Шры-Ланка

астраўная краіна ў Паўднёвай Азіі
(Пасля перасылкі з Цэйлон)

Шры-Ланка з санскр.: Бласлаўлёная зямля (сінг.: ශ්රී ලංකා, тамільск.: இலங்கை) Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка (ДСРШЛ), дзяржава ў Паўднёвай Азіі, месціцца на востраве Шры-Ланка ў Індыйскім акіяне ля паўднёвага ўскрайку паўвострава Індастан.

Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка
ශ්‍රී ලංකා ප්‍රජාතාන්ත්‍රික සමාජවාදී ජනරජය
இலங்கை ஜனநாயக சமத்துவ குடியரசு
Герб Шры-Ланкі
Сцяг Шры-Ланкі Герб Шры-Ланкі
Гімн: «Sri Lanka Matha»
Дата незалежнасці 4 лютага 1948 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйныя мовы сінгальская і тамільская
Сталіца Шры-Джаявардэнепура-Котэ (частку сталічных функцый выконвае г. Каломба)
Найбуйнейшы горад Каломба
Форма кіравання Рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Анура Кумара Дысанаяке
Раміл Вікрамасінгхе
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
119-я ў свеце
65 610 км²
1,9
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

22 409 381[1] чал. (58-я)
327 чал./км²  (43-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$298 310 млн
$13 847
ІРЧП (2018) 0,770[2] ()
Валюта Ланкійская рупія
Інтэрнэт-дамен .lk
Код ISO (Alpha-2) LK
Код ISO (Alpha-3) LKA
Код МАК SRI
Тэлефонны код +94
Часавыя паясы +5:30

Шры-Ланка — унітарная рэспубліка змешанага тыпу. Сталіца краіны дэ-факта — горад Каломба, дэ-юрэ (з 1985) — Шры-Джаявардэнепура-Котэ, фактычна паўднёва-заходні прыгарад Каломба. У Котэ размешчаныя парламент, вярхоўны суд і некаторыя міністэрствы, у Каломба знаходзяцца ўрад і рэзідэнцыя прэзідэнта. Шры-Ланка ўваходзіць у Садружнасць нацый, Рух недалучэння, стаіць ля вытокаў Паўднёва-Азіяцкай асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва (СААРК).

Прырода вострава адметная выключнай разнастайнасцю рэльефу, цёплым вільготным мусонным кліматам, багатымі воднымі рэсурсамі, разнастайным раслінным і жывёльным светам, што спрыяе развіццю турызму.

Шры-Ланка мае даўнюю і багатую гісторыю, значная частка якой прайшла ў барацьбе паміж сінгальскімі і тамільскімі дзяржавамі. Стваралася будысцкая культурная спадчына (каноны, летапісы, храмы). Зручныя гавані рабілі востраў важным пунктам Марскога шаўковага шляху. З ХVI стагоддзя пачалося пранікненне на востраў еўрапейцаў: спачатку партугальцаў, потым нідэрландцаў. Пры гэтым цэнтральныя раёны вострава (Канды) захоўвалі самастойнасць. Толькі англічанам у пачатку ХІХ стагоддзя ўдалося падпарадкаваць усю Шры-Ланку. У 1948 краіна атрымала незалежнасць, у 1972 змяніла назву з Цэйлона на Шры-Ланку.

Насельніцтва шматнацыянальнае, хоць пераважаюць дзве этничныя групы: сінгалы і тамілы. Першыя складаюць тры чацвёртых насельніцтва краіны і вызнаюць будызм, другія з большага індуісты, а жывуць на поўначы. Сепаратысцкія імкненні тамілаў прывялі да стварэння ўзброенай паўстанцкай групоўкі — «тыграў Таміл-Ілама» — і сапраўднай грамадзянскай вайны (1983—2009), скончанай дзякуючы паспяховым ваенным дзеянням урадавых сіл. Іншыя народы: абарыгенны народ веды, маўры (ларакала — нашчадкі арабаў і мясцовых мусульман), бюргеры (нашчаткі партугальцаў і нідэрландцаў), ланкійскія цыганы, кафіры (афрыканцы), кітайскія і малайскія мігранты[4]. Канстытуцыя дзяржавы замацоўвае за будызмам «вядучае месца» і дае шматлікія прывілеі, хоць і не прызнае дзяржаўнай рэлігіяй.

