Беларуская культурна-навуковая грамада

Белару́ская культу́рна-навуко́вая грамада́ ў Барысаве — грамадская арганізацыя. Існавала ў 1922 годзе[1]. Зарэгістравана ў Наркамаце асветы БССР 29 красавіка 1922 года[2].

Мэты арганізацыі: вывучэнне і пашырэнне ведаў па гісторыі, краязнаўству і культуры Беларусі, чытанне лекцый, адкрыццё музеяў, лекцыйных курсаў і выставак, арганізацыя драматычных, музычных, літаратурных мерапрыемстваў, матэрыяльная ўзаемадапамога. Дэвіз грамады: «Сонца навукі прагляне ясна над нашай нівай». Кіруючы орган — выбарны прэзідыум (старшыня — А. Іваноў-Казельскі (псеўданім Сымон Музыка), сакратар — В. Гайдук). У сакавіку 1922 года налічвала 16 членаў, пераважна супрацоўнікаў школьных устаноў і вайскоўцаў. Актывістамі арганізацыі былі Н. Гаеўская, В. Дашук, А. Літэцкая, К. Ржэўскі, Л. Хацяновіч[2].

Зноскі

  1. Беларуская культурна-навуковая грамада // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 414.
  2. а б Ю. Р. Васілеўскі. Беларуская культурна-навуковая грамада // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 377.

Літаратура правіць