Батальён КАП «Падсвілле»

Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Падсві́лле» (польск.: Batalion KOP «Podswile») — сёмы батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Падсвіллі ў 1924—1939 гадах. Падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь прымаў удзел у абароне дзяржаўных межаў.

Батальён Корпуса аховы памежжа «Падсвілле»
Batalion KOP «Podswile»
Казармы батальёна «Падсвілле»
Гады існавання верасень 1924 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Вілейка» (1924—1927) →
Полк КАП «Глыбокае» (1927—1939)
Тып батальён і Корпус аховы памежжа
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Колькасць 741 жаўнер
Дыслакацыя Падсвілле
Рыштунак Кулямёты, вінтоўкі, мушкетоны, карабіны, пісталеты
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры маёр Гвідон Бурса
капітан Генрык Каетаняк

Гісторыя правіць

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні ваенізаванага фармавання для аховы ўсходніх межаў, у сувязі з чым 12 верасня таго ж года Міністэрства вайсковых спраў Польшчы выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа. На першым этапе яго арганізацыі ў 1924 г. была сфармавана трэцяя брыгада, а ў яе складзе — сёмы памежны батальён «Падсвілле»[1].

У склад батальёна ўвайшлі чатыры пяхотныя роты, дружына камандзіра батальёна і ўзвод сувязі. Штат служачых складаўся з 25 афіцэраў, 200 унтэр-афіцэраў і 603 шараговых. Узбраенне батальёна было прадстаўлена 2 станкавымі і 48 ручнымі кулямётамі, 48 мушкетонамі, 439 вінтоўкамі, 280 карабінамі і 32 пісталетамі. З ліку транспартных сродкаў меліся 15 конных вазоў, 1 матацыкл і 7 ровараў[2].

Адрэзак дзяржаўнай мяжы, які ахоўвала падраздзяленне, складаў у 1934 г. 81.864 км, у той жа час на долю адной роты выпадала 26 км, а на стражніцу — 5 км мяжы. Адлегласць ад камандавання брыгады да камандавання батальёна была роўнай 100 км.

Улетку 1927 г. батальён быў уключаны ў склад трэцяй паўбрыгады аховы памежжа, якая праз два гады была пераназвана ў полк КАП «Глыбокае», а сёмы памежны батальён атрымаў, апрача нумару, назву згодна з мясцовасцю, дзе ён размяшчаўся і стаў афіцыйна называцца батальёнам КАП «Падсвілле». Неўзабаве абавязковая нумарацыя частак Корпуса аховы памежжа была цалкам скасавана. На той час рыштунак батальёна складаўся з 710 вінтовак Бярц’е узору 1916 г., 52 ручных кулямётаў «Шаша» узору 1915 г. і 2 станкавых кулямётаў ўзору 1914 г[3].

У выніку праведзенай у 1931 г. рэарганізацыі падраздзялення замест існуючых кулямётных узводаў была заснавана кулямётная рота. Таксама было арганізавана навучанне кадраў для рэзервовай роты. Пасля гэтага батальён стаў складацца з камандавання, сувязнога ўзводу, кулямётнай, школьнай, двух рэзервовых і трох памежных ротаў. У лістападзе 1936 года ў батальёне служылі 19 афіцэраў, 70 унтэр-афіцэраў, 25 звыштэрміновых і 627 жаўнераў тэрміновай службы[4].

Загадам ад 23 лютага 1937 года быў распачаты першы этап рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.3», паводле якога батальён атрымаў новую працу. Цяпер ён стаў адміністрацыйнай адзінкай для камандавання палка «Глыбокае», батальёна «Беразвечча», эскадрона кавалерыі «Падсвілле», трэцяй выведвальнай пляцоўкі, пастарункаў жандармерыі ў Глыбокім і Падсвіллі, а таксама станцыі паштовых галубоў «Паставы». У ходзе рэалізацыі другога этапу рэканструкцыі батальёна «Падсвілле» улетку 1937 г. высветлілася, што для шасці рэзервовых узводаў пры памежных ротах не знайшлося памяшканняў. Камандзір Ян Крушэўскі загадаў размясціць гэтыя часткі ў будынках іх падраздзяленняў[5].

