Бачэйкава
Бачэ́йкава[1] (трансліт.: Bačejkava, руск.: Бочейково) — аграгарадок, цэнтр Бачэйкаўскага сельсавета ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці.
Аграгарадок
Бачэйкава
| ||||||||||||||||||||||||
Геаграфія правіць
Размяшчаецца на р. Ула (прыток Заходняй Дзвіны). Ляжыць за 21 км на паўночны захад ад Бешанковічаў, 75 км ад Віцебска, 21 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі, на скрыжаванні аўтадарог Віцебск — Лепель і Чашнікі — Ула. Параз Бачэйкава праходзіць аўтамабільная дарога М3 (Мінск — Віцебск).
За 1 км на паўночны ўсход ад вёскі знаходзіцца Бачэйкаўскае радовішча глін. Пластовы паклад стужачных глін звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі. Гліны прыдатныя на вытворчасць цэглы і чарапіцы.
Назва правіць
Назва Бачэйкава, магчыма, паходзіць ад балцкага (літоўскага) антрапоніма Bakas або Bačeika (корань звязаны з літ. bakinti «тыкаць, тузаць» і памяншальны суфікс -eik-), як і назвы многіх паселішчаў паблізу, напрыклад, Бешанковічаў ад імя Bešys або Bešėnas, Люлюкоў ад Leliušas, Тарантова ад Taranta (корань звязаны з літ. tarti «мовіць» і суфікс -nt-), колішніх Толміншчыны, Барэйчына і Рапшына ад Tolminas (двухасноўнае, toli «далёка» і mintis «думка»), Bareika і Rapšys. Магчыма, да гэтай групы паселішчаў належаць Баяры (раней некалькі хутароў) і Ліцвякі.[2] З’яўленне такіх назваў можа быць звязана з наданнем зямель у гэтай мясцовасці баярам літоўскага паходжання. Паводле ж В. Жучкевіча, напрыклад, назва Бешанковічы паходзіць проста ад прозвішча Бешанковіч.
Гісторыя правіць
Вялікае Княства Літоўскае правіць
Згадваецца ў 1460 годзе як сяло, уласнасць князя Юшкі Ямантавіча, пазней належала яго пляменніку князю Сямёну Ямантавічу-Падбярэзскаму (гл. Ямантавічы). Пасля смерці князя Сямёна, Бачэйкава разам з іншымі маёнткамі было прадметам судовых спрэчак паміж яго ўдавой Федкай і сястрой Юліяніяй. У 1542 годзе Юліянія адсудзіла Сямёнавы маёнткі, у т.л. Бачэйкава на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. У тыя часы маёнтак складаўся з «двара» ў Бачэйкаве, паселішча побач і воласці, куды ўваходзілі вёскі Плескунова, Стрыжава і іншыя. Пры падзеле ўладанняў паміж братамі, Бачэйкава дасталася Рыгору (пачынальніку шляхецкага роду Падбярэзскіх), а Стрыжава з навакольнымі вёскамі — Івану (пачынальніку шляхецкага роду Стрыжаўскіх). Частка Бачэйкава належала і А. Н. Цеханавецкаму, роднасныя адносіны якога з іншымі ўладальнікамі не высветленыя. Пасля смерці Рыгора Падбярэзскага (пасля 1585) Бачэйкава цалкам перайшло ва ўладанне А. Н. Цеханавецкага з сынам Станіславам і да пачатку 20 ст. заставалася ва ўласнасці Цеханавецкіх.
У час Лівонскай вайны (1563—1580) Бачэйкава было спустошана. У 1626 маёнтак складаўся з Бачэйкаўскага двара (умацаванага частаколам і ровам) і мястэчка пры ім (79 жыхароў мужчынскага полу), а таксама воласці з вёскамі Астраўляны, Высакагора (цяпер Высокая Гара), Жарнасекі (цяпер Жарнасекава), Забелле, Клешчыно. У 1626 годзе Станіслаў Цеханавецкі даў маёнтак у заставу (арэнду) князю Э. Кантакузену. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у 1654 годзе Бачэйкава спалена. У 1692 — 45 мяшчанскіх сем’яў і 13 прымакоў, да воласці належалі вёскі Адамашкава, Дзятлы, Жарнасекі, Забелле-Баярскае, Клешчыно, Сенькаўшчына, Старынкі, Філіпенкі. У 1769 годзе пабудаваны новы панскі дом і закладзены парк, у мястэчку жыло каля 50 мяшчанскіх сем’яў. У кан. 18 ст. дзейнічалі суконная фабрыка, збройная і карэтная майстэрні, даховачны, ганчарны, вінакурны, піваварны заводы.
Пад уладай Расійскай імперыі правіць
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бачэйкава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стала цэнтрам воласці Лепельскага павета Полацкай, з 1802 года Віцебскай губерні.
У 1852 годзе да маёнтка Бачэйкава, які знаходзіўся ў валоданні Цеханавецкіх[3], належалі 136 душ мужчынскага полу і 14 вёсак: Багданава, Валькоўшчына, Грыцькаўка, Дзятлы, Дубровы, Жарнасекі, Забелле, Клешчыно, Навасёлкі, Промыслы, Прыгожае, Сенькаўшчына, Тарантова, Шыпулі і 4 засценкі: Займішча, Касмыры, Сушытна, Талвіншчына. На 1886 год у мястэчку было 250 жыхароў, 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны заводы, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год. Паводле перапісу 1897—722 жыхары.
