Рыгор Яцкавіч Падбярэзскі

Рыгор Яцкавіч Падбярэзскі, або Рыгор Яцкавіч Сенькавіч (каля 1513 — пасля 1585) — дваранін гаспадарскі, падкаморы аршанскі (1569—1585), маршалак земскі аршанскі (з 1585).

Рыгор Яцкавіч Падбярэзскі
1-ы падкаморы аршанскі[d]
16 красавіка 1567 — 24 красавіка 1585
Пераемнік Рыгор Іванавіч Сапега
3-і маршалак земскі аршанскі[d]
з 24 красавіка 1585
Папярэднік Цімафей Юр’евіч Друцкі-Сакалінскі
Пераемнік Багдан Андрэевіч Лукомскі
Нараджэнне 1513
Род Падбярэзскія
Маці Ульяна з Ямантавічаў-Падбярэзскіх

З роду полацкіх баяр Радковічаў, сын баярына Яцкі Сенькавіча Радковіча і княжны Ульяны з Ямантавічаў-Падбярэзскіх. Шлюб з Яцкам быў для Ульяны другім і адбыўся каля 1513 года, у першым шлюбе яна была з родным братам Яцкі — Міхаілам, які памёр неўзабаве па вяселлі ў 1511—1512 гадах. Такім чынам, шлюб Ульяны з Яцкам зыходна быў некананічным, але асвечаным, магчыма, праз няведанне сужэнцаў і святара. Праблемы з законнасцю шлюбу выявіліся калі ў ім ужо нарадзілася трое сыноў, у 1518 годзе мітрапаліт Іосіф Солтан прызнаў шлюб незаконным, але дзяцей у ім законнымі дзецьмі і спадкаемцамі Яцкі. Прызналі іх і бліжэйшыя родзічы Яцкі, але некаторыя іншыя сваякі — не, што прычынілася працягламу працэсу Ульяны за правы і спадчыну сыноў, урэшце скончанаму на іх карысць. Пасля безпатомнай смерці брата — князя Сямёна Ямантавіча-Падбярэзскага, Ульяна атрымала спадчыну па ім і перадала яе сынам.

Перад 1541 годам Рыгор служыў віцебскаму ваяводзе Мацею Клочку, сам дакументамі Метрыкі называны «панам»[1].

Пэўны час дзядзькаў маёнтак Падбярэззе быў асноўным для братоў Рыгора і Івана Яцкавічаў, абодва яны зваліся па ім Падбярэзскімі (у дакуменце ад 5 мая 1542 года)[2]. Па падзеле спадчыны (9 ліпеня 1542 года) з братам, Рыгор атрымаў дзядзькава Падбярэззе ў аднаасобнае ўладанне і толькі ён стаў звацца Падбярэзскім, а брат Іван ад свайго маёнтка пазней зваўся Стрэжаўскім[3]. Паводле падзелу Рыгор атрымаў «двор» Падбярэззе з вёскамі Станкіна, Хомкава, Курапава, Жаміева, Астрашапкі, Сіманава, Башарова, Палюдава, Замосце, Біклачы, даннікаў у Ельнянах і на Грушцы ў Забчыжыне, на Лагах у Жарэмцах, Белічанах і Чарневічах, а таксама другі «двор» за Дняпром — Басею з вёскамі Пагост, Навасёлкі, Безерава, Гарадзішча, Кішчыцы, Казловічы, Хамінічы, таксама ў Полацкім павеце «двор» Бачэйкава з вёскамі і да гэтага матчыны фальварак Сяльцо «ў замку Полацкім» (так дае Ю. Вольф), сёлы Дохнары і Обаль. Іван Яцкавіч за падзелам атрымаў Стрэжава з сёламі Давідовічы, Пятыверск, Саўрасеўск, палову Чалнышкавічаў і Плясканава, таксама 800 коп грошаў брат мусіў яму выплаціць. Абодва ад маці атрымалі па двары ў Полацку[4].

Неўзабаве паміж братамі здарыўся канфлікт, на пачатку 1540-х гадоў Рыгор не паведаміў брату і прадаў каралю Жыгімонту Старому частку маёнтка Басеі і некаторых іншых, якія мусілі належаць Івану[1]. У 1547 годзе Іван Яцкавіч спрабаваў адсудзіць у брата сваю долю—Басею і Казечыцы, але яна засталася за гаспадаром.

У 1548 і 1549 гадах Рыгор Яцкавічаў меў справу ў гаспадарскім судзе з князямі Друцкімі за права трымаць па гадах Друцкі замак, паводле парадку вызначанага паміж галінамі княжацкага роду. Аднак князі Друцкія не лічылі Рыгора родзічам і такім чынам ён не мог удзельнічаць у чаргаванні трымання замка. Рыгор Яцкавіч абгрунтоўваў свае правы тым, што частка Друцка дасталася яму «правомъ прироженымъ по дядьку его», але і яго дзядзька князь Сямён Ямантавіч-Падбярэзскі не быў родзічам князёў Друцкіх, а толькі трымаў частку Друцка як спадчыну па сваёй першай жонцы княжне Дамнідзе Сямёнаўне з Друцкіх-Сакалінскіх, а не права чаргі на гадавое трыманне Друцкага замка. Большая частка ўладанняў Рыгора Падбярэзскага была ў Аршанскім старостве, а з маёнткаў у Полацкай зямлі, паводле рэвізіі 1552 года, ставіў толькі двух «коней»[3], але адзін з яго двароў там быў застаўлены брату Івану.

У 1561 годзе Рыгор (памылкова названы не Сенькавічам, а Сеньчуковічам) суправаджаў польскія войскі, якія накіроўваліся з каронных земляў праз Княства ў Інфлянты[1].

Пасля ўтварэння Аршанскага павета, на першым павятовым сойміку шляхта абрала Рыгора Падбярэзскага адным з чатырох электаў (кандыдатаў) на ўрад падкаморыя аршанскага. Спачатку кароль абраў Габрыэля Богушавіча Войну, аднак, Рыгор звярнуўся да караля і паведаміў, што Война не адпавядае нормам Статута 1566 года, бо не мае аселасці ў Аршанскім павеце, і прасіў надаць урад сабе. У выніку прывілей Войне быў скасаваны, а падкаморства атрымаў Рыгор Падбярэзскі.[1]

У 1585 годзе Рыгора Яцкавіча прызначылі маршалкам Аршанскага павета. Напэўна, гэтаму спрыяла яго служба пры двары каралевы Боны[1].

Ад Рыгора Яцкавіча пачынаецца шляхецкі род Падбярэзскіх[3].

Зноскі

  1. а б в г д Чарняўскі 2013, с. 95.
  2. Воронин 2017, с. 98.
  3. а б в Воронин 2017, с. 100.
  4. Wolff 1895, s. 152-153.

Літаратура правіць

  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa: Drukiem J. Filipowicza, 1895.
  • Воронин В. А. Ульяна Подберезская: история жизни // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы : науч. сб.. — Минск: РИВШ, 2017. — В. 10. — С. 87-104.
  • Чарняўскі Ф. Нататкі да генеалогіі князёў Адзінцэвічаў і Падбярэзкіх // Герольд Litherland № 19, 2013. — С. 67—102.