Бельскі прывілей

Бельскі прывілей — прывілей, абвешчаны вялікім князем літоўскім Жыгімонтам II Аўгустам 1 ліпеня 1564 на сойме ў г. Бельск Падляшскага ваяводства.

Адзін з юрыдычных актаў, што ўдасканальвалі прававыя нормы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Апублікаваны ў час падрыхтоўкі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. пасля настойлівых просьбаў шляхты, якая намагалася пашырыць свае саслоўныя і палітычныя правы.

Паводле прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах судовыя органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Абвяшчаў роўнасць шляхты перад судом і законам. Вялікі князь гарантаваў неўмяшанне адміністрацыі (ваявод і старастаў) у судовыя справы шляхты і абяцаў у хуткім часе выдаць на сойме новы статут, у якім прадугледжвалася ўтварэнне судоў, што выбіраліся шляхтай. Асобна агаворывлвся, што правы царквы і духоўных судоў (каталіцкіх і праваслаўных) захоўваюць сваю сілу на падставе даўніх прывілеяў, якія мелі каталіцкія біскупы і праваслаўныя ўладыкі.

У складанай палітычнай сітуацыі ў час Інфлянцкай вайны 1558——1582 гг. на абмежаванне сваёй улады і прэрагатыў у судовых адносінах пайшлі не толькі вялікі князь, але і паны-рада і старасты (пераважна магнаты). Яны былі вымушаны адмовіцца ад сваіхсудовых правоў і даходаў дзеля кансалідацыі саслоўя феадалаў. Усе палажэнні прывілея былі ўзяты з праекта новага статута. Аднак у Статуце 1566 г. яны сфармуляваны больш поўна і дакладна. Дапаможны, службовы характар прывілея выявіўся ў тым, што ў Статуце 1566 ён змешчаны як уводны закон і склаў з ім адзіны прававы акт.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Грыцкевіч, А. П. Бельскі прывілей / А. П. Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 10.
  • Грыцкевіч, А. Бельскі прывілей 1564 / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] мастак З. Э. Герасімовіч]. Т. 1: А—К. — Мн: Беларуская энцыклапедыя — 684, [2] с. — С. 310. — ISBN 978-985-11-0393-1