Найноўшы час правіць
15 сакавіка 1918 г. нямецкія войскі знаходзіліся за 6 вёрст ад Бачэйкава, але неўзабаве акупіравалі населены пункт. 25 сакавіка 1918 г. згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бачэйкава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1923—1924 — цэнтр Бачэйкаўскага павета Віцебскай губерні. У 1924 г. Бачэйкава вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавета. Неўзабаве статус паселішча панізілі да вёскі. З 1930-х — цэнтр калгаса «Бачэйкава».
Перад вайной у вёсцы жыло 432 чалавек у 92 дварах[4].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў кастрычніку 1943 года гітлераўцамі было спалена 87 дамоў[4].
У 1970 годзе — 918 жыхароў, 238 двароў. У 1992 годзе — 1164 жыхароў. У 2005 годзе — 1817 жыхароў, 853 двары; камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, магазіны.
У 1988 годзе Бачэйкава наведаў Анджэй Цеханавецкі, нашчадак колішніх уладальнікаў.
- Мястэчка на старых здымках
-
Палац да разбудовы
-
Палац па разбудове, 1908
-
Палац, інтэр’ер
-
Дамок лоўчага
-
Парк, 1928
-
Палац, 1928
-
Палац, 1928
-
Палац, 1934
Насельніцтва правіць
- XVIII стагоддзе: 1626 год — 79 муж.
- XIX стагоддзе: 1838 год — 323 чал. (157 муж. і 166 жан.), з іх духоўнага саслоўя каталіцкага 1 муж., духоўнага саслоўя праваслаўнага 2 муж. і 2 жан., мяшчан-іўдзеяў 52 муж. і 53 жан., сялян зямянскіх 95 муж. і 110 жан., аднадворцаў 3 муж., адстаўных салдат 4 муж. і 1 жан.[5]; 1852 год — 156 муж.; 1886 год — 250 чал.; 1897 год — 722 чал.
- XX стагоддзе: 1970 год — 918 чал.; 1992 год — 1164 чал.[6]; 1995 год — 1160 чал.[7]; 1999 год — 1049 чал.
- XXI стагоддзе: 2005 год — 1817 чал.; 2010 год — 865 чал.; 2019 год — 731 чал.
Інфраструктура правіць
У Бачэйкаве працуюць сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка.
Славутасці правіць
- Сядзібна-паркавы комплекс Цеханавецкіх (XVIII ст.)
- Бачэйкаўскі парк (1769) — помнік садова-паркавага мастацтва, адзіны у Беларусі парк французскага тыпу з сіметрычна-асявой планіроўкай. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000146
- Яўрэйскія могілкі
- Курганны могільнік-1 (2 насыпы), на агародзе зямельнага ўчастка па вул. Краўчэнкі, д.3 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000908
- Курганны могільнік-2 (2 насыпы), на паўднёвы захад ад курганнага могільніка-1, на правым беразе р. Ула, за 0,5 км на поўдзень ад моста, на вясковых могілках, якія размешчаны справа ад дарогі ў в. Клешчына — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000909
-
Дамок лоўчага
-
Стайня
-
Дом для працоўных
-
Сажалка
-
Флігель
Страчаная спадчына правіць
- Палац Цеханавецкіх (XVIII ст.)
- Царква Праабражэння Гасподняга (1675)
Вядомыя асобы правіць
- Станіслаў Аляксандр Цеханавецкі (1853—1918) — дыпламат.
- Гектар Янавіч Лапіцкі (1829/1830—1904), паўстанцкі начальнік Мінскага ваяводства ў часы Студзеньскага паўстання (1863—1864)
- Юліян Янавіч Лапіцкі (1829—1894) — крытык, публіцыст і эканаміст, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864)
Крыніцы правіць
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Адкуль Бешанковічы // Svajksta.by, 25.07.2021
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 271.
- ↑ а б Бочейково (руск.)
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 415.
- ↑ Насевіч В. Бачэйкава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 336.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. С. 364.
Літаратура правіць
- Адамаў У. Бачэйкаўскі сад і палац // Віцебшчына. Т. 1. — Мн.: 1925;
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Бочейково // Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 481.
- Гарбадзей, А. Паданне пра Бачэйкава / А. Гарбадзей // «Зара». — 1998. — 23 чэрв.
- Кавалеўскі, С. Таямніцы бачэйкаўскіх скарбаў: (з гісторыі населеных пунктаў Бешанковіцкага раёна) / С. Кавалеўскі // «Народнае слова». — 2010. — 26 кастр.
- Крачкоўскі, А. З мінулага Бачэйкава / А. Крачкоўскі // «Зара». — 1989. — 5 кастр.
- Талстая, В. Мая вёсачка / В. Талстая // «Зара». − 1998. — 18 жн.
- Усава, М. Над Улаю палац… / М. Усава // «Краязнаўчая газета». — 2004.- № 18 (май).
- Шпакоўская, Г. Бачэйкава: (пра вёску Бешанковіцкага раёна) / Г. Шпакоўская // «Народнае слова». — 2009. — 12 сак. — С. 10.
Спасылкі правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бачэйкава
- Бачэйкава на сайце Глобус Беларусі (руск.)