Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі
Гаўры́ла Іва́навіч Гарэ́цкі (28 (10) красавіка 1900, вёска Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні[заўв 1] — 20 лістапада 1988, Мінск) — беларускі геолаг, географ, эканаміст, дэмограф, археолаг, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў і акадэмік (1928) Беларускай акадэміі навук. Доктар геолага-мінералагічных навук (1946), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1972). Малодшы брат класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага[2].
Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі | |
---|---|
альтэрн.: Гаўрыла Гарэцкі | |
Дата нараджэння | 28 сакавіка (10 красавіка) 1900 ці 1900[1] |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 20 лістапада 1988 ці 1988[1] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі |
Род дзейнасці | эканаміст, геолаг, географ, дэмограф, археолаг, грамадскі дзеяч, лексікограф |
Навуковая сфера | геалогія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар геолага-мінералагічных навук |
Навуковае званне | акадэмік НАНБ |
Альма-матар | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьПаходжанне і дзяцінства
правіцьНарадзіўся 28 сакавіка (10 красавіка паводле новага стылю) 1900 ў вёсцы Малая Багацькаўка[2] Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні ў сялянскай малазямельнай сям’і. Бацька — Іван Кузьміч Гарэцкі (1856—1945), многія гады служыў кухарам у пана Цэкерта ў Лонніцы на Смаленшчыне. Маці — Ахрасіння Іванаўна, у дзявоцтве Папова (1864—1935), дачка панскага ткача з сяла Слаўнае, сям’я лічылася заможнай. Калі адбыўся шлюб, Івану Кузьмічу было 28 гадоў, а Ахрасінні Іванаўне 20. Абое былі непісьменнымі. Іван, які ўвесь час працаваў у паноў, стараўся і навучыўся размаўляць па-руску, Ахрасіння гаварыць па-руску саромелася, і так і не навучылася. Праз кароткі час пасля шлюбу Іван зноў паехаў служыць да пана Цэкерта. Ахрасіння ездзіла да мужа толькі ў госці, але зрэдку, бо было далёка[3].
У Івана і Ахрасінні нарадзіўся першы сын, якому далі імя Васіль, але крыху больш чым праз год ён памёр. Праз два гады нарадзіўся Іван (1880—1939). Наступнай была Марына, але хутка памерла з водры. У 1893 годзе нарадзіўся Максім. Пасля нарадзіліся блізняты Панас (памёр праз 4 тыдні) і Парфір (1896—1980), Гаўрыла (1900—1988), Ганна (1902—1922)[4].
Адукацыя
правіцьАдзіны з пяці дзяцей атрымаў вышэйшую адукацыю. Пасля вучобы ў школе, земскім і двухкласным вучылішчах у 1914 паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча[5], якое закончыў у 1919. Працаваў ва Уфімскім губземаддзеле (каморнікам-аграномам) і вучыўся ва Уфімскім інстытуце народнай адукацыі (1919-20). У 1920 паступіў на эканамічны факультэт Ціміразеўскай (тады Пятроўскай) сельскагаспадарчай акадэміі (г. Масква)[2], якую закончыў у 1924, атрымаўшы спецыяльнасць «аграном». Двойчы арыштоўваўся Дзяржаўным палітычным упраўленнем (1920 і 1922).
Маладыя гады
правіцьУ 1925 з сям’ёй пераязджае ў Беларусь, у Горкі, дзе Г. Гарэцкі працуе дацэнтам, загадчыкам кафедры сельскагаспадарчай эканоміі і эканамічнай геаграфіі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі (да 1927)[2]. 3 1925 — член Інстытута беларускай культуры, з 1927 — член Прэзідыума і Навуковай Рады гэтай установы. У 1926 годзе ІБК накіроўвае Г. Гарэцкага ў камандзіроўку ў Германію, Польшчу і Данію.
У 1927 Г. Гарэцкага прызначаюць дырэктарам новага Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР[2]. На гэтай пасадзе ён займаўся арганізацыяй сельскагаспадарчай навукі і практыкі. Летам 1927 г. Гарэцкі зноў едзе ў камандзіроўку ў Польшчу і Германію. У канцы 1928 28-гадовага дырэктара інстытута выбіраюць правадзейным членам Беларускай акадэміі навук, у якую рэарганізавалі Інбелкульт. Ён быў самым маладым сярод акадэмікаў-заснавальнікаў акадэміі і застаецца дагэтуль наймаладзейшым сярод абраных акадэмікаў.
