Белорусский вестник (1904)

грамадска-палітычная і літаратурная газета

«Белорусский вестник» — штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета вялікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку. Выдавалася з 21 лістапада (4 снежня) 1904 да 16(29) лісапада 1905 гадах у Мінску на рускай мове. Заснавана П. Р. Бывалькевічам пры фінансавай і палітычнай падтрымцы ўрада. Выдаўцы: Бывалькевіч, з 6(19) мая 1905 года А. П. Смародскі. Рэдактары: I. П. Фацінскі, з 10(23) снежня 1904 да 9(22) лютага 1905 года Смародскі.

«Беларускі веснік»
Арыгінальная
назва
«Белорусский вестник»
Тып газета
Заснавальнік П. Р. Бывалькевіч
Выдавец П. Р. Бывалькевіч
А. П. Смародскі
Рэдактар I. П. Фацінскі (1904)
А. П. Смародскі (1904—1905)
Заснавана 4 снежня 1904
Спыненне публікацый 29 лістапада 1905
Мова руская
Перыядычнасць штодзень
Галоўны офіс

Была задумана для барацьбы з нацыянальна-вызваленчым рухам наогул і газетай «Северо-Западный край». Аднак кірунак газеты часткова мяняўся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі і складу рэдакцыі. Спачатку Фацінскі паспрабаваў накіраваць газету на шлях ліберальнага «надпартыйнага» асветніцтва, абвясціў праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцей краю на аснове гуманізму і справядлівасці. На першым этапе рэдакцыйныя артыкулы газеты развівалі праграму «яднання» і «палітыкі даверу» тагачаснага міністра ўнутраных спраў П. Д. Святаполка-Мірскага. Пасля адстаўкі міністра новы рэдактар Смародскі адмовіўся ад «лібералізму», адмежаваўся ад тых, хто хацеў змяніць дзяржаўны лад Расіі, выступіў за «непарушнасць самадзяржаўя пры садзеянні лепшых выбраных людзей з усіх класаў насельніцтва», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць рэформ, якія, на яго думку, «нясвоечасовыя і нават пагібельныя для будучыні Расіі» (17 красавіка 1905 год). Бывалькевіч пагадзіўся перадаць Смародскаму права на выданне «Белорусскому вестника», толькі пры ўмове, «каб газета падтрымлівала Рускую дзяржаўнасць на Паўночна-Заходняй ускраіне Расіі». Грамадзянскае адзінства дзяржавы цяпер тлумачылася як «адзінства рускага народа», адмаўлялася нацыянальная і культурная самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Паводле «сімвала веры» кіраўнікоў «Белорусского вестника», самадзяржаўе — адзіна магчымы дзяржаўны лад у Расіі, дзе няма нацыянальнасцей, а ёсць толькі «рускія грамадзяне або ворагі Расіі». На старонках «Белорусского вестника» друкаваліся артыкулы, «лісты ў рэдакцыю» і іншыя матэрыялы, якія змяшчалі нападкі на прагрэсіўны друк, ліберальных публіцыстаў і сацыял-дэмакратаў. Грамадскасць не падтрымала рэакцыйны курс газеты, у выніку чаго рэдакцыя вымушана была лавіраваць, друкаваць прагрэсіўных аўтараў, погляды якіх яна не падзяляла. Пад націскам рэвалюцыйнага руху, байкоту з боку прагрэсіўных чытачоў летам 1905 года рэдакцыя страціла ідэалагічны кантроль над газетай, якая набыла ліберальную афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу падрабязна і праўдзіва інфармавала пра курлоўскі расстрэл 1905 года у Мінску, выказвалася за палітычныя рэформы, змяшчала праграмныя дакументы партыі кадэтаў, прызнала непазбежнасць і нават неабходнасць апазіцыі да ўрада і сацыялістычнага руху, апублікавала артыкулы «Друг Маркса—Фрыдрых Энгельс» (12 жніўня 1905 года). Газета часта друкавала нарысы, апавяданні і карэспандэнцыі беларускага пісьменніка Ядвігіна Ш., вершы мясцовага паэта С. Някрасава. Пасля таго, як улады прыпынілі выданне газеты «Северо-Западный край», мінская дэмакратычная грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакратычныя дзеі і рэформы. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.

Літаратура

правіць
  • Конан, У. М. «Белорусский вестник» / У. М. Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 6—7.
  • Конон, В. М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. / В. М, АН Белорусской ССР, Институт философии и права; [Редактор С. Х. Александрович]. — Мн.: Наука и техника, 1985. — 200 с.