Баркулабаўскі летапіс

Баркулабаўскі летапіс, Баркалабаўскі летапіс, Баркулабаўская хроніка — адзін з беларуска-літоўскіх летапісаў, адзін з мясцовых летапісаў Вялікага Княства Літоўскага.

Разварот рукапісу Баркулабаўскага летапісу.

Складзены на тэрыторыі цяперашняй Усходняй Беларусі, імаверна, у мястэчку Баркалабава (цяпер Быхаўскі раён) у пачатку XVII ст. Аўтарам апісання мясцовых падзей, магчыма, быў мясцовы праваслаўны святар, магілёвец Фёдар Філіповіч.

Значэнне

правіць

Баркалабаўскі летапіс — з аднаго боку, летапіс нацыянальнага характару і значэння, а з іншага — прыклад мясцовага, лакальнага летапісання. Якраз тым часам у асэнсаванні мясцовымі людзьмі свайго мінулага і сучаснага адбываліся вялікія перамены. Цікаўнасць да агульнадзяржаўнага летапісання паступова памяншалася і на змену прыйшло летапісанне мясцовае (Баркалабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка Сурты і Трубніцкага і інш.), якое ўзнікла пад уплывам старажытнарускага і агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага Княства Літоўскага працягвала яго гістарыяграфічныя традыцыі. Да таго ж Баркалабаўскі летапіс быў адным з апошніх летапісаў, напісаных на старабеларускай мове.

Аднак Баркалабаўскі летапіс да нашага часу яшчэ недастаткова вывучаны. У друку сустракаюцца розныя, часам процілеглыя меркаванні адносна асобы аўтара і складальніка летапісу, яго назвы, часу і месца напісання, складу.

Вялікая ўвага даследчыкаў да Баркалабаўскага летапісу тлумачыцца багаццем зместу. Як адзначаў М. Улашчык, «невялікі аб’ёмам Баркалабаўскі летапіс вельмі ёмісты зместам у самых розных аспектах».

Баркалабаўскі летапіс, ці дакладней Баркалабаўскі летапісны спіс — даволі аб’ёмны рукапісны помнік, унутры якога можна выдзеліць дзве асобныя часткі, некалькі падобныя між сабою паводле зместу (першая завяршаецца 70 аркушам, а другая пачынаецца з 71 аркуша). Пры складанні кожнай з гэтых частак летапісец, відавочна, кіраваўся пэўнай канцэпцыяй, якая можа быць зведзена да імкнення прадставіць гісторыю сваёй Айчыны і роднага куточка на фоне больш шырокай гістарычнай і геаграфічнай палітры. У адпаведнасці з гэтай канцэпцыяй Баркалабаўскі летапіс пачынаецца з духоўнага ўступу — царкоўна-малітоўнай часткі, працягваецца звесткамі з біблейскай гісторыі як важнейшай і першай часткі агульначалавечай гісторыі, у разуменні таго часу. У далейшым летапіс працягваецца палітычнай гісторыяй уласнага рэгіёну і сваёй дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага) ад легендарных часоў да сучаснасці. Урэшце летапіс завяршаецца больш падрабязнымі звесткамі мясцовага характару — звесткамі пра мястэчка Баркалабава і яго наваколле.

Аналіз зместу Баркалабаўскага летапіснага спісу дазваляе ўмоўна вылучыць наступныя структурныя часткі:

  1. Кароткія запісы аб правілах уладкавання манастырскага жыцця (аркуш 1);
  2. Тлумачэнне малітвы «Ойча наш» паводле Іаана Залатавуста (аркушы 2 — 3 зв.);
  3. Пералік і апісанне царкоўных правіл і законаў, у тым ліку ўспаміны пра Берасцейскі царкоўны сабор 1590 года (аркушы 4 — 16 зв.);
  4. Звесткі пра біблейскага цара Давіда паводле Кніг царстваў (аркушы 17-20);
  5. Нарыс пра набажэнства і духоўныя традыцыі ў ісламе (аркушы 20 — 24 зв.);
  6. Паданне пра біблейскага волата Самсона (аркушы 24 зв. — 26);
  7. «Летописец о руских великих князех» (аркушы 26 — 42 зв.);
  8. «Кройника о великих князех литовских» з Пахвалой вялікаму князю Вітаўту (аркушы 43-65);
  9. Шэраг разнародных хранікальных запісаў пра падзеі ў Еўропе (у тым ліку ў Вялікім Княстве Літоўскім), на Блізкім Усходзе, пра складанне Кірылам і Мяфодзіем славянскай азбукі і пра іншыя старажытныя алфавіты, пра краіны і гарады свету, пра дзіўныя народы і інш. (аркушы 65-70);
  10. Еўрапейскія хранікальныя запісы і апісанне дзейнасці рымскіх папаў (аркушы 71-75 зв.);
  11. Летапісныя запісы з гісторыі Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы (аркушы 75-78);
  12. «Люди у Гешпани» — міфічныя паданні пра насельніцтва Іспаніі і яе калоній (аркушы 78 зв. — 80 зв.);
  13. «О жидех» — нарыс пра яўрэяў, напісаны паводле кніг Бібліі (аркушы 81 — 83 зв.);
  14. Хроніка Вялікага Княства Літоўскага ад напаўлегендарных князёў ХІІІ стагоддзя (Скірмунта, Любарта і інш.) да часоў Вітаўта Вялікага (аркушы 83 зв. — 103 зв.);
  15. Хроніка падзей у Маскоўскай дзяржаве ў канцы XIV—XV стагоддзі (аркушы 103 зв. — 112);
  16. «Летописец веры законие жития, поганьства и побоженьства князей великих руских», які ўключае звесткі пра палітычную гісторыю Русі ад легендарных згадак пра прыход варагаў і заснаванне першых гарадоў да часоў мангола-татарскага іга, калі «Руские князи от тарар княжене приймовали со орды» і калі адбылася Кулікоўская бітва (аркушы 112 зв. — 135);
  17. Летапісныя згадкі пра ваенныя канфлікты паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой у першай палове XVI стагоддзя (аркушы 135—135 зв.);
  18. Разрозненыя хранікальныя запісы пра асобныя падзеі ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і, часткова, суседніх краін (аркушы 136—137);
  19. Апісанне некаторых важных падзей 1526—1592 гадоў, якія адбываліся на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага (аркушы 137—152 зв.);
  20. Падрабязная хроніка падзей у Баркалабава і наваколлі за 1594—1608 гады (аркушы 152 зв. — 174);
  21. Аповед пра абарону Смаленска ад аблогі маскоўскага войска ў 1633—1634 гадах (аркуш 174).

Папярэднія даследчыкі Баркалабаўскага летапісу па-рознаму падыходзілі да вызначэння таго, якія з частак рукапісу называць уласна летапісам, а якія не. Але ні адзін з іх не разглядаў летапіс у большым аб’ёме, чым апошнія тры адносна самастойныя раздзелы (аркушы 137—174), а таксама невялікі фрагмент у пачатку рукапісу (аркушы 14 зв. — 16 зв.). У выніку ў некаторых стваралася ўражанне, што «твор кампазіцыйна рыхлы, літаратурна недапрацаваны», «механічна скампанаваны» з «разнастайных па свайму паходжанню і стылю кампанентаў». Такое памылковае ўражанне стварылася ў выніку фрагментарнага погляду на Баркалабаўскую хроніку пры рабоце толькі з яе часткай, вылучанай з агульнага аб’ёму папярэднімі выдаўцамі.

Па сутнасці, рукапіс уяўляе сабой звод хранікальных матэрыялаў пра падзеі ад найдаўнейшых часоў да 1634 года, сабраных з розных крыніц і перапісаных разам у другой палове XVII стагоддзя. Кожны з умоўна вылучаных дваццаці аднаго фрагментаў адносна аўтаномны, большасць мае асобнае паходжанне. Але яны былі сабраны разам з адной канкрэтнай мэтай — упісаць гісторыю і тагачасны стан мястэчка Баркалабава і наваколля ў кантэкст усеагульнай гісторыі і гісторыі ўласнай дзяржавы.