15 мая 1939 года батальён стаў гаспадарчай адзінкай. Пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра па гаспадарчых справах. У жніўні таго ж году «Падсвілле» як другі батальён увайшоў у склад сфармаванага трэцяга пяхотнага палка КАП і ў яго складзе да 13 верасня ўдзельнічаў у бітвах на Сувальшчыне. Потым ён быў ператранспартаваны на Валынь, у раён Роўна і Кастопаля, дзе прымаў удзел у бітвах з савецкімі войскамі. Браў удзел у баях з савецкімі войскамі 21—22 верасня каля вёскі Баровічы, а 23 верасня — у бітве каля вёскі Радошын, пасля якой полк капітуляваў[6].

Пасля ад’езду з гарнізона трэцяга пяхотнага палка, батальён у Падсвіллі быў адноўлены з прыцягваннем рэкрутаў і рэзервістаў. Пасля аднаўлення ён стаў ахоўваць мяжу з БССР даўжынёй 77.573 км, аднак нядоўга: 17 верасня 1939 г. на батальён быў здзейснены напад з савецкага боку[7].

Напад на батальён правіць

17 верасня батальён пад камандаваннем капітана Францішака Асмакевіча распачаў баі з атакуючымі дзяржаўную мяжу савецкімі падраздзяленнямі пятай стралковай дывізіі, узмоцненай 25 браніраванай брыгадай і 13 аддзяленням памежных войскаў НКУС палкоўніка Ракуціна[8]. Сілы, якія змагаліся з памежнікамі былі эквівалентнымі 10 батальёнам пяхоты і каля 300 баявым вазам[9].

Першай гарнізон атакавалі пятая стралковая дывізія і 22 савецкая камендатура войскаў аховы памежжа, якія раніцай напалі на роту «Празарокі». Усе памежныя заставы гэтай роты былі хутка захоплены. Стражніца «Парчэўшчына», атакаваная войскамі камендатуры, была ўшчэнт разбіта. Да камандавання другой памежнай роты ў Празароках здолеў дайсці толькі адзін жаўнер з «Парчэўшчыны». Стражніца «Загацце» страціла дзвюх памежнікаў, якія былі забіты. Астатнія служачыя, уключаючы камандзіра і аднаго параненага, былі ўзяты ў палон. Стражніца «Стэльмахава Вялікае» была паднята па трывозе праз стрэлы, якімі забілі вартаўніка, таму паспела адступіць і без стратаў дайшла да Празарокаў[8].

Трэцяя памежная рота «Дзіўнікі» падверглася нападу з боку пятай стралковай дывізіі і трынаццатага аддзялення войскаў аховы памежжа. Стражніцы з гэтай роты, верагодна, абараняліся, аднак былі захоплены. Так, падчас боя на стражніцы «Каменны Воз» былі цяжка паранены пяць чырвонаармейцаў, забіты камандзір Павел Палчыньскі, аднак памежнікі здолелі адступіць. Узвод сувязі ў Дзіўніках пасля нападу згубіў шмат служачых, аднак невялікая частка з іх сыйшла ў кірунку Падсвілля[10].

Жаўнеры са стражніцаў першай памежнай роты «Крыжоўка», паднятыя па трывозе гукамі бітваў, пакінулі сваё месцазнаходжанне без сутыкненняў.

У невялікай колькасці ацалелыя вайскоўцы дабраліся да Падсвілля і далей пайшлі ў кірунку Глыбокага, дзе ўступілі ў бітву з адзінкамі пятай стралковай дывізіі пад кіраўніцтвам палкоўніка Кузьмы Галіцкага[11]. Жаўнеры роты «Празарокі» абстралялі тылавыя падраздзяленні дывізіі на захадзе ад Празарокаў, у выніку чаго адзін савецкі салдат загінуў, два былі паранены. Пасля сутыкнення 30 служачых батальёна былі ўзяты ў палон. Пад канец нападу трынаццатае аддзяленне войскаў аховы памежжа НКУС захапіла штаб батальёна ў Падсвіллі[12].