Па ВУП на душу насельніцтва ў Паўднёвай Азіі Шры-Ланка саступае толькі Мальдывам. І толькі гэтыя дзве дзяржавы ў рэгіёне маюць высокі індэкс чалавечага развіцця.

Этымалогія

правіць

Паводле «Махавамсы» ў старажытныя часы востраў насіў назву Тамбапані, што ў перакладзе азначае «медна-чырвоныя рукі» або «медна-чырвоная зямля», так яго назваў легендарны кароль Віджая, бо ў яго паплечнікаў рукі былі чырвоныя ад мясцовай глебы[5][6]. Хіндуісцкія творы, такія як «Рамаяна», называлі востраў Ланка (у перакладзе проста «востраў»). Старажытным грэкам гэтая зямля была вядома пад назвай Тапрабана (ст.-грэч. Ταπροβανᾶ або Ταπροβανῆ)[7] ад Тамбапані. У Сярэднявеччы арабы і персы называлі востраў Сарандзіб[8]. Партугальцы ў 1505 далі яму назву Ceilão[9], адкуль пайшло шырокавядомае англійскае Цэйлон[10]. У 1972 краіна змяніла назву на Шры-Ланку (у перакладзе — «блаславёная зямля»), але тапонім «Цэйлон» неафіцыйна ўжываецца і сёння (з чым актыўна змагаюцца ланкійскія ўлады).

Геаграфія

правіць

Геаграфічнае становішча

правіць

Шры-Ланка займае аднайменны востраў, другі па памерах у Індыйскім акіяне. Плошча Шры-Ланкі — 65 тыс. кв. км. Працягласць берагавой лініі — 1585 км. Марская дзвесцемільная эканамічная зона краіны ўсямёра большая за яе тэрыторыю. Прыбярэжныя воды багатыя на прадуктыўныя экасістэмы: каралавыя рыфы, марскія травы эстуарыяў і інш.

Ад паўвострава Індастан Шры-Ланку аддзяляюць Манарскі заліў і Полкскі праліў. На поўначы — паўвостраў Джафна. Так званы Адамаў мост — ланцужок выспаў на водмелі ў Полкскім праліве — калісьці злучаў Шры-Ланку з мацерыком так, што па ім можна было перайсці пешшу, але, па дадзеных летапісаў, быў разбураны землятрусам разам з узнятым ім штормам каля 1481 г. Пралівы паміж выспачкамі «моста» вельмі мелкаводныя і не прыдатныя для навігацыі.

Рэльеф

правіць
 
Рэльеф Шры-Ланкі
 
Цэнтральнае плато

Востраў Шры-Ланка знаходзіцца на Індыйскай літасфернай пліце, што яшчэ нядаўна лічылася часткай Інда-Аўстралійскай пліты. Рэльеф вострава надзвычай разнастайны. Па ўсім перыметры Шры-Ланка аблямавана прыбярэжнымі нізінамі з пляжамі.

Большую частку краіны займаюць узгорыстыя раўніны. Цэнтральна-паўднёвую частку вострава займае складзенае гранітамі і гнейсамі Цэнтральнае плато вышынёй да 2,5 км, вышыні пераважна ў 1000—2000 метраў. Найбольшая вышыня — гара Підуруталагала (2524 м.)[4]. Крыху ніжэй за яе вядомы сваёй канічнай формай пік Адама (2243 м).

Клімат

правіць

Клімат субэкватарыяльны, на поўдні экватарыяльны. Мусоны доўжацца з кастрычніка па сакавік паўночна-ўсходні і з чэрвеня па кастрычнік паўднёва-заходні. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад з 1300—2000 мм. да 2500—3000 мм. Сярэднямесячная тэмпература каля 27 °C, у гарах 23—25 °C, на горным курорце Нувара-Элія (2000 м. над узроўнем мора) сярэднегадавая тэмпература 15 °C[4].

Прыродныя рэсурсы

правіць

Карысныя выкапні: каштоўныя і паўкаштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты); графіт, вапнякі, фасфарыты; будаўнічыя матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты); на паўночным і паўднёвым усходзе ўзбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі ( ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый)[4]. У Манарскім заліве разведаны невялікія запасы нафты, распачатая здабыча.