Найбольшая каштоўнасць летапісу з тым, што ён адлюстроўвае погляд непасрэднага ўдзельніка і назіральніка падзей вельмі важнага і адначасова няпростага перыяду айчыннай гісторыі. Хаця ў гэтым фрагменце летапісу разгледжаны падзеі, што адбываліся ў розных кутках буйной дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, — асноўны акцэнт зроблены на апісанні жыцця Усходняй Беларусі і найперш Баркалабава.

У твор улучаныя ліст Івана IV да Стэфана Баторыя (1580), грамата Жыгімонта III (1592), тэкст «Універсала» рокашу 1606 года. Разгорнута апісваеца Берасцейская царкоўная унія; магчыма, што аўтар удзельнічаў у Берасцейскім царкоўным саборы (1596) і абараняў інтарэсы праваслаўнага насельніцтва.

Важнымі крыніцамі летапісу з’яўляюцца асабістыя назіранні і ўспаміны аўтара. Падзеі асвятляюцца з патрыятычных пазіцый. Так, асуджаюцца дзеянні ўкраінскіх казакаў, якія «вялікую шкоду чынілі… горш, чым злыя непрыяцелі»[1].

Час і месца стварэння Баркалабаўскага летапісу

правіць

На вялікі жаль толькі па ўскосных сведчаннях сёння можна меркаваць пра час напісання Баркалабаўскага летапісу, паколькі непасрэдных звестак пра гэта ў самім рукапісе няма.

Першыя раздзелы летапісу ўключна з даволі вялікім апісаннем царкоўных правіл і законаў быў напісаны, на нашу думку, у канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя. Падставай для такога меркавання з’яўляецца ўключэнне ў гэты фрагмент у якасці прыкладу ўпамінаў пра Берасцейскі царкоўны сабор 1590 года, напісаных, верагодна, непасрэдным удзельнікам гэтага сабору ці з яго слоў.

Безумоўна, звесткі пра храналагічна і геаграфічна аддаленыя мясціны і падзеі аўтарам браліся з другасных крыніц. Выкарыстанне рознага роду дакументаў, запісаў, успамінаў відавочцаў, народных паданняў дазволіла зрабіць Баркалабаўскі летапіс сапраўды бясцэннай гістарычнай крыніцай.

Палеаграфічны аналіз рукапісу дазваляе сцвярджаць, што рукапісны спіс з тэкстам летапісу датуецца больш познім часам, чым сам летапіс быў напісаны: характар пісьма і асаблівасці паперы дазваляюць датаваць рукапіс другой паловай XVII стагоддзя, а калі больш дакладна — 1650-1670-мі гадамі.

На падставе ўласных успамінаў і згадак сучаснікаў магла запісвацца тая частка летапісу, якая тычыцца Усходняй Беларусі і ахоплівае падзеі ад сярэдзіны XVI да 1586 года. Гэтыя запісы (аб пабудове замка ў Магілёве ў 1526 годзе і засяленні горада прышлымі людзьмі, аб заснаванні замка і сяла Баркалабава ў 1564 годзе і інш.) маюць уводны, урыўкавы характар, яны напісаны суха і адрывіста, нярэдка з парушэннем храналогіі апісання падзей. Верагодна, яны былі напісаны значна пазней.

Пра месца стварэння летапісу сёння можна меркаваць даволі прыблізна. Мы не маем прамога ўказання, кім і калі ён напісаны. Няма ні подпісу складальніка, ні даты пачатку ці заканчэння работы, хаця такія пазнакі былі даволі распаўсюджанымі ў рукапісах таго часу, якая прызначаліся для публічнага выкарыстання. У сувязі з гэтым можна выказаць меркаванне, што рукапіс прызначаўся для асабістых патрэб і для прыватнага выкарыстання невялікім колам асоб. Іншая магчымая прычына адсутнасці такіх пазнак — напісанне летапісу манахам, які павінен быў пазбягаць публічнасці і не імкнуцца да праслаўлення ўласнага імя. Нарэшце, адсутнасць згадкі пра аўтараў і складальнікаў можа быць патлумачана вывазам рукапісу ў Расію ў хуткім часе пасля яго стварэння.

