Палаўа́нцы або палау (палаўан.: Belau, ngukokl a Belau) — карэннае мікранезійскае насельніцтва Палау. Жывуць таксама ў ЗША, на Гуаме і ў іншых краінах. Прыкладная агульная колькасць (2013 г.) — 26 600 чал.[1][2][3]

Палаўанцы
(Belau, ngukokl a Belau)
Агульная колькасць 26600
Рэгіёны пражывання Палау
Мова палаўанская
Рэлігія культ продкаў, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы чамора, япанцы

Паходжанне

правіць
 
Карта Палау

Астравы Палау, відавочна, з’яўляюцца найстаражытнейшым месцам у Акіяніі пасля Новай Гвінеі, куды трапіў чалавек сучаснага тыпу. Даследаванне пячор Учэліўнгс і Амедакел у 2006 г. і 2007 г.[4] паказала, што там меліся пахаванні 2890 г. да н. э. — 1420 г. да н. э., якія належалі старажытным людзям вельмі нізкага росту. Вага дарослых мужчын была ў сярэднім 43,2 кг, а жанчын — усяго толькі 28,7 кг. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што іх продкі з’явіліся на Палау не пазней за 5 тысячагоддзе да н. э. Аднак сувязь паміж старажытнымі насельнікамі астравоў і сучаснымі палаўанцамі не з’яўляецца даказанай.

Большасць даследчыкаў лічыць непасрэднымі продкамі палаўанцаў аўстранезійцаў, што перасяліліся на Палау ў сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. з Філіпінскіх астравоў. У адрозненне ад сваіх маларослых папярэднікаў, яны ведалі мараплаўства і земляробства. Гэта тэорыя мае лінгвістычныя[5] і археалагічныя[6][7] пацверджанні. Генетычныя даследаванні паказалі, што паходжанне сучасных палаўанцаў мае змешаны характар[8], так што магчыма асіміляцыя іх продкамі-аўстранезійцамі некаторых груп старажытных абарыгенаў.

Самі палаўанцы мяркуюць, што з’яўляюцца тубыльцамі, нашчадкамі багіні Чуаб, цела якой ператварылася ў іх астравы[9]. Паводле вусных паданняў, перасяленне на самы буйны востраў Бабелдааб адбывалася з паўднёвых астравоў. Археолагі высветлілі, што ў сярэднявеччы палаўанцы актыўна займаліся сельскай гаспадаркай і мелі сталыя сувязі з суседнімі Каралінскімі астравамі.

Гісторыя

правіць
 
Правадыры Корара, фота 1915 г.

У 1542 г. астравы Палау былі адкрыты іспанцамі і ў XVII ст. фармальна абвешчаны іспанскай тэрыторыяй. Аднак ніякіх захадаў для сапраўднай каланізацыі Іспанія не прадпрымала. У 1783 г. каля Палау адбылося крушэнне брытанскага карабля «Антылопа». Каманда на чале з капітанам Генры Вільсанам выратавалася і 3 месяцы правяла на беразе. Брытанцы сталі першымі еўрапейцамі, якія пачалі кантакты з мясцовымі жыхарамі. Да таго часу сувязі палаўанцаў з іншымі астравамі Мікранезіі перарваліся, мараплаўства абмяжоўвалася прыбярэжным рыбалоўствам. Былі населены толькі 10 астравоў. Іх насельніцтва складала прыкладна 50 тысяч чалавек[10], значна болей, чым у наш час. Ібедул, адзін з мясцовых правадыроў, аказаў дапамогу Г. Вільсану, за што той узяў яго сына Лібу для адукацыі ў Вялікабрытанію, аднак там хлопец памёр ад воспы[11]. Гісторыя Лібу шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі і ў выніку аказала ўплыў на англійскую асветніцкую літаратуру.

У 1885 г. Іспанія прадпрыняла меры для каланізацыі астравоў. Была створана мясцовая адміністрацыя, праводзілася хрысціянізацыя насельніцтва. У 1899 г. калонія была прададзена разам з іншымі Каралінскімі астравамі Германіі. У 19141944 гг. краіна знаходзілася ў залежнасці ад Японіі. Каланіяльнае кіраванне суправаджалася ўкараненнем рынкавай эканомікі і забаронай многіх звычаяў. У 1922 г. Корар стаў галоўным адміністрацыйным цэнтрам японскіх уладанняў у Мікранезіі. Яго насельніцтва вырасла да 40 тысяч чалавек, але толькі 10 % з іх былі палаўанцамі. Астатнія з’яўляліся перасяленцамі з Японіі і Карэі.

Пасля паражэння Японіі ў II сусветнай вайне ў 19471994 гг. астравы Палау знаходзіліся пад апекай ЗША. У пасляваенны перыяд з’явіўся мясцовы нацыянальны рух, што абапіраўся на старадаўнія культурныя традыцыі і развіццё палаўанскай мовы[12]. 1 кастрычніка 1994 г. была абвешчана незалежнасць Рэспублікі Палау.