На востраве сто тры ракі, найдаўжэйшая — Махавелі (330 км[4]), басейн якой займае пятую частку Шры-Ланкі. Рэкі Цэнтральнага плато багатыя на вадаспады: усяго налічваецца пяцьдзясят адзін вадаспад вышэйшы за 10 м. Рэкорд вышыні належыць вадаспаду Бамбараканда (241 м).

Флора і фаўна

правіць

Раслінны свет — вільготныя экватарыяльныя лясы з разнастайным відавым складам (панданусы, пальмы і інш.). Каля 7000 га займаюць мангравыя лясы. Жывёльны свет вельмі багаты, што ўвогуле не надта характэрна для астравоў: дзікія буйвалы, сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы, алені замбар, мядзведзь-губач, шмат відаў малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках вядуцца кракадзілы[4]. Дванаццаць нацыянальных паркаў (сярод іх Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла[4]), тры запаведнікі і пяцьдзясят адна рэзервацыя займаюць 14 % тэрыторыі вострава.

Гісторыя

правіць

Дакаланіяльная гісторыя

правіць

Рэшткам найдаўнейшых знойдзеных археолагамі паселішчаў не меней як 125 000 гадоў.

Найстаражытнейшымі насельнікамі Шры-Ланкі былі продкі ведаў, якія адносіліся да веда-аўстралоіднай расы.

Сінгалы прыбылі на востраў каля VI ст. з паўночнай Індыі на чале з, як лічыцца паводле паданняў, Віджаям. Першай сінгальскай дзяржавай стала Тамбапані. У III—XIII стагоддзях на востраве існавалі буйныя сінгальскія каралеўствы са сталіцамі спачатку ў Анурадхапуры, а пасля ў Паланаруве.

У канцы 1 тысячагоддзя да н. э. з Паўднёвай Індыі на Шры-Ланку пачалі перасяляцца тамілы. Іх поспеху садзейнічала ўзаемная барацьба сінгальскіх уладароў за трон. Узвышэнне тамільскай дынастыі Чола на поўдні Індыі прывяло да паступовага заняпаду Анурадхапуры. У 1017 г. н. э. Чола спустошылі Анурадхапуру і далучылі Шры-Ланку да сваёй імперыі. У 10281029 гг. вобласць Рухуна па поўдні Шры-Ланкі вызвалілася з-пад іх улады. Сінгальскі князь Вікрамабаху I захапіў у 1070 г. горад Паланарува і зрабіў яго сваёй сталіцай. Найбольшай магутнасці гаспадары Паланарувы дасягнулі пры Паракрамбаху I Вялікім (11231186 гг.), які вёў актыўную знешнюю палітыку. Але яго спадкаемцы не здолелі ўтрымаць адзінства. На поўначы ў XIII ст. ўзнікла дзяржава Ар’ясакарварці з цэнтрам у Джафне. Яе заснавальнік Магха (12151236 гг.) быў родам з Калінгі ва Ўсходняй Індыі, аднак знаходзіўся ў падначаленым стане ў адносінах да паўднёваіндыйскай тамільскай дынастыі Пандзі. Іх войны супраць сінгальскіх уладароў прывялі да заняпаду Паланарувы, якая ў 1302 г. канчаткова страціла сваю моц і была закінута жыхарамі.

Каланіяльная гісторыя

правіць

У 1505 г. Шры-Ланку ўпершыню наведалі партугальцы. Да кан. XVI ст. яны здолелі падначаліць Ар’ясакарварці і ўзбярэжныя тэрыторыі, населеныя сінгаламі. Аднак далейшы наступ хрысціян углыб вострава быў спынены аб’яднанымі сіламі сінгальскіх дзяржаў з цэнтрамі ў Канды і Сітаваке (сучасны горад Авісавела). У XVII ст. уладары Канды ў барацьбе з Партугаліяй заручыліся падтрымкай Нідэрландаў. З дапамогай сінгалаў нідэрландцы захапілі ўсходняе і паўднёвае ўзбярэжжы. У 1656 г. Нідэрланды самастойна адабралі ў партугальцаў Каломба, а ў 1658 г. — Джафну. Такім чынам, у іх руках апынулася амаль усё ўзбярэжжа вострава, а разам з ім і кантроль над знешнім гандлем Шры-Ланкі. У 1739 г. да ўлады ў Канды прыйшла дынастыя Наякаў, якія спавядалі будызм, але мелі тамільскае паходжанне. Яны шукалі падтрымкі ў Францыі і Вялікабрытаніі.

