Беліца (археалагічныя помнікі)

Беліца — група археалагічных помнікаў каля в. Беліца Лідскага раёна.

Правы бераг Нёмана на поўдзень ад вёскі Беліца, ніжэй вусця Залатой рэчкі

Стаянка Беліца-1Правіць

За 0,5 км на поўдзень ад вёскі, ніжэй вусця р. Залатая знаходзіцца стаянка памерам у шырыню 60—70 м, даўжыня 1,5 км. Выявіў яе ў 1970 годзе Г. І. Гарэцкі. Культурны пласт 0,3—0,4 м. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, якія адносяцца да эпохі мезаліту, ранняга неаліту і пачатку бронзавага веку, некаторыя — да позняга палеаліту (свідэрская культура). Помнік, які ўтрымлівае рознакультурныя і розначасовыя знаходкі, пакуль што мала даследаваны.

Стаянка Беліца-2Правіць

 
Стаянка Беліца-2

Помнік размешчаны праз 0,5 км на поўдзень вёскі, займае край чатырохмятровага правабярэжнага поплаву Нёмана ад прывусцевай часткі Залатой рэчкі і ўніз па рацэ на 0,3 км. Шырыня яго да 60 м. Участак са знаходкамі з усходу абмежаваны ўступам да нізкага поплаву, з захаду — пад'ёмам на васьміметровую тэрасу.

Помнік выяўлены Г. І. Гарэцкім. Даследаваў у 1977-79 г. і 1982 г. М. М. Чарняўскі (раскопвалася каля 600 м²). Пры сярэдняй насычанасці культурных напластаванняў артэфактамі атрымана, аднак, выразная калекцыя крамянёвага інвентару. Ён амаль увесь аднакультурны і памяшчаецца ў адносна нешырокія храналагічныя рамкі. Знойдзеныя крамянёвыя вырабы адносяцца да позняга мезаліту і маюць рысы яніславіцкай культуры.

Культурны пласт стаянкі мае шэры светлаваты колер, дасягае таўшчыні 0,3—0,4 м. Ён падсцілаецца сіваватым светла-шэрым дробназярністым пяском — рачнымі адкладамі, пад якімі на глыбіні 0,8—1 м ад дзённай паверхні залягае тыповая сугліністая марэна. Паверхня мацерыка пад культурным пластом даволі роўная, на ёй няма колькі-небудзь прыкметных паглыбленняў, што маглі застацца ад жыццядзейнасці чалавека. Засталося толькі некалькі плям звілістых абрысаў ад каранёў дрэў.

У нізе культурнага пласта сустрэты невялікія лінзы цёмна-шэрага пяску са слядамі вуглістасці. Адна такая лінза ніжняй часткай была заглыблена ў мацярык і ўтрымлівала больш за 20 невялікіх абпаленых камянёў без рэгулярнасці ў размяшчэнні. Вуглістыя лінзы хутчэй за ўсё з'яўляюцца рэшткамі адкрытых агнішчаў — вогнішчаў. Гэта пацвярджаецца і канцэнтрацыяй навокал іх разцоў, якімі апрацоўвалі нагрэтыя косткі і рогі.

Прылады працы вырабляліся пераважна з высакаякаснай сыравіны светла-шэрага, злёгку блакітнага колеру. Такія крэмені сустракаюцца ў наваколлі, асабліва іх шмат у ніжнім цячэнні недалёкай Дзітвы, дзе маюцца крэменяносныя радовішчы крэйды (каля в. Вялікія Канюшаны). Некаторыя экзэмпляры пакрыты рудаватай пацінай, што выклікана блізкасцю грунтавой вады. Сустракаюцца і крэмені бурага колеру. Такі матэрыял паходзіць з крэйдавага радовішча ў нізоўі Моўчадзі (каля в. Гезгалы). Пры гэтым вынікае, што самая першапачатковая апрацоўка сыравіны вялася за мяжой паселішча. Гатовая крамянёвая прадукцыя (прылады і нуклеусы) у раскопах складалі 23—25% ад усіх артэфактаў.

3 усіх амаль 600 расшчэпленых крэменяў з другаснай апрацоўкай каля 40% былі змайстраваны з пласцінак. Гэта былі пераважна рэжучыя прылады, ланцэтападобныя вастрыі, скрабкі, разцы, праколкі. Аднак значная частка скрабкоў, асабліва нерэгулярных формаў — скрабачоў, фармавалася на адшчэпах.

Прыкладна каля сярэдзіны 4-га тысячагоддзя да н. э. у сувязі з падняццем узроўню вады ў Нёмане, звязаным з трансгрэсіяй Балтыйскага мора, высокі поплаў Нёмана стаў непрыдатным для чалавечага засялення. Стаянка Беліца-2 апусцела, а яе жыхары, відавочна, перабраліся на размешчаную побач тэрасу (Беліца-1).

Бескурганны могільнікПравіць

 
Каменныя магілы — помнік археалогіі

За 0,25 км на паўночны ўсход ад вёскі, справа ад старой дарогі Слонім — Ліда, на невялікім узвышшы размешчаны могільнік без вонкавых прыкмет. У 1982 г. археолаг Ала Віктараўна Квяткоўская раскапала адну магілу. На глыбіні 0,4 м выяўлена пахаванне каня, а ніжэй — пахаванне чалавека. Знойдзены абломкі 2 гліняных гаршкоў, 3 жалезныя нажы, крэсіва, завушніца, манета.

А. В. Квяткоўская лічыць што пахаванне засталося ад прусаў (борцей), якія былі вымушаны ўцякаць на гэтыя землі ад Тэўтонскага ордэна. На карысць прускай прыналежнасці беліцкага могільніка, які датуецца канцом XVI-XVII стст., можа сведчыць тое, што значная частка маёнтка Ліпічны над Нёманам на поўдзень ад Жалудка ўзнікла з земляў барцянскіх і іх пасяленцаў[1].

Асобныя знаходкіПравіць

У ваколіцах вёскі знойдзена каля дзясятка каменных свідраваных сякер і сякер-кліноў.

ЛітаратураПравіць

  • Чарняўскі М. М. Неаліт Беларускага Панямоння / М. М. Чарняўскі; Акадэмія навук БССР, Ін-т гісторыі; Навук. рэд. Д. Я. Цялегін. — Мн.: Навука і тэхніка, 1979. — 140, [1] с.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродэенсная вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, атнаграфіі і фальялору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў {гал. рад.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с., іл.
  • Археалогія Беларусі: У 4 т. Т. 1. Каменны і бронзавы вякі / Э. М. Зайкоўскі, У. Ф. Ісаенка, А. Г. Калечыц і інш.; Пад рэд. М. М. Чарняўскага, А. Г. Калечыц. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 424 с: іл. ISBN 985-08-0088-7

СпасылкіПравіць

  1. pawet.net