Здарэнні правіць

  • У аўторак 30 снежня 1924 года ў мястэчку Галубічы паручнік Караль Уладзіслаў Падроўжык, часова выконваючы абавязкі ад’ютанта, застрэліў камандзіра батальёна маёра Гвідона Бурсу.
  • 9 сакавіка 1925 года ў вёсцы Стараселле намеснік камандзіра першай роты сяржант Чаўс застрэліў камандзіра роты капітана Генрыка Каетаняка.
  • У нядзелю 17 кастрычніка 1937 года у Драздоўшчыне з нагоды 13-годдзя прыняцця памежнай службы адбылося пасвячэнне касцёла святой Троіцы, збудаванага пры падтрымцы Корпуса аховы памежжа і прыхаджанаў каталіцкай супольнасці празароцкай гміны, а пасля ў прысутнасці віленскага ваяводы Людвіка Бацянскага батальёну быў ўрачыста перададзены станкавы кулямёт, падараваны праз ахвяраванні мясцовых жыхароў у рамках праграмы Фонда нацыянальнай абароны[13].

Структура правіць

  • Камандаванне батальёнам
  • Узвод сувязі
  • Рэзервовая рота
  • Кулямётная рота
  • 1 памежная рота «Крыжоўка»
    • Стражніца «Каменны Воз»
    • Стражніца «Ліпава»
    • Стражніца «Горнава-Вярцінскія»
    • Стражніца «Горнава-Барткевічы»
    • Стражніца «Трасцяніца»
  • 2 памежная рота «Празарокі»
    • Стражніца «Парчэншчына»
    • Стражніца «Лаза»
    • Стражніца «Загацце»
    • Стражніца «Стэльмахава Малое»
    • Стражніца «Стэльмахава Вялікае»
  • 3 памежная рота «Дзіўнікі»
    • Стражніца «Целяшы»
    • Стражніца «Ялоўка»
    • Стражніца «Асінаўка»
    • Стражніца «Ямпаль»
    • Стражніца «Гразі»

Кіраўніцтва правіць

Камандаванне батальёна правіць

  • верасень 1924 — 30 снежня 1924 — маёр пяхоты Гвідон Бурса
  • 30 снежня 1924 — 31 ліпеня 1926 — маёр пяхоты Казімір Хмялеўскі
  • 31 ліпеня 1926 — 28 студзеня 1931 — маёр пяхоты Уладзіслаў Кралікоўскі
  • 10 лютага 1931 — 29 красавіка 1934 — падпалкоўнік пяхоты Пётр Сасялюк
  • 29 красавіка 1934 — 13 красавіка 1937 — падпалкоўнік Чэслаў Ржэдзіцкі
  • 13 красавіка 1937 — верасень 1939 — падпалкоўнік Уладзіслаў Антоні Сцяпковіч
  • верасень 1939 — капітан Францішак Асмакевіч

Штат батальёна ў верасні 1939 года правіць

  • Камандзір — капітан Францішак Асмакевіч
  • Ад’ютант — капітан Адам Людвік Крыціньскі
  • Кватэрмайстар — капітан Адам Кавальчык
  • Камандзір трэцяй памежнай роты — капітан Францішак Асмакевіч
  • Камандзір рэзервовай роты — капітан Мар’ян Пекальт
  • Камандзір кулямётнай роты — капітан Юзаф Мінкіна
  • Камандзір узвода сувязі — паручнік Эдмунд Высоцкі

Зноскі правіць

Літаратура правіць

  • «Polska Zbrojna» Nr 288 z 18 października 1937 roku. — 1937.
  • Zarządzenie dowódcy KOP w sprawie reorganizacji Korpusu Ochrony Pogranicza („R.3” I Faza) nr L.500/Tjn.Og.Org/37 z 23 lutego 1937 roku. — 1937.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924-1939. Barwa i Bron. — 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Віктар Крыштаф Цыган. Kresy we krwi. Obrona polnocno-wschodniej Polski we wrzesniu 1939. — Варшава: Espadon Publishing, 2006. — ISBN 978-83-60786-00-0.