У 1785 г. Нідэрланды былі заняты войскамі рэвалюцыйнай Францыі, што дазволіла Брытанскай Ост-Індскай кампаніі акупаваць галандскія ўладанні на востраве. У 1798 г. была створана асобная брытанская цывільная адміністрацыя для кіравання калоніяй з цэнтрам у Каломба; у выніку войн 18031805 і 1815 гг. была падначалена дзяржава з цэнтрам у Канды. Новыя ўлады праводзілі даволі складаную палітыку рэфармавання: адмянілі рабства, увялі брытанскую судовую сістэму, пабудавалі сетку дарог і стварылі буйныя камерцыйныя плантацыі. Асабліва паспяховым стаў вопыт вырошчвання ў горнай мясцовасці чаю, які ператварыўся ў галоўную экспартную культуру ў канцы XIX ст. Для працы на плантацыях увозіліся рабочыя-тамілы з Індыі, што спрыяла павелічэнню тамільскай абшчыны. Пры генерал-губернатары існавалі Выканаўчы і Заканадаўчы саветы, але мясцовае насельніцтва ў іх амаль не было прадстаўлена.

У другой палове XIX — пачатку XX стст. з’явіўся сінгальскі нацыяналістычны рух, які арыентаваўся не толькі на этнічныя і дзяржаўныя, але і рэлігійныя каштоўнасці. Тамільскія палітычныя арганізацыі ўзніклі пазней, адрозніваліся радыкалізмам і падтрымлівалі шчыльныя сувязі з Індыяй. Рух за незалежнасць суправаджаўся канфліктамі паміж сінгаламі, таміламі і мусульманамі-маўрамі. Брытанскія ўлады былі вымушаны ісці на саступкі. У пачатку XX стагоддзя яны пашырылі мясцовае самакіраванне, увялі Канстытуцыю і права на усеагульнае галасаванне. 4 лютага 1948 г. быў абвешчаны дамініён — форма самакіравання, якая прадугледжвала захаванне на востраве шырокіх правоў брытанскай манархіі. Канчаткова брытанцы пакінулі Шры-Ланку ў 1957 г.

Пасля набыцця незалежнасці

правіць

Пасляваенны перыяд характарызаваўся канкурэнтнай барацьбой паміж сінгальскімі і тамільскімі палітычнымі арганізацыямі. У 1956 г. большасць галасоў атрымала кааліцыя сінгальскіх нацыяналістычных партый на чале з Саламонам Дыясам Бандаранаіке (1899—1959 гг.). Ён заняў пост прэм’ер-міністра і пачаў праводзіць палітыку, накіраваную на дасягненне самастойнасці ад Вялікабрытаніі і ўшчамленне правоў тамілаў. Дзяржаўнай мовай замест англійскай была абвешчана сінгальская. 22 мая — 27 мая адбыліся пагромы тамілаў з боку сінгальскага насельніцтва. Гэта было першае масавае гвалтоўнае этнічнае сутыкненне пасля XVIII ст. 26 верасня 1959 г. Саламон Дыяс Бандаранаіке быў застрэлены будысцкім манахам. У 1960 г. кабінет міністраў узначаліла яго ўдава Сірымава Дыяс Бандаранаіке (19162000 гг.). Яна адрознівалася харызматычнасцю і арыентавалася на падтрымку сацыялістычных партый. У выніку 22 мая 1972 г. была абвешчана Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка.

Сацыялістычныя рэформы не прынеслі плёну. У 1980 г. С. Д. Бандаранаіке была абвінавачана ў злоўжываннях і згубіла магчымасць удзельнічаць у палітыцы. У 1978 г. парламент зацвердзіў новую Канстытуцыю. Шры-Ланка стала прэзідэнцкай краінай. Тамільская мова атрымала афіцыйны статус на частцы яе тэрыторыі. У ліпені 1983 г. баевікі з «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама» забілі трынаццаць салдат, што стала пачаткам шматгадовай кровапралітнай грамадзянскай вайны паміж таміламі і сінгаламі. Яна скончылася толькі ў 2009 г. дзякуючы рашучым дзеянням арміі і ўрада на чале з прэзідэнтам Махіндам Раджапаксам (нар. у 1945 г.).