Арышт і зняволенне
правіць24 ліпеня 1930 года Г. Гарэцкі арыштаваны ДПУ БССР па справе «Працоўнай сялянскай партыі» . 6 снежня пазбаўлены звання акадэміка. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 30 мая 1931 як «кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі „Працоўная сялянская партыя“» да вышэйшай меры пакарання. 6 чэрвеня 1931 прысуд заменены на 10 гадоў ППК. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі лагер НКУС Карэла-Фінскай АССР. Вызвалены датэрмінова 5 кастрычніка 1934. Зноў арыштаваны ў кастрычніку 1937, праз тры месяцы вызвалены. У 1938 годзе арыштаваны яшчэ раз. 8 мая 1938 асуджаны да расстрэлу. Больш за год ён прабыў у турме, але застаўся жывым.
Гаўрыла Гарэцкі ў ГУЛАГу трапіў у Беламорска-Балтыйскі камбінат НКУС (пас. Мядзведжая Гара ў Карэліі), дзе ў 1931-39 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам і інжынерам-геолагам[2] на ўзвядзенні Беламорска-Балтыйскага канала і звязаных з ім гідратэхнічных збудаванняў, такіх як Туломскія ГЭС , Рыбінскі гідравузел Валгабуда і інш. У 1939-42 гадах ён — галоўны геолаг у сістэме Галоўпрамбуда і Наркамата абароны НКУС (у прыватнасці, у 1939-40 гадах — галоўны геолаг Салікамскага гідравузла НКУС), з 1942 — у арганізацыях Гідрапраекта НКУС, дзе працаваў па 1968 на пасадах ад галоўнага геолага да намесніка начальніка аддзела і галоўнага спецыяліста аддзела інжынернай геалогіі (г. Дзедаўск Маскоўскай вобласці)[2], пазней — галоўным кансультантам (да 1973).
У часы вайны працаваў на ўзвядзенні абарончых збудаванняў. Пасля ўдзельнічаў у геолага-інжынерных вышуканнях і будоўлях амаль усіх найбуйнейшых ГЭС у еўрапейскай частцы Расіі і Украіны (Горкаўская , Куйбышаўская , Саратаўская , Канеўская , Кахоўская, Цымлянская і інш.), каналаў (Волга-Данскі, Сальскі , Азоўскі і інш.), вадасховішчаў, абвадняльных, арашальных і шлюзавых сістэм.
Пасля вызвалення
правіцьУ 1954 годзе пастановай Прэзідыума ВС СССР з Г. Гарэцкага знятая судзімасць, а 22 красавіка 1958 ён рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА і яго справа за адсутнасцю складу злачынства спынена. У званні акадэміка АН БССР адноўлены 28 верасня 1965 года. У 1966—1969 гадах працаваў па сумяшчальніцтве старшым навуковым супрацоўнікам Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР. На сталае пражыванне і пастаянную працу ў Беларусь здолеў вярнуцца з сям’ёй у 1969, на пасаду загадчыка сектара палеагеаграфіі і антрапагенавага перыяду Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР (з 1970 Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР)[2]. У 1971—1985 гадах — загадчык аддзела палеагеаграфіі антрапагену гэтага інстытута (з 1973 — аддзел, з 1978 — лабараторыя геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену), у 1985—1988 гадах — кансультант ІГіГ АН БССР.
Памёр 20 лістапада 1988 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.
Навуковая дзейнасць
правіцьНавуковыя даследаванні Г. Гарэцкага прысвечаныя эканамічнай геаграфіі, геалогіі антрапагену , інжынернай геалогіі і інш[2].
У 1926 годзе выйшлі з друку яго даследаванні аб народным (нацыянальным) прыбытку Беларусі, а таксама аб сельскай гаспадарцы і насельніцтве Гомельскай губерні (апошнія паспрыялі вырашэнню пытання аб уключэнні Гомельшчыны ў склад БССР). У працы аб нацыянальным прыбытку Беларусі (1927) паказаў, як можна зрабіць яе заможнай краінай з рацыянальна арганізаванай прыбытковай сельскай гаспадаркай накшталт развітай у гэтых адносінах Даніі, прыродныя ўмовы якой (глебы, клімат) падобныя да беларускіх. Ім напісана кніга «Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы» (1928).
