Насельніцтва Шры-Ланкі

З насельніцтвам у 22,5 млн чалавек, Шры-Ланка з'яўляецца адным з самых населеных астравоў свету, у Індыйскім акіяне крыху саступаючы Мадагаскару (25 млн). Насельніцтва фактычна двунацыянальнае: пераважаюць будысты-сінгалы, на поўначы жывуць індуісты-тамілы. Сепаратысцкія імкненні тамілаў прывялі да стварэння ўзброенай паўстанцкай групоўкі — "тыграў Таміл-Ілама" — і сапраўднай грамадзянскай вайны (1983-2009), скончанай дзякуючы паспяховым ваенных дзеянняў урадавых сіл. Іншыя народы: мясцовыя маўры і веды; кітайскія і малайскія мігранты. Канстытуцыя дзяржавы замацоўвае за будызмам "вядучае месца" і дае шматлікія прывілеі, хоць і не прызнае дзяржаўнай рэлігіяй.

Дэмаграфія правіць

 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Для краіны, як і для ўсёй сённяшняй Паўднёвай Азіі, характэрны запаволены станоўчы прырост насельніцтва (0,76 % у 2017) з перавагай дзяцей і маладых асоб у працаздольным узросце. Нараджальнасць усё яшчэ значна пераўзыходзіць смяротнасць, але на адну жанчыну цяпер прыходзіцца 2,1 дзіцяці (2017)[1].

Этнічны склад правіць

 
Веды, дарослы і малеча

З насельніцтва Шры Ланкі (2012) каля 74,8% складаюць сінгалы, што адносяцца да індаеўрапейскіх народаў. 18% — тамілы, якія належаць да дравідыйскай моўнай сям'і і маюць больш цёмны колер скуры. Тамілы насяляюць паўночны і ўсходні берагі вострава. Яны дзеляцца на ланкійскіх тамілаў, што жылі тут спрадвеку, і індыйскіх, якія былі завезеныя англічанамі з Індыі для работ на плантацыях. 9,2% складаюць маўры — нашчадкі мясцовых жыхароў ды арабаў, што пачалі сяліцца па берагах вострава з VIII ст. Налічваецца таксама некалькі тысяч ведаў — спрадвечных жыхароў Паўднёвай Азіі аўстралоіднай расы, а яшчэ бюргераў — нашчадкаў партугальцаў, галандцаў і англічан, а таксама малайцаў.

Мовы правіць

Дзяржаўная мова — сінгальская. На ёй размаўляюць сінгалы, меншая частка маўраў, веды. Тамільская мова мае афіцыйны характар у акругах, дзе тамілы складаюць большасць насельніцтва. Таксама тамільская мова родная для большай часткі маўраў. Бюргеры размаўляюць на крэольскай партугальскай мове. Шырока распаўсюджана англійская мова, што выступае сродкам міжнацыянальных зносін.

Рэлігійны склад правіць

Этнічнаму складу ў асноўным адпавядае і рэлігійная прыналежнасць насельніцтва: будызм вызнаюць каля 70% (у асноўным сінгалы), індуізм — больш за 17% (галоўным чынам тамілы). Іслам вызнаюць прыкладна 8% (у асноўным гэта маўры. Бюргеры гістарычна з'яўляюцца прыхільнікамі хрысціянства, шмат хрысціян і сярод між іншых народаў.

Рассяленне і ўрбанізацыя правіць

Па гушчыні насельніцтва Шры-Ланка (330 чал/кв.км) пераўзыхозіць ужо ўзгаданы Мадагаскар у 9 разоў і ў гэтым паказчыку падобная да Японіі. Востраў заселены даволі раўнамерна, але найбольшая шчыльнасць назіраецца на захадзе, асабліва густа заселены раён сталічнай агламерацыі. Большасць насельніцтва сельская — Шры-Ланка адносіцца да самых слабаўрбанізаваных краін свету (усяго 18 % у 2018 годзе[2]). Найбуйнейшыя гарады — Каломба (600 000), Кадувела (250 000), Махарагама (200 000), Гале, Трынкамалі, Джафна, Канды.

Зноскі