Шры Ланка сур’ёзна пацярпела ў выніку цунамі 26 снежня 2004 года. Загінула каля сарака тысяч чалавек, сотні тысяч засталіся без прытулку, інфраструктура ўсходняга і паўднёвага ўзбярэжжа была практычна разбураная. Шры Ланка звярнулася па дапамогу да міжнароднай супольнасці. Яна была аказана, у тым ліку з боку Рэспублікі Беларусь.

Палітыка

правіць

Дзяржаўны лад

правіць

Паводле дзеючай Канстытуцыі 1978 года, Шры-Ланка — унітарная рэспубліка, на чале якой стаіць прэзідэнт, што абіраецца прамым і таемным галасаваннем тэрмінам на шэсць гадоў. Прэзідэнт узначальвае вышэйшую выканаўчую ўладу і з’яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі краіны, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў кабінета, вызначае склад Вярхоўнага суда. На выбарах якія адбыліся 18 лістапада 2005 года прэзідэнтам быў абраны Махінда Раджапаксэ, якога 9 студзеня 2015 змяніў Майтрыпала Сірысена, прадстаўнік Партыі свабоды Шры-Ланкі (ПСШЛ).

Аднапалатны парламент (225 месцаў) абіраецца тэрмінам на шэсць гадоў. Пост прэм’ер-міністра з лістапада 2006 па жнівень 2015 года займаў Ратнасыры Вікрэманаякэ (ПВШЛ). 17 жніўня 2015 новым прэм’ерам стаў Раміл Вікрамасінгхэ, прадстаўнік Аб’яднанай нацыянальнай партыі (АНП). Міністр замежных спраў — Мангала Самаравіра (ПСШЛ).

У Шры-Ланцы ў цяперашні час дзейнічае каля сарака розных палітычных партый, палітызаваных грамадскіх і прафсаюзных рухаў. Вядучае месца займаюць Партыя свабоды Шры-Ланкі (ПСШЛ), Аб’яднаная нацыянальная партыя (АНП), НФВ (Народны фронт вызвалення), якія прадстаўляюць інтарэсы розных пластоў у асноўным сінгальскага насельніцтва. На працягу апошніх сарака гадоў, фактычна змяняючы адна другую, краінай кіравалі ПСШЛ і АНП. У жніўні 2015 адбыліся чарговыя парламенцкія выбары, на якіх АНП атрымала перамогу і ўзначаліла кааліцыю парламенцкай большасці.

Адміністрацыйны падзел

правіць

Шры-Ланка — унітарная дзяржава. Востраў дзеліцца на дзевяць правінцый, якія ў сваю чаргу падзеленыя на дваццаць пяць раёнаў.

Знешняя палітыка

правіць

Шры-Ланка — член Садружнасці нацый з 1948 года, «Плана Каломба» — з 1950 года, ААН — з 1955 года, Руху недалучэння — з 1961 года, Паўднёва-Азіяцкай арганізацыі рэгіянальнага супрацоўніцтва (СААРК) з 1985 і шмат якіх іншых міжнародных арганізацый. Шры-Ланка выступае за ўмацаванне ролі ААН як універсальнай інструмента ўрэгулявання міжнародных адносін, за колькаснае пашырэнне складу Рады Бяспекі, улічваючы геаграфічны фактар і справядлівае прадстаўніцтва дзяржаў як развітых, так і ў стадыі развіцця.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікай Шры-Ланка ўсталяваны 20 лістапада 2000 г.

Насельніцтва

правіць
 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

З насельніцтвам у 22,5 млн чалавек Шры-Ланка з’яўляецца адным з самых населеных астравоў свету, у Індыйскім акіяне крыху саступаючы Мадагаскару (25 млн). А вось па гушчыні насельніцтва Шры-Ланка (330 чал/кв.км) пераўзыхозіць Мадагаскар у дзевяць разоў і ў гэтым паказчыку падобная да Японіі. Для краіны, як і для ўсёй сучаснай Паўднёвай Азіі, характэрны запаволены станоўчы прырост насельніцтва (0,76 % у 2017) з перавагай дзяцей і маладых асоб у працаздольным узросце. Нараджальнасць усё яшчэ значна пераўзыходзіць смяротнасць, але на адну жанчыну цяпер прыходзіцца 2,1 дзіцяці (2017)[1].

