Беларуская ніва (1925)
«Беларуская ніва» — газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, неафіцыйны орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася на беларускай мове 3 разы на тыдзень у Вільні з 18 лістапада 1925 да канца 1926. Працягвала праграму газеты «Беларуская доля». Рэдактар-выдавец Я. Марцінеўскі, фактычны палітычны рэдактар, член ЦК КПЗБ Я. С. Бабровіч.
«Беларуская ніва» | |
---|---|
Тып | перыядычнае выданне[d] |
Рэдактар | Ян Станіслававіч Бабровіч |
Заснавана | 18 лістапада 1925 |
Спыненне публікацый | 1926 |
Палітычная прыналежнасць | Беларуская сялянска-работніцкая грамада |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс |
У склад рэдакцыі ўваходзілі П. В. Мятла, С. А. Рак-Міхайлоўскі, Б. А. Тарашкевіч. Мела аддзелы ўнутранай і міжнароднай палітыкі, нацыянальнай культуры і школьнай справы, аператыўнай інфармацыі, хронікі, друкавала лісты ў рэдакцыю, адказы чытачам, паведамленні з БССР. Гуртавала беларускую апазіцыю да польскага ўрада, змяшчала выступленні і парламенцкія інтэрпеляцыі (запыты) беларускіх дэпутатаў сейма і сенатараў, выступала за стварэнне адзінага фронту нацыянальных меншасцей Польшчы. Шмат увагі аддавала крытыцы каланіяльнай палітыкі ўрада, польскага варыянта «сталыпіншчыны» (асадніцтва на беларускіх землях), асвятленню фінансава-эканамічнага крызісу ў краіне, залежнасці Польшчы ад замежнага капіталу, росту беспрацоўя, выкрыццю спробы ўрада выйсці з цяжкага становішча за кошт бедных і сярэдніх слаёў насельніцтва. Выхад з крызісу газета бачыла ў радыкальных рэформах, перадачы ўсёй зямлі сялянству, індустрыялізацыі краіны, гарантыі права беларусаў на самавызначэнне, нацыянальнае раўнапраўе.
Паведамляла пра сялянскі і рабочы pyx у Заходняй Беларусі, у шэрагу матэрыялаў (21—25 лістапада і 5 снежня 1925) выкрывала імкненні Ю. Пілсудскага захапіць уладу. У сувязі з 20-годдзем Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) на старонках газеты надрукаваны арт. «3 гісторыі БСГ» А. Луцкевіча (пад крыптанімам «Г. Б.»), а таксама рэдакцыйны арт. «Пад сцягам сацыялізму» (абодва 5 снежня 1925), дзе падкрэслівалася, што БСГ прытрымлівалася беларускага шляху ў пераходзе да сацыялізму на аснове адзінства ідэалаў і грамадскіх інтарэсаў працоўнага сялянства і гарадскіх работнікаў. У рэдакцыйных матэрыялах (арт. «Адзіная ідэалогія», 20 лютага 1926, і інш.) і палемічных выступленнях Тарашкевіча крытычна ставілася да газеты «Сялянская ніва», дэпутатаў сейма В. Рагулі і Ф. Ярэміча, якія разладжвалі адзіны фронт беларускага нацыянальнага адраджэння, супрацьпастаўлялі сялянства рабочаму класу і інш. слаям працоўных. Выкрывала згодніцкую палітыку Паўлюкевіча і газеты «Беларускае слова», што выступалі супраць БССР, рабочага і сацыялістычнага руху, ішлі на змову з польскім нацыяналізмам. У 1926 газета набыла больш радыкальны кірунак, крытыкавала слабыя бакі парламенцкай дэмакратыі, выступала за непасрэднае прадстаўніцтва народа ў форме саветаў сялянскіх і рабочых дэпутатаў (арт. «Банкруцтва парламентарызму», 9 студзеня 1926). Сацыяльна-эканамічны і палітычны крызіс капіталізму, на думку аўтараў і выдаўцоў газеты, парадзіў у Еўропе фашызм (арт. «Сімвал смерці», 16 студзеня 1926).
Друкавала юрыдычныя парады Таварыства беларускай школы па арганізацыі беларускіх школ і іншых культурна-асветных устаноў у Заходняй Беларусі, садзейнічала развіццю мастацкай самадзейнасці на вёсцы, падтрымлівала беларускія гімназіі. На старонках газеты змешчаны нататкі пра барацьбу сялян за беларускую школу (арт. «3 жыцця Горадні: в. Чамяры Слонімсісага пав.», 25 снежня 1925), рэцэнзіі на пастаноўку п'есы В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» ў в. Канюхі Ляхавіцкай гміны, публіцыстычныя і літаратурныя творы У. Жылкі, X. Ільяшэвіча, Я. Маланкі, Я. Міско, П. Мятлы, А. Салагуба (Я. Чачоткі), Б. Тарашкевіча і інш. агляды тэатральнага і выяўленчага мастацтва ў БССР.
Выйшла 35 нумароў, з іх 4 канфіскаваны.
Літаратура
правіць- Конан, У. М. «Беларуская ніва» / У. М. Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 394.