За час працы ў Гідрапраекце Г. Гарэцкі стаў аўтарытэтным інжынерам-геолагам і геолагам-чацвярцічнікам. 3 1948 — член Бюро, а ў 1967-83 г. — старшыня Камісіі АН СССР па вывучэнні чацвярцічнага перыяду і савецкай секцыі INQUA[2]. Ім закладзены асновы новай у СССР галіны ведаў — палеапатамалогіі[2], вучэння аб старажытных рэках, адклады якіх ён вывучаў пры будаўніцтве гідратэхнічных аб’ектаў і апісаў у грунтоўных манаграфіях аб алювіі вялікіх антрапагенавых прарэк Рускай раўніны (1964), аб фарміраванні даліны ракі Волгі ў антрапагене (1966). Г. Гарэцкі супрацоўнічаў з геолагамі-чацвярцічнікамі, палеантолагамі, археолагамі і іншымі спецыялістамі ў СССР, каб апрацаваць і ўсебакова вывучыць зборы палявых даследаванняў, якія ён праводзіў пры геолага-інжынерных вышуканнях. Паводле багатага матэрыялу, сабранага на Кольскім паўвостраве, у 1945 годзе абараніў кандыдацкую, а праз год — аб неагенавых і чацвярцічных адкладах Сярэдняй Камы — доктарскую дысертацыі (1946).
Напісаў больш за 80 навуковых артыкулаў па палеапатамалогіі і чацвярцічнай геалогіі Беларусі і выдаў манаграфіі «Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра» (М., 1970), «Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья)» (Мн., 1980) і «Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона» (Мн., 1982).
Г. Гарэцкі — член рэдкалегіі часопісаў «Бюллетень Комиссии по изучению четвертичного периода» і «Инженерная геология», Карты чацвярцічных адкладаў СССР маштаба 1 : 2 500 000, галоўны рэдактар Карты чацвярцічных адкладаў БССР маштаба 1 : 500 000, старшыня Беларускай антрапагенавай камісіі, член рэдакцыйнага савета «Беларускай савецкай энцыклапедыі», член рэдкалегій некалькіх энцыклапедычных выданняў і член тэрміналагічнай камісіі, рэдактар многіх манаграфій геолагаў, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення хімічных і геалагічных навук АН БССР і інш.
Апублікаваў больш за 160 навуковых прац — у т. л. па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі, археалогіі[2]. Адзін са стваральнікаў руска-беларускага слоўніка[2]. У друку з’явіліся яго артыкулы і ўспаміны пра Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Гарэцкага і інш.
Выбраныя працы
правіць- Ложбины ледникового выпахивания и размыва в их связи с краевыми ледниковыми образованиями. — В кн.: Ледниковый морфогенез. Рига, 1972;
- О некоторых проявлениях унаследования в антропогеновых образованиях Белорусского Понеманья. — В кн.: Стратиграфия и палеогеография антропогена. Мн., 1975;
- Основные задачи палеопотамологических исследований в СССР. — В кн.: Речные системы и мелиорация. Новосибирск, 1977, ч. 1;
- Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). — Мн., 1980.
Грамадская дзейнасць
правіцьУ 1919 Г. Гарэцкі супрацоўнічаў з Беларускай секцыяй студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Падчас вучобы ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі стварыў і ўзначальваў Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю студэнтаў, вёў актыўную грамадскую працу, выкладаў эканамічную геаграфію ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду (да 1925). Вучоба і праца былі падпарадкаваны ідэі падрыхтоўкі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі для эканамічнага, асветніцкага і культурнага будаўніцтва ў Беларусі. Неаднаразова арыштоўваўся.
Пасля вяртання ў Мінск (1969) Г. Гарэцкі шмат займаўся арганізацыйнай, грамадскай і асветніцкай працай. Спрыяў адраджэнню беларускамоўнага асяродку на працы, вывучэнню чацвярцічнай геалогіі Беларусі, узгадаванню калектыву нацыянальных вучоных, стварэнню школы спецыялістаў у розных галінах чацвярцічнай геалогіі. Ён арганізаваў выданне шматлікіх манаграфій і зборнікаў навуковых прац сваіх супрацоўнікаў на беларускай і рускай мовах.
Кандыдат у слены ЦВК БССР у 1927-28, член ЦВК БССР у 1929-30.
Дамогся вяртання імя і творчасці Максіма Гарэцкага: выданне збору твораў пісьменніка, прызнанне яго класікам беларускай літаратуры. У гэтай справе намаганні акадэміка Гарэцкага, жонкі і дачкі Максіма Іванавіча былі вырашальнымі.
Прэміі і ўзнагароды
правіцьЛаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) за манаграфіі «Алювіяльны летапіс вялікіх антрапагенавых прарэк Рускай раўніны. Прарэкі Камскага басейну» (1964), «Фарміраванне даліны р. Волгі ў раннім і сярэднім антрапагене. Алювій Пра-Волгі» (1966), «Алювіяльны летапіс вялікага Пра-Дняпра» (1970)[2], Дзяржаўнай прэміі БССР (1986).