 
Веды, дарослы і малеча

З насельніцтва Шры Ланкі (2012) каля 74,8 % складаюць сінгалы, што адносяцца да індаеўрапейскіх народаў. 18 % — тамілы, якія належаць да дравідыйскай моўнай сям’і і маюць больш цёмны колер скуры. Тамілы насяляюць паўночны і ўсходні берагі вострава. Яны дзеляцца на ланкійскіх тамілаў, што жылі тут спрадвеку, і індыйскіх, якія былі завезеныя англічанамі з Індыі для работ на плантацыях. 9,2 % складаюць маўры — нашчадкі мясцовых жыхароў ды арабаў, што пачалі сяліцца па берагах вострава з VIII ст. Ёсць таксама некалькі тысяч ведаў — спрадвечных жыхароў Паўднёвай Азіі аўстралоіднай расы, бюргеры — нашчадкаў партугальцаў, галандцаў і англічан, малайцы.

Дзяржаўная мова — сінгальская. На ёй размаўляюць сінгалы, меншая частка маўраў, веды. Тамільская мова мае афіцыйны характар у акругах, дзе тамілы складаюць большасць насельніцтва. Таксама тамільская мова родная для большай часткі маўраў. Бюргеры размаўляюць на крэольскай партугальскай мове. Шырока распаўсюджана англійская мова, што выступае сродкам міжнацыянальных зносін.

Этнічнаму складу ў асноўным адпавядае і рэлігійная прыналежнасць: будызм вызнаюць каля 70 % (у асноўным сінгалы), індуізм — больш за 17 % (галоўным чынам тамілы). Іслам вызнаюць прыкладна 8 % (у асноўным гэта маўры). Бюргеры гістарычна прыхільнікі хрысціянства, шмат хрысціян і сярод іншых народаў.

Востраў заселены даволі раўнамерна, але найбольш шчыльна на захадзе, асабліва густа заселены раён сталічнай агламерацыі. Большасць насельніцтва сельская — Шры-Ланка адносіцца да самых слабаўрбанізаваных краін свету (усяго 18 % у 2018 годзе[1]). Найбуйнейшыя гарады — Каломба (600 000), Кадувела (250 000), Махарагама (200 000), Гале, Трынкамалі, Джафна, Канды.

Эканоміка

правіць

У часы брытанскага панавання Шры-Ланка стала вядучым сусветным вытворцам карыцы, натуральнага каўчуку, асноўным таварам вострава стаў чай. За гады незалежнасці Шры-Ланка з аграрнай краіны з плантацыйнай гаспадаркай ператварылася ў аграрна-індустрыяльную дзяржаву (прамысловасць дае каля 30,5 % ВУП)[1]. І сёння па ВУП на душу насельніцтва Шры-Ланка апярэджвае Індыю, Пакістан і ў Паўднёвай Азіі саступае толькі Мальдывам. Значную частку ВУП ствараюць грашовыя пераводы ланкійскіх гастарбайтараў з краін Персідскага заліва.

У цэлым эканамічная палітыка ўрада, заснаваная на рыначых прынцыпах, стварае досыць спрыяльныя ўмовы для развіцця краіны. Асноўнымі задачамі ўрада ў галіне эканомікі застаюцца стабілізацыя фінансавага становішча, рэалізацыя праграмы прыватызацыі стратных дзяржпрадпрыемстваў, прыцягненне замежных інвестыцый, ажыццяўленне ключавых сацыяльных праграм. З 2016 краіна выконвае праграму МВФ, што можа забяспечыць эканамічны рост, захоўваючы макраэканамічную стабільнасць.

Негатыўнае ўздзеянне на эканоміку краіны ў 1983—2009 аказвала грамадзянская вайна. Падчас этнічнага канфлікту амаль 10 % тэрыторыі краіны апынуліся выведзенымі з гаспадарчага абарачэння; выдаткі ўрада на ваенныя патрэбы складалі да 25 % дзяржаўнага бюджэту. Магутны ўдар па эканоміцы краіны нанесла цунамі 26 снежня 2004 года, выкліканае землятрусам паблізу вострава Суматра. Лік загінулых у Шры-Ланцы наблізіўся да 40 тысяч чалавек, эканамічны ўрон склаў 1,3 млрд долараў ЗША. Была нанесеная сур’ёзная шкода жыллю і рыбалоўству, а таксама турыстычнай індустрыі (120—130 млн долараў ЗША). Да галоўных праблем Шры-Ланкі адносяцца традыцыйна вялікі дзяржаўны доўг, які склаў 75 млрд долараў ЗША (79,4 % ВУП), а таксама раздзьмутыя рэгіянальныя і сацыяльныя бюджэты. Дэфіцыт дзяржбюджэту складае каля 8 % ВУП.

