Архітэктура Малдовы

Архітэктура Малдовы — архітэктура Малдаўскага княства, пазней Бесарабіі, Малдаўскай АССР, Малдаўскай ССР, сучаснай Рэспублікі Малдова і непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. Малдаўская архітэктура ўвасобіла ў сабе шматвяковыя традыцыі малдаўскага і іншых народаў, якія насяляюць краіну, а таксама тых народаў, з якімі Малдова падтрымлівала цесныя культурныя сувязі.

Гісторыя правіць

 
Макет Екімэўцкага гарадзішча

Да малдаўскай дзяржаўнасці правіць

На тэрыторыі Малдовы былі раскапаны паселішчы трыпольскай культуры (3 — пачатак 2-га тыс. да н.э.), помнікі культуры фракійцаў (з IX стагоддзя да н.э.), чарняхоўскай культуры (II—IV стст. н.э.), славянскіх плямёнаў (з VI стагоддзя н. э.). Славянскія гарады (з 10—11 стст.) мелі драўляна-земляныя і каменна-земляныя ўмацаванні (Екімэўцкае гарадзішча, Алчэдар).

Малдаўскае княства правіць

Пасля ўтварэння Малдаўскага княства ў 1359 годзе архітэктура пачала інтэнсіўна развівацца. Будаваліся галоўным чынам крэпасці і ўмацаваныя манастыры. Захаваліся Белгарад-Днястроўская, Бендэрская, Сарокская і Хатынская і іншыя крэпасці. Вялікую цікавасць уяўляе гісторыка-археалагічны комплекс Стары Архей, дзе захаваліся сляды пабудоў розных перыядаў. Драўляныя царкоўныя збудаванні сярэдневяковай Малдовы не захаваліся. Захаваныя каменныя цэрквы (Св. Тройцы ў Сірэце і Св. Мікалая ў Рэдэўці) уяўляюць сабой цудоўныя ўзоры малдаўскай архітэктуры, якая была распаўсюджана аж да пачатку XX стагоддзя.

Пры Стэфане III Вялікім развіваюцца гарады з крэпасцю і пасадам, яны абносяцца сценамі, драўляна-земляныя ўмацаванні замяняюцца каменнымі. Будуюцца цэрквы і манастыры, якія адрозніваюцца строгасцю канструкцый і арыгінальнасцю дэкору. Складваецца мясцовы трохчастковы (крыжападобны) тып праваслаўнага 1-нефнага бяскупальнага храма з прытворам, цэнтральнай часткай і апсідай (Успенская царква  (укр.) ў Кэўшані, XVIXVIII стст.) або з трыма апсідамі, які ўтвараюць трыліснік (Успенская царква ў Кэпрыянскім манастыры, сяр. XVI стагоддзя). Дзвярныя праёмы — спічастыя. У дэталях цэркваў і іх дэкаратыўным афармленні адчуваецца гатычны уплыў, які пранікаў у Малдову з Трансільваніі і Польшчы. З XV—XVI стст. у цэрквах ствараліся пахавальні з нішамі ў сценах. З'яўляецца і самабытная канструкцыя — «малдаўскі купал», які складаецца з двух ярусаў арак, дзе верхнія аркі падтрымліваюць барабан пад вуглом 45° адносна ніжніх (царква манастыра Рудзь  (руск.), 1774). Звонку храмы ўпрыгожваліся плоскімі нішкамі і арачнымі паяскамі. Малдаўская культавая архітэктура адрозніваецца і своеасаблівасцю вонкавага афармлення, якая дасягалася выкарыстаннем у дэкоры каляровых кафляў і чаргаваннем каменнай і цаглянай муроўкі. З XVI стагоддзя вонкавыя сцены храмаў упрыгожваліся яркімі каляровымі фрэскамі на біблейскія тэмы (манастыры Варанец  (руск.), Малдавіца). Цэрквы таго перыяду вянчалі высокія востраканцовыя дахі з вялікім вынасным карнізам. У XVII стагоддзі ў афармленні храмаў пачала выкарыстоўвацца разьба па камені (цэрквы манастыроў Трох Свяціцеляў  (рум.) у Ясах і Драгамірны  (рум.)), якая распаўсюдзілася пад уплывам рускага і армянскага дойлідства.

Другая палова XVII — пачатак XVIII стст. характарызуюцца ўздымам малдаўскага дойлідства. Тады былі пабудаваны Успенская царква ў Кэўшані і Дзмітрыеўская царква ў Археі. Захаваліся і драўляныя цэрквы XVIII—XIX стст. у сёлах Гарадзішча, Варнічэнь, Ратунда і інш. Яны звычайна маюць прамавугольны ці 8-гранны зруб, накрыты шатровым дахам. Цікавыя і найстарэйшыя кішынёўскія цэрквы: Мэзэракеўская царква (1752), Царква Канстанціна і Алены (1777), Армянская (1803), Дабравешчанская (18071810), Харламбіеўская (1812) і Георгіеўская (1818).

Спасылкі правіць