Бачны бок Месяца — частка месяцавай паверхні, бачная з Зямлі.

Выгляд Месяца з Зямлі

Апісанне правіць

З-за таго, што перыяд вярчэння вакол Зямлі і перыяд вярчэння вакол сваёй восі ў Месяца супадаюць, з Зямлі можна назіраць толькі адно паўшар’е Месяца. Прычынай гэтай сінхранізацыі лічаць прылівы, якія Зямля выклікае ў месяцавай кары[1]. Таксама ўплыў можа аказваць і нераўнамернае размеркаванне масы ў кары Месяца[2].

Лібрацыі правіць

 
Месяцавыя лібрацыі

Вярчэнне Месяца вакол восі і вакол Зямлі супадаюць не зусім дакладна: вакол Зямлі Месяц абарочваецца са зменнай кутняй хуткасцю з-за эксцэнтрысітэту месяцавай арбіты (другі закон Кеплера) — паблізу перыгея рухаецца хутчэй, паблізу апагея павольней. Аднак вярчэнне Месяца вакол уласнай восі раўнамернае. Гэта дазваляе ўбачыць з Зямлі заходні і ўсходні краі зваротнага боку Месяца. Гэта з’ява называецца аптычнай лібрацыяй па даўгаце. Ёсць і аптычная лібрацыя па шыраце: вось вярчэння Месяца не дакладна перпендыкулярная плоскасці яго арбіты, таму раз у месяц з Зямлі відаць паўночны і (праз паўмесяца) паўднёвы край зваротнага боку. Сукупнасць гэтых з’яў дазваляе назіраць каля 59 % месячнай паверхні.

Таксама існуе фізічная лібрацыя, абумоўленая ваганнем спадарожніка вакол становішча раўнавагі ў сувязі са зрушэннем цэнтра цяжару ядра, а таксама ў сувязі з дзеяннем прыліўных сіл з боку Зямлі. Гэтая фізічная лібрацыя мае велічыню 0,02° па даўгаце з перыядам 1 год і 0,04° па шыраце з перыядам 6 гадоў.

Рэльеф і паверхня правіць

Да 1959 года, калі ўпершыню быў сфатаграфаваны зваротны бок, бачны бок з’яўляўся адзіным прадметам вывучэння селенаграфіі. А з-за таго, што многія дэталі паверхні можна разглядзець простым вокам, складанне карт Месяца пачалося яшчэ ў старажытнасці. У XVII стагоддзі італьянскі астраном Джавані Рычолі прысвоіў узвышшам і ўпадзінам на Месяцы назвы, якія захаваліся да гэтага часу.

З Зямлі на Месяцы можна ўбачыць розныя селеналагічныя ўтварэнні — моры, кратары, горы і горныя ланцугі, разломы, расколіны.

«Морамі» на Месяцы называюцца цёмныя вобласці, якія з’яўляюцца адносна роўнымі ўчасткамі паверхні спадарожніка, пакрытымі застылай лавай, у супрацьлегласць светлым абласцям — «мацерыкам», якія пакрыты рэгалітам, пылам, камянямі. Моры падраздзяляюцца на ўласна моры, акіяны, азёры, залівы і балоты. На бачным боку знаходзіцца значна больш мораў, чым на зваротным (21 мора, адзін акіян і 16 азёр супраць 2 мораў і 3 азёр), і самі моры большага памеру. Магчыма, з-за такой розніцы Месяц і звернуты да Зямлі адным бокам.

Месяцавыя кратары — сляды ад удараў метэарытаў аб паверхню спадарожніка Зямлі. Большасць кратараў на звернутым да нас боку названа ў гонар славутых людзей у гісторыі навукі, такіх як Ціха Брагэ, Капернік і Пталемей. У адрозненне ад адваротнага боку, на бачнай частцы кратары значна меншага памеру: кратар Баі, найбуйнейшы кратар бачнага паўшар’я (дыяметрам 287 км), значна меншы за кратары на нябачным з Зямлі боку, яны могуць перавышаць па памерах некаторыя месяцавыя моры, а ўдарны кратар Басейн Паўднёвы полюс — Эйткен большы за кратар Баі ў 25 разоў (ён размешчаны на паўднёвым месячным полюсе, і вялікая частка яго адносіцца да адваротнага боку). Колькасць кратараў на бачным боку Месяца менш, чым на зваротным, але ўсё роўна вельмі вялікая — 300 000 дыяметрам больш за кіламетр.

