Бабелдааб
Бабелда́аб (англ.: Babeldaob), у мінулым Бабелтуа́п (англ.: Babelthuap) — найбуйнейшы востраў у складзе Палау. На Бабелдаабе знаходзіцца Нгерулмуд — сталіца краіны. Плошча — 374,1 км². Насельніцтва (2005 г.) — каля 6,5 тысяч чал.
Бабелдааб | |
---|---|
англ. Babeldaob | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 374,1 км² |
Найвышэйшы пункт | 242 м |
Насельніцтва | 6 500 чал. (2005) |
Шчыльнасць насельніцтва | 17,38 чал./км² |
Размяшчэнне | |
7°31′49″ пн. ш. 134°33′53″ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Каралінскія астравы |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьБабелдааб — востраў на захадзе Каралінскага архіпелага. Знаходзіцца ў 2211 км на поўнач ад Аўстраліі і ў 2805 км на ўсход ад Азіі. Даўжыня — 46,2 км. Найбольшая шырыня — 16,6 км.
Бабелдааб уяўляе сабою паверхню падводнага хрыбта, мае старажытнае вулканічнае паходжанне. Узнік каля 70 мільёнаў гадоў таму. Пакрыты невысокімі пагоркамі. Найвышэйшы з іх, гара Нгерчэлчуус, дасягае ўсяго 242 м над узроўнем мора. Паўднёвая нізінная частка сфарміравана караламі. Узбярэжжа адрозніваецца разнастайнасцю рэльефа, прарэзана невялікімі гаванямі На востраве шмат кароткіх рэк. Рачная сетка складае прыкладна 555,1 км. Адзінае возера Нгардок займае 4,85 га. Знойдзены невялікія радовішчы золата.
Клімат трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература складае прыкладна +28 °C. Сярэднемесячная колькасць ападкаў — ад 272 мм да 531 мм. Сухі сезон прыпадае на зімовыя месяцы. Найбольш дажджлівыя месяцы — красавік і май.
Прырода
правіцьНа Бабелдаабе вылучаюць некалькі экасістэм — нізінныя, прыбярэжныя, мангравыя, рачныя лясы, хмызнякі, саванна, лугі, каля берага — каралавыя рыфы, зараснікі водарасцей і лагуны. Лясы займаюць каля 170 км², у тым ліку мангры — 25,7 км². Налічваецца 820 відаў раслін, 25 % з якіх — эндэмікі. 29 % раслін былі завезены ў розныя гістарычныя перыяды чалавекам.
Фаўна адрозніваецца некаторай разнастайнасцю ў параўнанні з іншымі астравамі Мікранезіі. Бабелдааб насяляюць 50 відаў птушак, 40 відаў прэснаводных рыб, 20 відаў яшчарак, 5 відаў змей, 1 від жаб. Бабелдааб — адзінае месца ў Мікранезіі, дзе сустракаюцца марскія кракадзілы.
Гісторыя
правіцьНа каралавых астравах на поўдзень ад Бабелдааба ў 2006 г. былі знойдзены 2 пахавальныя пячоры з рэшткамі маларослых насельнікаў пачатку 3 тысячагоддзя да н. э. Мяркуюць, што першыя людзі сучаснага тыпу маглі з’явіцца на Бабелдаабе яшчэ раней. У сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. з Азіі сюды перасяліліся мікранезійцы — продкі сучасных палаўанцаў. Згодна паданням, першапачаткова яны жылі на паўднёвых каралавых астравах, і толькі пазней асвоілі вялікі востраў. Мікранезійцы займаліся земляробствам і рыбалоўствам, стварылі развітую неалітычную культуру.
У 1542 г. востраў быў адкрыты іспанцамі. У XVII ст. фармальна далучаны да іспанскіх калоній. Але сталыя кантакты з еўрапейцамі пачаліся толькі з 1783 г. У 1885 г. іспанскія ўлады афіцыйна размясцілі на Бабелдаабе каланіяльную адміністрацыю, але ў 1899 г. продалі яго Германіі разам з іншымі сваімі ўладаннямі ў Мікранезіі. У 1914—1944 гг. востраў кантралявала Японія. У 1947—1994 гг. ён знаходзіўся пад апекай ЗША. Пасля абвяшчэння незалежнасці Палау ўвайшоў у склад гэтай дзяржавы.
Спасылкі
правіць- Islands of Palau Архівавана 4 лютага 2012.
- palauconservation.org Архівавана 5 жніўня 2013.
- Palau, Republic of
- Micronesia Places We Protect: The Republic of Palau
- History of Palau Архівавана 26 лістапада 2013.