У сувязі са згаданым вышэй трэба адрозніваць месца напісання арыгінальных летапісных тэкстаў і месца іх перапісвання ў адзін звод.

Сёння не выклікае ніякіх сумневаў той факт, што заключная частка рукапісу пісалася ў мястэчку Баркалабава, якое знаходзіцца ў 10 кіламетрах на поўнач ад Быхава на дарозе на Магілёў (сёння вёска Баркалабава ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі). Гэтай думкі прытрымліваюцца фактычна ўсе даследчыкі летапісу.

Праведзены Н. Вайтовіч аналіз філіграняў Баркалабаўскага летапісу засведчыў, што падобная папера выкарыстоўвалася на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны і не выкарыстоўвалася на тэрыторыі Расіі. Гэта, а таксама жывая беларуская мова, на якой напісаны летапіс, з’яўляюцца сведчаннямі таго, што рукапіс быў перапісаны яшчэ на беларускіх землях, да таго, як ён трапіў у Расію. Вывучэнне графіка-арфаграфічнай сістэмы рукапісу таксама дае падставы меркаваць, што ўсе 174 аркушы рукапісу былі спісаны менавіта беларускім скорапісам XVII стагоддзя.

Наяўнасць вялікай колькасці звестак пра Баркалабава ў зборным тэксце рукапісу дазваляе нам з вялікай доляй верагоднасці казаць, што гэты рукапіс быў перапісаны менавіта ў Баркалабаве. Ужо ў самым першым апісанні рукапісу было адзначана, што ён быў складзены ў Баркалабаве.

Асноўным месцам у мястэчку, дзе ў 1650-1660-х гадах мог быць перапісаны рукапіс, з’яўляецца Баркалабаўскі Узнясенскі манастыр. На карысць таго, што рукапіс быў перапісаны ў гэтым манастыры, сведчаць развітыя традыцыі кнігапісання ў праваслаўных манастырах Беларусі таго часу, а таксама тое, што менавіта манастыр быў на той час галоўным цэнтрам сакральнай культуры ў Баркалабаве. Вядома, што многія з паслушніц і манашак Баркалабаўскага манастыра мелі даволі добрую адукацыю і займаліся перапісваннем кніг. Што важна, у Баркалабаўскім манастыры існавала добрая бібліятэка, якая магла паслужыць асновай для складання летапіснага спісу.

Можа быць выказана і іншая, не менш праўдападобная, версія: летапіс мог быць перапісаны для Баркалабаўскага манастыра ў Куцейне пад Оршай. Справа ў тым, што жаночы манастыр у Баркалабаве знаходзіўся пад агульным наглядам ігумена Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, значна важнейшага і больш магутнага духоўнага цэнтра Магілёўшчыны. Сярод іншага, гэты манастыр быў таксама і буйным цэнтрам кнігадрукавання і кнігапісання ва Усходняй Беларусі, тут зберагалася вялікая бібліятэка. Вядома, што на замову баркалабаўскай ігуменні Фацініі (Ефрасінні) Кіркораўны менавіта ў Куцейне ў той час перапісваліся некаторыя кнігі. Менавіта да такой думкі падштурхоўвае ўключэнне ў склад летапіснага спісу фрагментаў іншых летапісных крыніц, у тым ліку агульнадзяржаўнага летапісу — Хронікі вялікіх князёў літоўскіх. Малаверагодна, што насельнікі Баркалабава, у тым ліку манашкі мясцовага манастыра, мелі магчымасць азнаёміцца з такім шырокім колам крыніц. Гэта версія падаецца нам найбольш імавернай.

Урэшце, менш імаверным з’яўляецца меркаванне па перапісвання Баркалабаўскага летапісу беларусамі, вывезенымі ў Расію падчас вялікай вайны Рэчы Паспалітай і Маскоўкай дзяржавы ў 1654—1667 гадах.