Культура

правіць

Асноўнымі заняткамі палаўанцаў здаўна былі земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва. Земляробства лічылася пераважна жаночай справай. Вырошчвалі тара, маніёк, какосы, бананы, шпінат, дыннае дрэва і г. д.[13] На Палау існавалі простыя формы меліярацыі. Кожная гаспадыня адначасова мела затоплены агарод для тара і звычайны — для іншых культур. Затопленыя агароды злучаліся сеткай невялікіх каналаў з рэкамі і ручаямі. На нізкіх прыбярэжных глебах будаваліся дамбы для абароны пасадак ад марской паводкі. Рыбалоўства, наадварот, разглядалася як мужчынскі занятак[14]. Рыбу лавілі недалёка ад берага, каля каралавых рыфаў. Пры гэтым карысталіся лодкамі, з якіх ныралі ў ваду і білі рыбін гарпунамі. Шырока ўжываліся плеценыя сеткі і пасткі[15]. Збіральніцтвам займаліся і жанчыны, і мужчыны. У лесе, сярод каралаў і манграў збіралі малюскаў, крабаў, яйкі і гнёзды птушак, ядомыя і лекавыя травы, карэнне і плады. Да прыходу еўрапейцаў палаўанцы выраблялі кераміку, займаліся апрацоўкай дрэва, разьбярствам, важную ролю ў гаспадарцы адыгрывала пляценне.

У канцы XVIII — пачатку XX стст. асноўным тыпам паселішча з’яўлялася вёска, якая будавалася пад гарой або пагоркам. У ёй жыло каля дзесяці пашыраных сем’яў, якія ў сваю чаргу падзяляліся на малыя нуклеарныя. Статус пашыраных і малых сем’яў значна адрозніваўся згодна з рангамі, якія іх члены займалі ў грамадстве, прычым рангі перадаваліся па спадчыне. На чале вёскі стаяла рада правадыроў, якая збіралася ў агульнай абшчыннай хаціне баі. У яе склад уваходзілі правадыры-прадстаўнікі пашыраных сем’яў. Вёска звычайна падзялялася на дзве паловы, размешчаныя адна насупраць другой. На чале іх стаялі па 4 правадыры, улада якіх лічылася амаль безумоўнай. Яшчэ адзін правадыр выступаў у якасці пасрэдніка паміж дзвюма паловамі. Кожная палова вёскі мела свае мужчынскія і жаночыя аб’яднанні і «клубы», будынкі для збору чальцоў аб’яднанняў. Вёскі былі выцягнутыя ў бок мора. Мужчынскія «клубы» будаваліся бліжэй да ўзбярэжжа[16]. Хаціны былі каркаснымі, памяшчаліся на каменныя платформы. Вёскі аб’ядноўваліся ў ваенна-палітычныя федэрацыі.

Паколькі на зямлі працавалі жанчыны, зямельная і маёмасная спадчына перадавалася па жаночай лініі. Адлік сваяцтва целунгалек вёўся па маці, а не па бацьку. Палігінія практыкавалася амаль выключна правадырамі. Пры гэтым кожная жонка мела сваю хаціну. Разводы і паўторныя шлюбы лічыліся нармальнай з’явай. Пашыранымі сем’ямі кіравалі рады старэйшых мужчын і жанчын. Правадыр прадстаўляў сям’ю на вясковым сходзе. Ён разглядаўся як недатыкальная асоба. У наш час захаваўся звычай не датыкацца да старэйшых паважаных людзей без асаблівай патрэбы.

У XX ст. працэсы урбанізацыі і іншаземнага ўплыву садзейнічалі разбурэнню традыцыйнага грамадства, зніжэнню ролі сельскай гаспадаркі і згубы правадырамі сваёй улады на карысць выбраных або прызначаных з боку адміністрацыі дзеячоў. Але нават са зменамі ў грамадстве палаўанцы працягваюць захоўваць многія цырымоніі, у тым ліку амерсурч (нараджэння), ачэраол (засялення ў новы дом), кемелдзііл (пахавання) і інш. Адметнай рысай народнай культуры з’яўляецца цікавасць да роднай гісторыі. Шырока прадстаўлена вусная традыцыя пераказу гістарычных падзей. Вядомы так званыя «гістарычныя дошкі», на якіх выразалі малюнкі, звязаныя з гісторыяй вёскі або пэўнага правадыра. У мінулым яны захоўваліся ў баі, а ў наш час іх стварэнне разглядаецца як асобны від мастацтва. У старажытнасці была таксама распаўсюджана петрагліфіка.

Танцы звычайна мелі сакральны характар і арганізоўваліся падчас свят, маглі суправаджацца спевамі. З распаўсюджаннем хрысціянства адметнай з’явай у народнай культуры стала харавое выкананне песень. Але песеннае мастацтва не абмежавана толькі рэлігійнымі функцыямі. У традыцыйным грамадстве крытыка і адкрытае высмейванне старэйшых па рангу суграмадзян забаранялася і магло карацца фізічнай расправай. Таму на Палау з’явіўся звычай жартоўных песень, прысвечаных пэўнай асобе. Іх выконвалі ў паўсядзённым жыцці або падчас цырымоній. Развіццё турызму садзейнічае пашырэнню цікавасці да традыцыйнага мастацтва сярод моладзі. Штогод у сярэдзіне лета на Палау арганізуецца маляўнічы фестываль мясцовай культуры.

Рэлігія

правіць

У аснове старажытнай рэлігіі палаўанцаў знаходзіўся культ продкаў. Багі, сярод якіх асабліва вылучалася багіня Чуаб, разглядаліся як першапродкі сучасных насельнікаў астравоў. Рэлігійныя рытуалы праводзіліся правадырамі або старэйшымі чальцамі абшчыны.

У канцы XIX ст. іспанскія місіянеры распаўсюдзілі каталіцызм. У наш час яго спавядае большасць вернікаў (41,6 %), астатнія — пратэстанты і прыхільнікі культу мадэкнгеі.

Палаўанская мова адносіцца да заходнемікранезійскай галіны малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. З’яўляецца афіцыйнай мовай Рэспублікі Палау.

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць