Блок (востраў)
Блок (англ.: Block) — востраў у Атлантычным акіяне каля ўзбярэжжа штата Род-Айленд (ЗША). Плошча — 25,21 км². Насельніцтва — 1051 чал. (2010 г.)
Блок | |
---|---|
англ. Block | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 25,21 км² |
Насельніцтва | 1 051 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 41,69 чал./км² |
Размяшчэнне | |
41°10′03,20″ пн. ш. 71°35′26,80″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьВостраў Блок месціцца ў 15 км на поўдзень ад узбярэжжа Род-Айленда, у 527 км на паўночны захад ад Вашынгтона, сталіцы ЗША. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 9,4 км. Найбольшая шырыня — 5,74 км.
Востраў Блок сфарміраваны марэнамі, што ўзніклі на працягу апошніх 40 000 гадоў падчас ледавіковых максімумаў. Змены ўзроўню акіяна садзейнічалі ўтварэнню ўнутраных заліваў і замкнёных саляных азёр, якія мясцовыя жыхары называюць сажалкамі. Пераважаюць асадкавыя пароды, на месцы старажытных балот і азёр — тарфянікі.
Клімат мяккі акіянічны. Улетку тут больш прахалодна, чым на мацерыковай частцы Род-Айленда. Сярэдняя тэмпература ліпеня і жніўня вагаецца ад +16,9 °C да +25,5 °C. Найбольш халодны месяц — студзень, калі тэмпература можа апускацца ніжэй 0 °C. У студзені 1994 г. быў зафіксаваны абсалютны мінімум −22 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1082 мм.
Прырода
правіцьДля вострава Блок характэрна спалучэнне палявых, балоцістых і прыморскіх пясчаных ландшафтаў. Фаўна сушы адрозніваецца беднасцю ў параўнанні з мацерыковай Новай Англіяй. Востраў насяляюць алені, чарапахі, змеі, мышы, пацукі, андатры, лугавыя палёўкі, шмат розных птушак і казурак. У прыбярэжныых водах сустракаюцца мноства марскіх сысуноў, рыб і ракападобных. Каля 47 % паверхні вострава знаходзіцца пад аховай.
Гісторыя
правіцьПершымі насельнікамі вострава Блок былі індзейцы нехантукет. На мове алганкінаў востраў зваўся Manisses («востраў маленькага бога»). Лічыцца, што першым еўрапейскім першаадкрывальнікам мог быць Джавані да Верацана ў 1525 г. Але першае пэўнае паведамленне пра існаванне вострава пакінуў у 1614 г. галандскі гандляр і пірат Адрыен Блок. Ён даў востраву сваё імя.
У 1638 г. у часе вайны з пеквотамі англійскія каланісты з Масачусетса арганізавалі карную экспедыцыю супраць нехантукет. Карэнныя жыхары былі забіты або прададзены ў рабства. У 1658 г. зямля на востраве Блок была перададзена ў прыватную маёмасць. У 1661 г. яе набылі 16 англійскіх каланістаў на чале Джона Алкака. У 1663 г. пасяленец Томас Тэры перадаў 6 акраў у маёмасць 4 індзейскім правадырам, магчыма ўцалелым нехантукет. Да канца XVII ст. індзейская грамада складала большасць астравіцян, але на працягу XVIII ст. колькасць індзейцаў скарацілася да некалькіх дзясяткаў. Апошні памёр у 1886 г. маючы 100 гадоў.
З 1672 г. востраў Блок з’яўляецца часткай Род-Айленда. У 1812—1814 гг. ён быў акупаваны брытанскім флотам. Асноўным заняткам мясцовых жыхароў была пераважна сельская гаспадарка. У 1895 г. былі пабудаваны прычалы, дзе можна прымаць вялікія пасажырскія судны. З канца XIX ст. развіваецца турызм. У нашы дні гэта галіна гаспадаркі пераважае над іншымі.
Славутасці
правіцьНа востраве існуе два помнікі гісторыі — Паўночны маяк і Паўднёва-ўсходні маяк.
Спасылкі
правіцьБлок (востраў) на Вікісховішчы |
- Block Island Tourism Council
- Block Island, RI Travel and Tourism
- Block Island Historical Society
- A history of Block Island: from its discovery, in 1514, to the present time, 1876
- A SHORT GEOLOGICAL HISTORY OF A SHORT GEOLOGICAL HISTORY OF BLOCK ISLAND AND RHODE ISLAND SOUNDS
- Block Island Conservancy