Багіня са змеямі — шэраг вотыўных статуэтак з розных матэрыялаў (фаянс, тэракота, бронза, слановая косць і інш.) з выявай жанчыны са змеямі. Першыя тры, якім далі адпаведнае імя, былі знойдзены Артурам Эвансам у 1903 г. падчас раскопак у Кносе і інтэрпрэтаваны ім як артэфакты Мінойскай цывілізацыі. Жаночыя статуэткі са змеямі знаходзілі да заканчэння раскопак у 1930 г. Іх агульная колькасць не вызначана, паколькі многія прадаваліся ў прыватныя калекцыі і не фіксаваліся ў каталогах. У нашы дні большасць з іх лічацца падробкамі.

Вялікая Багіня са змеямі, Археалагічны музей Іракліяна

Гісторыя правіць

У 1903 г. падчас раскопак у Кносе брытанскай экспедыцыяй на чале з Артурам Эвансам у каменных скрынях у памяшканні побач з палацавым комплексам былі знойдзены 3 жаночыя фаянсавыя статуэткі. Адносна добра захавалася толькі адна, большая па памерах. Другая, самая меншая, не мела галавы, а трэцяя, прамежкавая па памерах, захавалася толькі ў выглядзе ніжняй часткі да таліі. Дзве першыя статуэткі былі рэканструяваны, але дакладнасць рэканструкцыі ў нашы дні аспрэчваецца.

У нашы дні дзве статуэткі з першай знаходкі экспануюцца ў Археалагічным музеі Іракліяна. Акрамя таго, вядомы і вывучаны спецыялістамі іншыя падобныя статуэткі: вырабленая са слановай косці, што захоўваецца ў Бостанскі музей (вядома з 1914 г.), стэатытавая статуэтка ў Мастацкім музеі Уолтэрса ў Балтымары (вядома з 1929 г.), тэракотавая статуэтка з Гарціны каля Кноса, бронзавая статуэтка ў Берліне. Колькасць статуэтак, што трапілі ў прыватныя калекцыі і не былі каталагізаваны, дакладна не вядома. Мяркуецца, што большасць з іх захоўваецца ў ЗША.

У 1920-я гг. грэчаская паліцыя выявіла 3 падробленыя статуэткі тыпу багінь са змеямі, знайшла майстэрню, што іх вырабляла, але судовыя разборы так і не пачаліся. Артур Эванс адпрэчыў здагадку, нібы іншыя статуэткі таксама могуць быць падробкамі, і заявіў, што сучасныя яму майстры не ўмеюць ствараць прадметы падобнай якасці. У канцы XX ст. амерыканскі эксперт Кенет Лапацін вывучыў 15 статуэтак, захоўваемых у ЗША, і прыйшоў да высновы, што ніводная з іх не была выраблена ў перыяд існавання Мінойскай цывілізацыі.

Апісанне правіць

Першыя 3 кноскія статуэткі выраблены з фаянсу і пакрыты шкляным глазурам з абпаленага кварцу. Маюць выгляд жанчын у пышнай вопратцы, з шырокай спадніцай і аголенымі грудзьмі, якія трымаюць у руках змей. Меншая з гэтых фігурак мае вышыню 29,5 см, яна трымае змей у паднятых руках. Яе галава і шыя былі рэканструяваны, прычым пасля рэканструкцыі галава набыла галаўны ўбор, увенчаны выявай жывёлы з сямейства каціных. Прыналежнасць галаўнога ўбору менавіта гэтай статуэтцы была вырашана Артурам Эвансам аднаасобна. Але пазней эксперты паставілі пад сумненне правільнасць рэканструкцыі.

Найбольшая статуэтка вышынёй 34,2 см — у высокім галаўным уборы, адна змяя аплятае яе рукі і спіну, іншая змяя вузлом абплятае яе талію і грудзі, трэцяя сядзіць на галаўным уборы. Гэтая фігурка таксама прыйшла не ў ідэальным стане: яна была рэканструявана на падставе захаванага торса, правай рукі, галавы і шапкі, карыстаючыся параўнаннем з меншай статуэткай.

Вопратка выяўленых жанчын адпавядае выявам прыдворных паннаў на фрэсках Кноскага палаца. Тым не меней, менавіта рэканструкцыя гэтых фрэсак выклікае найбольшыя сумненні сярод сучасных спецыялістаў.

Інтэрпрэтацыі правіць

Артур Эванс адназначна лічыў статуэткі артэфактамі Мінойскай цывілізацыі і сведчаннем шанавання старажытнай багіні. Крытыкі заўважаюць, што думка пра гэта з’явілася ў яго пасля прачытання артыкула Дж. Дж. Фрэзера, у якім той рэканструяваў культ багіні-маці ў старажытнай Малой Азіі. Статуэткі сталі важнымі ў тлумачэнні рэлігійных уяўленняў мінойцаў, паказанні на глыбокую старажытнасць іх культуры, пазней выкарыстоўваліся даследчыкамі і грамадскімі дзеячамі ў якасці доказу тэорыі матрыярхату.

На працягу XX ст. гісторыкі, культуролагі, пісьменнікі і грамадскія дзеячы высунулі некалькі гіпотэз, якія тлумачылі знешні выгляд статуэтак і наяўнасць у іх змеяў. Іх імкнуліся звязаць з вядомымі блізкаўсходнімі, старажытнагрэчаскімі і старажытнаегіпецкімі артэфактамі, называлі папярэдніцамі Афіны і іншых багінь Старажытнай Грэцыі. Некаторыя ставілі пад сумненне тое, што статуэткі адлюстроўвалі багінь, паколькі яны болей нагадваюць жрыц або нават простых верніц.

Змеяў інтэрпрэтавалі як сувязь з хатнімі бажаствамі мінойскіх манархаў, палеалітычнымі вераваннямі, замагільным светам, культам урадлівасці. На апошняе могуць таксама паказваць аголеныя грудзі выяў. Існуе здагадка, што аголеныя грудзі сімвалізуюць жалобу.

Іншыя змяіныя багіні правіць

Зноскі

Літаратура правіць

  • Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
  • Gere, C. Knossos and the Prophets of Modernism / C. Gere. — University of Chicago Press, 2009. ISBN 9780226289540
  • Marinatos, N. Sir Arthur Evans and Minoan Crete: Creating the Vision of Knossos / N. Marinatos. — London, New York: I.B.Tauris, 2015. ISBN 9781780768113

Спасылкі правіць