Банджарскі султанат
Банджа́рскі султанат (бандж.: كسلطانن بنجر, Kasultanan Banjar) — дзяржава на поўдні вострава Калімантан у 1526 — 1860 гг.
Гістарычная дзяржава | |||
Банджарскі султанат | |||
---|---|---|---|
كسلطانن بنجر | |||
|
|||
|
|||
Сталіца | Банджармасін | ||
Рэлігія | іслам | ||
Форма кіравання | Абсалютная манархія | ||
Пераемнасць | |||
< Негара-Даха | |||
Галандская Ост-Індыя > |
Гісторыя
правіцьУ сярэднявеччы выхадцы з Явы і Суматры стварылі на поўдні Калімантана шэраг індуісцкіх дзяржаў, залежных ад імперый Шрывіджая і Маджапахіт. У пачатку XVI ст. у дзяржаве Негара-Даха адбыўся раскол з-за спадчыны манарха. Уладу захапіў прынц Пангеран Тумангунг, а яго пляменнік Радэн Самудра быў вымушаны хавацца сярод рыбакоў у вусці ракі Барыта. З дапамогай мусульман з Явы ён здолеў перамагчы Пангерана Тумангунга, прыняў іслам і заснаваў у 1526 г. Банджарскі султанат з цэнтрам у Банджармасіне.
Росквіт Банджарскага султаната адбыўся ў гады кіравання чацьвёртага султана Мустэйна Білаха (1595 — 1638 гг.). Дзякуючы вытворчасці і гандлю чорным перцам Банджармасін ператварыўся ў важны эканамічны цэнтр Паўднёва-Усходняй Азіі. У 1637 г. яго насельніцтва значна павялічылася дзякуючы бежанцам з Явы, што ратаваліся ад дынастычных войн. Сюды актыўна перасяляліся выхадцы з суседняга вострава Сулавесі. Каля 1663 г. быў складзены летапіс «Хікаят Банджар» на банджарскай мове, які адлюстроўваў генеалогію султанскай дынастыі.
У 1757 г. бугі і Галандская Ост-Індская кампанія ўмяшаліся ва ўнутранны канфлікт, што адбыўся паміж спадчыннікамі прастолу. Султан Тахмідула II, стаўленнік галандцаў, у выніку перамог, што дапамагло Ост-Індскай кампаніі абвясціць свой пратэктарат. Але ў 1799 г. кампанія была ліквідавана, і галоўны ўплыў на некаторы час перайшоў да кітайскіх гандляроў. Яны ўсталёўвалі прамыя сувязі з рэгіянальнымі лідарамі, так што цэнтральная ўлада значна саслабла. У 1826 г. адміністрацыя Галандскай Ост-Індыі дамаглася заключыць новы дагавор з султанам Адамам Аль-Ватсікам, згода якому пад кантроль галандцаў трапілі значныя тэрыторыі, дзе раней гаспадарылі кітайскія гандляры, Банджарскі султанат абавязваўся мець вонкавыя сувязі толькі з Галандскай Ост-Індыяй.
У 1852 г. галандцы прызначылі афіцыйным спадчыннікам прастолу прынца Тамджыдулаха, які не меў падтрымкі сярод банджарцаў. Насуперак іх воле Адам Аль-Ватсік завяшчаў уладу прынцу Хідаятулаху. Пасля яго смерці ў 1857 г. паміж спадчыннікамі ўспыхнула вайна. У 1859 г. галандскія ваенныя занялі Банджармасін. У адказ банджарцы пачалі забіваць еўрапейцаў. Важную ролю ў руху супраціўлення адыгралі мусульманскія прапаведнікі. Тамджыдулах быў вымушаны зрачыся прастолу. Галандцы запрасілі на яго пасаду Хідаятулаха, але той не даверыўся ім. У 1860 г. адміністрацыя ў Батавіі абвясціла прамое кіраванне султанатам. У 1862 г. Хідаятулах здаўся ў палон і быў высланы на Яву, аднак паўстанні супраць галандцаў працягваліся да 1905 г.