Добрыя веды аўтара пра падзеі рэлігійнага жыцця ў краі, у тым ліку дакладныя даты смерці і месцы пахавання праваслаўных служыцеляў, звесткі пра пабудову і асвячэнне цэркваў і манастыроў, яго арыентацыя ў сутнасці царкоўных пастаноў і рашэнняў праваслаўных сабораў, што праходзілі ў Беларусі, прывязка падзей да дзён рэлігійных свят, дазваляюць меркаваць, што летапісец паходзіў з асяроддзя праваслаўнага духавенства. Тым больш, што некаторыя царкоўныя падзеі апісваюцца як успаміны непасрэднага ўдзельніка. Найбольш верагодна, што аўтарам гэтай часткі рукапісу, у якой ідзе аповед пераважна пра Усходнюю Беларусь і найперш Баркалабава, з’яўляецца святар баркалабаўскай царквы.

У якасці верагоднай асобы аўтара нярэдка называюць мясцовага праваслаўнага святара Фёдара Філіповіча (Філіпавіча) Магілёўца, які шматразова згадваецца ў летапісе. Магчыма, менавіта Фёдар Філіповіч напісаў першую частку рукапісу з тлумачэннем малітвы «Ойча наш» і апісаннем царкоўных правіл і законаў, паколькі ўключаныя ў гэту частку ўспаміны пра Берасцейскі царкоўны сабор 1590 года напісаны непасрэдным удзельнікам сабора, а пазней (аркуш 145) у самім летапісе згадана, што на сабор Багдан Саламярэцкі накіраваў менавіта Фёдара Філіповіча. Мова гэтага апісання вельмі жывая і падобная да мовы апошніх раздзелаў летапісу, ужываецца такі ж выраз «што страшно слышати и жалосно велми тое поведати». У той жа час многія даследчыкі выказваюць сумневы наконт таго, што менавіта айцец Фёдар Філіповіч быў аўтарам летапісу, паколькі паўсюль ён згадваецца ў трэцяй асобе і тым адасабляецца ад персоны аўтара.

Сучасны стан і месца захоўвання летапісу

правіць

Баркалабаўскі летапіс збярогся ў адзіным спісе, так званым Патрыяршым рукапісе трэцяй чвэрці XVII ст., які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.

Рукапіс уяўляе сабой кнігу-кодэкс адносна невялікага фармату (In-quarto). Пераплёт датуецца больш познім часам — канцом XVII—XVIII стагоддзем — і выраблены з кардону, абцягнутага скурай. Зашчапак і завязак ён не мае. На карэньчыку пераплёту выціснуты словы «Летописец вкратце», а ніжэй — «195». Прычым гэта цісненне было на рукапісе ўжо пры першай яго публікацыі, а значыць, яно было нанесена на пераплёт у час яго вырабу. Зверху над выціснутым надпісам знаходзіцца позняя наклейка з белай паперы, на якой напісана: № 790 (нумар кнігі ў зборы рукапісаў колішняй Сінадальнай бібліятэкі). Усяго ў рукапісе 178 нумараваных лістоў і некалькі ненумараваных і незапоўненых тэкстам у пачатку.

Каштоўнасць

правіць

Летапіс змяшчае ўнікальныя звесткі па гісторыі Усходняй Беларусі: інфармацыю пра асобныя ваенна-гістарычныя падзеі, пра гісторыю беларускай культуры і праваслаўнай царквы, пра гістарычных асоб, у т.л. двух Ілжэдзмітрыяў, пра ўзнікненне мястэчка Баркалабава.

Факсімільнае ўзнаўленне

правіць

Дзякуючы працы супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі» ў 2013 годзе поўны рукапісны спіс Баркалабаўскага летапісу факсімільна перавыдадзены, а таксама ўпершыню зроблена ўзнаўленне поўнага тэксту летапіснага спісу, якое выйшла ў суправаджэнні навуковых артыкулаў М. Доўнар-Запольскага, Е. Раманава і А. Сушы.

Зноскі

  1. Пд. Белазаровіч, С.54.

Літаратура

правіць
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. С. 54.
 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Баркулабаўскі летапіс