Басея

гістарычная воласць

Басея — гістарычная воласць, адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка Смаленскага княства (11-14 ст.) і Вялікага княства Літоўскага (14-15 ст.), пазней маёнтак.

Воласць з’явілася ў 1-й палове 11 ст. пры складанні тэрыторыі Смаленскага княства і абкладанні данінай мясцовага насельніцтва смаленскімі князямі, сынамі вял.кн. кіеўскага Уладзіміра Манамаха. Мела натуральныя межы па водападзелах, ахоплівала басейн ракі Басі, цэнтр не вядомы. Цяпер на стыку Горацкага і Шклоўскага раёнаў.

Упершыню згадваецца каля 1136 года ў грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, які браў з Басяі 15 грыўнаў даніны i з яе вызначыў дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа.

Да 16 ст. цалкам належала князям Друцкім, напэўна, як наданне кагосьці з вялікіх князёў літоўскіх. Да 1540 года палова Басеі належала кн. Васілю Юр’евічу Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. Сямёну Ямантавічу-Падбярэзскаму. У палове князя Сямёна ў 1522 годзе называюцца сёлы Казловічы i Хамінічы, a ў 1542 годзе — Пагост, Навасёлкі, Кішчыцы, Беразоў і Гарадзішча. Сваю палову князь Сямён завяшчаў А. Гаштольду, але той памёр раней. Тым часам фальваркаў у Басеі яшчэ не было, толькі даўнія сяляне-даннікі.

У 1540 годзе палову кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэзскага спадкавала яго сястра Ульяна, а па ёй сыны Рыгор і Іван Яцкавічы. Неўзабаве Рыгор Яцкавіч прадаў сваю і братаву частку Басяі вялікаму князю Жыгімонту Старому. У 1547 годзе Іван Яцкавіч спрабаваў адсудзіць сваю долю, але яна засталася за гаспадаром. Пазней Падбярэзская палова Басяі была нададзена камусьці вялікім князем.

Палову князя Васіля Друцкага-Талачынскага, пасля яго смерці ў 1546 годзе, спадкавала яго ўдава княгіня Марыя Багданаўна з Заслаўскіх, якая ў 1550 годзе ўзяла шлюб з ваяводам наваградскім І. Гарнастаем. Сёстры Друцкага-Талачынскага — Людміла (жонка Юрыя Храптовіча) і Настасся (жонка Рамана Гарасімовіча), мелі права выкупу родавых маёнткаў ў І. Гарнастая, але праз брак сродкаў выкупілі толькі частку. Пасля шэрагу судовых працэсаў частка гэтай паловы Басяі засталася ў пасынка княгіні Марыі Багданаўны — Гаўрылы Гарнастая і яго братоў, частка — у нашчадкаў княгіні Настассі з Друцкіх-Талачынскіх, яе дачкі ад першага шлюбу княжны Багданы Канстанцінаўны з Друцкіх-Канопляў і яе мужа І. І. Сапегі. Гаўрыла Гарнастай са сваёй часткі «даннікаў у Басеі за Дняпром» па Попіс 1567 года ставіў 1 «каня». Пасля смерці Гаўрылы Гарнастая ў 1588 годзе гэты маёнтак перайшоў яго сыну Гераніму. Доля княжны Багданы Канстанцінаўны пасля яе смерці ў 1584 годзе дасталася пры падзеле спадчыны старэйшаму сыну — Л. І. Сапегу, які ў 1590 годзе выкупіў у Г. Г. Гарнастая яго долю.

Колішняя палова Талачынскага, кансалідаваная Л. І. Сапегам, пад 1624 годам згадваецца як маёнтак «Басея з Якаўлевічамі», з якога ішоў чынш памерам 1345 коп грошаў, у тастаменце 1633 года гэты ж маёнтак згадваецца як «Сяльцо з Якаўлевічамі». Колішняя палова Падбярэзскага аказалася ў Шклоўскім графстве, яго інвентар за 1643 згадвае Басейскую воласць, у 1650 годзе яна была ўжо падзелена на Кішчыцкае, Серцыслаўскае, Сасноўскае і Казловіцкае войтаўствы.

У 1656 годзе палова Л. І. Сапегі ад яго сына перайшла да Нарушэвічаў.

Літаратура правіць