Г. Гарэцкі ўзнагароджаны трыма Ганаровымі граматамі ВС БССР, 14 медалямі і ордэнамі, сярод якіх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1930), два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1952, 1971), ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1979).
Сям’я
правіцьМалодшы брат пісьменніка Максіма Гарэцкага.
З жонкай Ларысай (у дзявоцтве Парфяновіч) меў двух сыноў: Усяслава (1924—2009) і Радзіма (нар. 1928); Радзім Гарэцкі — вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі.
Падчас Другой сусветнай вайны загінулі тры пляменнікі Гаўрылы Гарэцкага: Уладзімір Парфіраў, Віктар Iванаў i сын Максіма Гарэцкага Леанід.
Ушанаванне памяці
правіцьГаўрыла Іванавіч Гарэцкі пахаваны на Паўночных могілках у Мінску. На яго магіле на помніку-валуне змешчаны барэльефны партрэт работы Валяр’яна Янушкевіча.
У гонар яго названы 13 відаў выкапнёвых раслін і жывёл, дзеля ўшанавання памяці Гаўрылы Іванавіча штогод праводзяцца навуковыя канферэнцыі. Заір Азгур стварыў скульптурны партрэт акадэміка Г. Гарэцкага, на будынку былога Інстытута геахіміі і геафізікі НАН Беларусі змешчана мемарыяльная дошка работы Аляксандра Шатэрніка.
Заўвагі
правіць- ↑ Цяпер у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці
Крыніцы
правіць- ↑ а б Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 22 жніўня 2024.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н Горецкий Гавриил Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 163. — 737 с.
- ↑ Гарэцкі Р. 2008, с. 12.
- ↑ Гарэцкі Р. 2008, с. 12—13.
- ↑ Сяргей Макарэвіч. Месца знаёмства — Горкі(недаступная спасылка). Гісторыя. Сайт горада Вілейка (11 красавіка 2010). Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2012. Праверана 30 кастрычніка 2011.
Літаратура
правіць- Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АН БССР Г. І. Гарэцкага. — Мн., 1980
- Гарэцкі Р. Браты Гарэцкія / Шаўлякова І.. — Мінск: Згуртаванне Беларусаў Свету Бацькаўшчына, 2008. — 334 с. — ISBN 978-985-6887-21-8.
- Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі (Да 110-годдзя з дня нараджэння) // Літасфера. № 1 (32). 2010.
- Радзім Гарэцкі. Гаўрыла Гарэцкі, «У імя светлых вобразаў». З лістоў да родных. Згадкі. Вандроўкі. Мінулае Архівавана 19 чэрвеня 2013. // Часопіс «Дзеяслоў» № 30, 2007-09
- Радзім Гарэцкі. Гаўрыла Гарэцкі — прадстаўнік беларускай інтэлігенцыі 20-х гадоў(недаступная спасылка) // «Беларусь у XX стагоддзі». Вып 1. — Мн.: 2002.
- ГАРЭЦКІ Гаўрыла Іванавіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ГАРЭЦКІ Гаўрыла Іванавіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Гарэцкі Гаўрыла // Сымон Кандыбовіч. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. — Мінск: БГА, 2000.— 160 с. ISBN 985-6374-15-4.
- Ларыса Цімошык. Выбраныя месцы з перапіскі Гарэцкага Архівавана 11 студзеня 2012. // Газета «Звязда» № 71 (26679) ад 10 красавіка 2010 г.
- Горецкий Гавриил Иванович В кн.: Лившиц, В. М., Цыганов, А. Р., Саскевич, П. А. Гордость и слава Белорусской государственной сельскохозяйственной академии. Профессора и выпускники: академики и члены-корреспонденты — Горки: 2017. — С.56-58. ISBN 978-985-467-707-1
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі
- Біяграфія Гаўрылы Гарэцкага на сайце geology.by Архівавана 1 мая 2010.
- Паказанні Г. І. Гарэцкага ад 17—18.III.1931 г.
- Рукапісы не гараць. Гаўрыла Гарэцкі Архівавана 15 мая 2021. // news.tut.by, 5 красавіка 2010
- Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Біябібліаграфічны паказальнік у рэпазіторыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Ліўшыц, Уладзімір. Быў самым маладым акадэмікам Беларусі. І двойчы быў асуджаны да расстрэлу // https://horki.info/news/14218.html