Беларускі з’езд Віленшчыны і Гродзеншчыны

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць Клаўдзій Дуж-Душэўскі, выбраны старшынёй Рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны; Павел Аляксюк, адзін з ініцыятараў з’езда; Міхаіл Кахановіч, старшыня Віленскай беларускай рады і дырэктар Беларускай гімназіі ў Вільні

Белару́скі з’езд Ві́леншчыны і Гро́дзеншчыны — з’езд прадстаўнікоў беларускай грамадскасці Віленшчыны і Гродзеншчыны, які адбыўся 910 чэрвеня 1919 года ў Вільні. Скліканы паводле ініцыятывы групы беларускіх палітычных дзеячаў на чале з Браніславам Тарашкевічам і Паўлам Алексюком. На з’ездзе было 125 дэлегатаў.

Правядзенне з’езда было выкліканае неабходнасцю пацвердзіць ідэю непадзельнасці і незалежнасці Беларусі ўва ўмовах польскай акупацыі і агітацыі з боку паланафілаў за далучэнне беларускіх земляў да Польшчы. Бальшыня ўдзельнікаў з’езда была сябрамі Беларускай партый сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р).

Асноўныя даклады, якія былі заслуханыя і абмеркаваныя на з’ездзе: аб кааперацыі (Клаўдзій Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах беларускай асветы (Міхаіл Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Ян Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, катэгарычна асудзіў унію з Польшчай; прымаючы пад увагу традыцыйныя гістарычныя і эканамічныя сувязі беларускага і літоўскага народаў, прызнаў пажаданым дзяржаўны звяз з Літвой. У прынятай з’ездам дэкларацыі БПС-Р асуджалася акупацыя Беларусі Польшчай, беларуская грамадскасць заклікалася да стварэння працоўных валасных, павятовых і губернскіх радаў. Былі прынятыя рэзалюцыі аб стварэнні беларускага войска дзеля абароны незалежнасці рэспублікі, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Горадні. З’езд абмеркаваў пытанні пра неадкладную беларусізацыю царквы і касцёла ў Беларусі, стварэнне беларускага біскупства і епархіі ў Вільні, дапамогу пацярпелым ад вайны. Дэлегаты разгледзелі пратэст БПС-Р і Віленска-Гродзенскага дэмакратычна-рэспубліканскага блока ў сувязі з арыштамі беларускіх дзеячаў і забаронай беларускіх арганізацый польскімі ўладамі і асудзілі дзеянні апошніх.

З’езд абраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны на чале з эсэрам Душэўскім, прыняў пастанову пра найхутчэйшае скліканне Рады БНР.

ЛітаратураПравіць