Банда (індан.: Kepulauan Banda) — архіпелаг на захадзе Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Малуку. Плошча — 180 км². Насельніцтва - каля 15 000 чал.

Банда
індан. Banda
Востраў Банда-Апі
Востраў Банда-Апі
Характарыстыкі
Колькасць астравоў11 
Найбуйнейшы востраўвостраў Банда-Бесар 
Агульная плошча180 км²
Насельніцтва15 000 чал.
Шчыльнасць насельніцтва83,33 чал./км²
Размяшчэнне
4°33′36,20″ пд. ш. 129°55′35,80″ у. д.HGЯO
АрхіпелагМалукскія астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Банда (астравы) (Інданезія)
Банда
Банда
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія і прырода правіць

Астравы Банда месцяцца на поўдзень ад архіпелага Малукскія астравы і часам уключаюцца ў яго склад. Уяўляюць сабою паверхню падводнай дугі вулканічнага паходжання. Рэльеф большасці астравоў узгорысты. Сушу атачаюць каралавыя рыфы. Усяго налічваецца 11 астравоў. Самы буйны — востраў Банда-Бесар.

Навакольныя воды і каралавыя рыфы славяцца біялагічнай разнастайнасцю. Тут сустракаюцца марскія чарапахі і блакітныя кіты.

Для астравоў Банда характэрны вільготны трапічны клімат. Найбольш вільготны і спякотны месяц — снежань, калі сярэдняя тэмпература трымаецца каля 28°C - 29°C, а колькасць ападкаў дасягае 400 мм. У жніўні сярэдняя тэмпература 25°C - 26°C, колькасць ападкаў не перавышае 50 мм.

Гісторыя правіць

Астравы Банда былі населены каля 8000 гадоў таму. Каля 2 - 3 тысяч гадоў таму на ім з'явіліся аўстранезійцы. Да XVI ст. тубыльцы сфарміравалі некалькі дзяржаўных утварэнняў, на чале якіх стаялі спадчынныя кіраўнікі аранг-каі (літаральна "багатыя людзі") . Банданезцы вырошчвалі мушкатовы арэх, што куплялі гандляры з Явы, Сулавесі і Малакі, а потым перапрадавалі ў іншыя краіны свету. Хаця арэх быў вядомы і на іншых Малукскіх астравах, менавіта пастаўкі з Банда з'яўляліся асноўнымі да сярэдзіны XIX ст.

У 1512 г. экспедыцыя з 3 партугальскіх караблёў упершыню дасягнула астравоў Банда. Дзякуючы заваяванню Малакі партугальцы здолелі падпарадкаваць гандаль мушкатам на заходнім напрамку. Аднак ніякай заваёўніцкай палітыкі на саміх астравах яны не праводзілі, хаця ў 1529 г. высоўваўся праект пабудовы ваеннай крэпасці на востраве Нейра.

У пачатку XVII ст. на Банда прыбылі англійскія і галандскія гандляры. Англічане здолелі замацавацца на малых астравах Рун і Аі. Прадстаўнікі вострава Рун наведалі Англію і нават афіцыйна прызналі сваё дзяржаўнае ўтварэнне залежным ад Якава I. Пасля стварэння Галандскай Ост-індскай кампаніі ў 1602 г. жыхары вострава Нейра былі прымушаны падпісаць пагадненне аб наданні кампаніі манапольных правоў на закуп мушкатовага арэха. Гандаль мушкатам даваў каля 300% прыбыткаў, таму адыграў вельмі важную ролю ў станаўленні кампаніі.

У 1609 г. галандцы па загаду Морыца Аранскага пачалі будаўніцтва крэпасці без дазволу мясцовых аранг-каі. У выніку тубыльцы паўсталі і забілі 46 галандскіх маракоў разам з кіраўніком экспедыцыі. Нягледзячы на гэта, у 1611 г. на востраве Нейра была ўзведзена галандская крэпасць Белгіка. У 1616 г. галандцы захапілі англійскія ўмацаванні на востраве Аі і вывезлі адтуль мясцовых жыхароў. У 1621 г. яны канчаткова заваявалі востраў Нейра. Пры гэтым усе аранг-каі і многія простыя астравіцяне былі забіты. Частка банданезцаў перабралася на астравы Кай, дзе іх нашчадкі жывуць і ў нашы дні. На астравах Лантар, Нейра і Апі захавалася каля 1000 тубыльцаў, ператвораных у рабоў. Іх землі былі падзелены на 68 плантацый perken, перададзеных у карыстанне галандцам. На плантацыях выкарыстоўвалася рабская праца, арэхі скупаліся Галандскай Ост-Індскай кампаніі па фіксаваных коштах. У 1667 г. Англія і Нідэрланды адмовіліся ад кантролю над востравам Рун. Пасля таго, як англічане пакінулі яго, галандцы знішчылі на ім насаджэнні мушкатовага арэха.

Каланіяльнае панаванне галандцаў і іх манаполія на мушкат працягваліся некалькі стагоддзяў. У 1810 г. астравы Банда былі часова захоплены брытанцамі, якія вывезлі парасткі арэхавых дрэў на Цэйлон. У 1945 г. астравы Банда былі ўключаны ў склад незалежнай дзяржавы Інданезія.

Асаблівасці эканомікі і культуры правіць

Асноўныя галіны гаспадаркі — вырошчванне мушкатовых арэхаў і рыбалоўства. Востраў прыцягвае турыстаў, пераважна аматараў нырання з аквалангам. Мясцовыя жыхары — нашчадкі галандскіх рабоў і інданезійска-галандскіх крэолаў. Яны размаўляюць на асабістым дыялекце. Таксама шырока распаўсюджана інданезійская мова.

Спасылкі правіць