Даўжыня цела 72-83 см, размах крылаў 190—210 см. Самка большая за самца. Буры з белымі плямамі рознай велічыні на плячах. Гэтыя плямы звычайна адсутнічаюць ў аднагадовых птушак. Палавую сталасць і дарослае апярэнне набываюць прыкладна ў 5 гадоў, з цягам часу апярэнне цямнее і белыя плямы павялічваюцца. Хвост з папярочнай паласой, але гэта не заўседы ўдаецца разгледзець.
Мае падабенства з беркутам, адрозніваючыся ад яго меншымі памерамі, больш цёмнай агульнай афарбоўкай апярэння і светлай, жаўтлявага колеру галавой. Папуляцыя з Пірэнейскага паўвострава, якую раней традыцыйна разглядалі ў якасці аднаго з падвідаў магільніка, у цяперашні час звычайна вылучаецца ў самастойны від іспанскі магільнік (Aquila adalberti).
Пералётны від. Гняздуецца ў стэпавай і лесастэпавай паласе Еўразіі на ўсход да Байкала і цэнтральных раёнаў Кітая. Засяляе адкрытыя прасторы з астраўкамі лесу або асобнымі высокімі дрэвамі. Асноўныя біятопы: разрэджаныя ўчасткі старых, вялікіх па плошчы ліставых і змяшаных лясоў на раўнінах і ў невысокіх гарах (200—1000 м), лесастэпы і стэпы з групамі высокіх дрэў, прырэчныя лясы (на Каўказе), паўпустыні з зараснікамі саксаулу, а таксама ў сельскагаспадарчым ландшафце. Узімку жыве ў саванне з групамі дрэў, насяляе адкрытыя, сухія ландшафты, часта водна-балотныя тэрыторыі. Месца зімовак: Балканы, Малая Азія, паўночна-ўсходняя Афрыка (дэльта р. Ніл), поўнач Індыі, Пакістан, Індакітай і ўсход Кітая.
Палюе на сярэдняга памеру дзічыну — суслікаў, пясчанак, суркоў, невялікіх зайцоў, некаторых дробных птушак. На Беларусі вельмі рэдкі выпадкова залётны від.
Гняздо ў кроне высокага дрэва альбо ў зарасніках саксаулу. У выглядзе кола, аснова з сухіх галін; высцілка з сухіх травяністых раслін і галінак. Пад час адсутнасці прыкрывае яйкі і птушанят зялёнымі галінкамі. Памеры новага гнязда: дыяметр 1-2,4 м, вышыня 0,6-1,8 м.
Яйкі 2-3 (1-4), амаль эліптычныя або ўздутыя, белыя з чырвона-карычневымі або шэра-фіялетавымі мазкамі або плямкамі. Памеры 73,5 х 56,5 мм
Зноскі
- ↑ Напісанне Арол-магільнік у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.1. Мн., 1996, С.501
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X