyle // The Plant List (2013). Version 1.1. (англ.) (Праверана 6 красавіка 2015)
- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6