Мацерыкі Месяца перасякаюць горныя хрыбты. Яны размешчаны пераважна ўздоўж «узбярэжжаў» мораў. Месяцавыя горныя хрыбты называюцца па назвах зямных горных ланцугоў: Апеніны, Каўказ, Альпы, Алтай.

Паводле дадзеных, атрыманых са спадарожнікаў, абодва бакі Месяца маюць гравітацыйныя анамаліі, але калі на адваротным боку хаатычна раскіданыя як станоўчыя, так і адмоўныя анамаліі, то на бачнай частцы маюцца пераважна станоўчыя анамаліі гравітацыйнага поля, яны ствараюцца выхадамі шчыльных парод і выразна лакалізаваны ў прасторы[3].

Паводле некаторых даследаванняў, паверхня бачнага боку Месяца значна старэйшая за кару на зваротным боку, розніца ва ўзросце можа даходзіць да паўмільярда гадоў[4].

Становішча на зямным небе правіць

З-за таго, што традыцыйныя тэлескопы паказвалі перавернуты малюнак, месяцавыя карты таксама стваралі перавернутымі. Пры гэтым усходнім называлі край месяцавага дыска, блізкі да кропкі ўзыходу Месяца на небе Зямлі (левы ў Паўночным паўшар’і, але на перавернутай карце — правы), а заходнім — край, блізкі да кропкі заходу Месяца (правы ў Паўночным паўшар’і, але на перавернутай карце — левы). У 1961 годзе Міжнародным Астранамічным Саюзам было прынятае пагадненне аб змене бакоў усход—захад з вышэйпаказанай сістэмы на аналагічную геаграфічнай (гл. Селенаграфічныя каардынаты  (руск.)). Такім чынам, у паўночных шыротах Зямлі ўсход бачнага боку (Мора Дастатку) бачны справа, яго захад (Акіян Бур) — злева, поўнач — уверсе, поўдзень — унізе.

Дакладная арыентацыя Месяца на небе залежыць ад геаграфічнай шыраты зямнога назіральніка і ад узыходжання Месяца:

  • У Арктыцы Месяц бачны на небе паўночным полюсам дагары, г. зн. як на сучаснай карце.
  • У паўночных умераных шыротах (Еўропа, частка Азіі, Паўночная Амерыка…) Месяц паўстае паўночна-ўсходнім краем (Мора Крызісаў) дагары, бачны як на карце ў момант кульмінацыі, і садзіцца паўночна-заходнім краем (Мора Дажджоў) дагары.
  • У экватарыяльных шыротах Месяц паўстае ўсходнім краем (Мора Багацця) дагары, а садзіцца заходнім краем (Акіян Бур) дагары.
  • У паўднёвых умераных шыротах Месяц паўстае паўднёва-ўсходнім краем (Мора Нектару) дагары, бачны паўднёвым полюсам дагары ў момант кульмінацыі і садзіцца паўночна-заходнім краем (Мора Вільготнасці) дагары.
  • У Антарктыцы Месяц бачны на небе яго паўднёвым полюсам дагары, г. зн. перавернуты адносна віду на сучаснай карце.

Фазы Месяца правіць

Месяцавая паверхня рассейвае сонечнае святло, якое падае на яго. Змены абрысаў асветленай часткі паверхні Месяца на небе атрымалі назву месяцавых фаз. Пры арбітальным руху змяняецца ўзаемнае размяшчэнне Зямлі, Месяца і Сонца, і назіраны з Зямлі тэрмінатар перамяшчаецца па бачным боку Месяца, што і выклікае змену яго выгляду.

Кароткачасовыя месяцавыя з’явы правіць

На бачным боку Месяца са старажытных часоў назіраюць розныя непрацяглыя лакальныя анамаліі, не ўсе з якіх растлумачаны навукай на дадзены момант.

Зноскі

  1. Э. В. Кононович, В. И. Мороз. Общий курс астрономии. М.: УРСС, 2001. С. 119.
  2. Статья «Луна» в энциклопедии «Кругосвет» (руск.)
  3. Темная сторона Луны / Science-блог / Архив / Блоги / Newslab (руск.)
  4. Новости: Невидимая сторона Луны моложе видимой Архівавана 3 студзеня 2015. (руск.)

Спасылкі правіць