 
Праца на чайнай плантацыі

Здабыўная прамысловасць Шры-Ланкі базуецца на здабычы графіту, каштоўных камянёў, руд рэдкіх металаў. Вядучыя галіны апрацоўчай прамысловасці — швейная (гатовае адзенне) і харчовая (цукар, гарбата). У сельскай гаспадарцы асноўнымі культурамі з’яўляюцца рыс і чай, першы — на ўнутраны, другі — на знешні рынак. Шры-Ланка ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па вытворчасці і экспарту чаю. Таксама ў экспартных мэтах вырошчваюцца цукровы трыснёг, гевея, кава. Пасля сканчэння грамадзянскай вайны (2009) імклівы рост дэманструе турыстычны сектар. Шры-Ланка становіцца важным фінансавым і тэлекамунікацыйным рэгіянальным цэнтрам. У 2017 урад паставіў задачу ператварыць востраў да 2025 года ў высокатэхналагічны экспартаарыентаваны вузел у Індыйскім акіяне.

Абарот знешняга гандлю ў 2016 склаў 41,4 млрд долараў ЗША. Аб’ём экспарту павялічыўся да 18 млрд дол., а імпарту да 23 млрд долараў ЗША.[11] Дэфіцыт знешнегандлёвага сальда перавысіў 5 млрд долараў ЗША. Асноўныя артыкулы экспарту тавараў — гатовае адзенне, гарбата, каўчук (паслуг — турызм); імпарту — машыны і абсталяванне, нафта, тэкстыль, пшаніца, цукар, угнаенні, лекі. Галоўныя гандлёвыя партнёры — ЗША, Кітай, Вялікабрытанія, Індыя, Сінгапур і інш. Прэферэнцыяльны гандлёвы статус з краінамі ЕС дазваляе бязмытна ўвозіць шмат якія ланкійскія тавары на еўрапейскі рынак. Гандлёвы абарот з Беларуссю у 2012—2016 гг. зменшыўся з 46 да 21 млн долараў[12].

Адукацыя

правіць

Па ўзроўні адукацыі (пісьменнасць насельніцтва — 90 % паводле даных 2000 года) Шры Ланка займае адно з вядучых месцаў у Азіі. Навучанне ў дзяржаўных школах бясплатнае, маецца вялікая сетка платных школ. Лік студэнтаў у ВНУ перавышае 25 тыс. чалавек. Галоўныя ВНУ — універсітэты ў гарадах Каломба, Канды, Матара.

Сродкі масавай інфармацыі

правіць

У краіне існуе шэсць асноўных газетна-выдавецкіх аб’яднанняў, якія выпускаюць каля пяцідзесяці газет і часопісаў на трох мовах — англійскай, сінгальскай і тамільскай. Штодзённы тыраж усіх газет дасягае 300 тыс. Найбуйнейшыя з іх: «Дэйлі ньюз», «Абсэрвер», «Айленд». Дзяржаўная радыёвяшчальная карпарацыя — «Sri Lanka Broadcasting Corporation» —вядзе перадачы на трох мовах, ахопліваючы вяшчаннем усю краіну. Тэлебачанне прадстаўлена дзвюма дзяржаўнымі праграмамі і чатырма каналамі, перыядычна дублююцца навіны BBC, CNN.

Культурная спадчына

правіць

Гл.Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА на Шры-Ланцы

 
Сігірыя («ільвіная крэпасць») — абаронча-храмавы комплекс

Да аб’ектаў Сустветнай спадчыны аднесены шэсць архітэктурна-гістарычных (крэпасць Сірыгія, Старажытны горад Паланарува і інш.) і два прыродныя аб’екты.

Пік Адама (2243 м.) — святыня трох рэлігій: будызму (паводле паданняў Буда дакрануйся гары нагой падчас наведвання вострава), ісламу («след» на гары належыць Адаму) і індуізму (бо Буда прызнаны чалавечым увасабленнем Вішну).

Нацыянальнае свята: Дзень незалежнасці — 4 лютага. Таксама ў краіне адзначаюць будысцкія, мусульманскія і хрысціянскія святы[13].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць

Спасылкі

правіць