Брач (харв.: Brač) — востраў у Адрыятычным моры. Уваходзіць у склад Харватыі. Плошча — 396 км². Насельніцтва — 13 931 чалавек (2021 г.).

Брач
харв. Brač
Характарыстыкі
Плошча396 км²
Насельніцтва13 931 чал.
Шчыльнасць насельніцтва35,18 чал./км²
Размяшчэнне
43°19′ пн. ш. 16°38′ у. д.HGЯO
АкваторыяАдрыятычнае мора
Краіна
Брач (Харватыя)
Брач
Брач
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія і прырода правіць

 

Брач — трэці па плошчы востраў Далмацыі. Ад кантынента аддзелены Брачскім пралівам. Складзены пераважна вапнякамі. Найвышэйшы пункт — Відава гара (778 м). Сталых вадацёкаў няма. Для забеспячэння вострава пітной вадой у 1970 г. з кантынента быў працягнуты вадаправод.

Клімат міжземнаморскі ўмераны. Для яго характэрныя цёплае доўгае лета і кароткая мяккая зіма. Сярэдняя тэмпература ўлетку каля 24 °C, узімку каля 14 °C. Сонца ззяе 2700 гадзін на працягу года. Колькасць ападкаў адрозніваецца ў залежнасці ад раёна. На поўначы яна не перавышае 720 мм у год, на паўднёвых перадгор’ях дасягае 1420 мм у год. Снежныя ападкі здараюцца рэдка, не болей за 2 дні на працягу года. Летні вецер містраль зніжае спякоту.

Флора і фаўна Брача значна зменены чалавекам. Яшчэ ў пачатку эпохі сярэднявечча яго пакрывалі густыя лясы, насялялі алені і мноства птушак. Мяркуюць, што назва вострава ў перакладзе са старажытнай ілірыйскай мовы значыць «Аленевы». У нашы дні пераважаюць другасныя насаджэнні — хмызняковыя, хвоі, шмат кветак. Шостая частка Брача прыдатная для вядзення сельскай гаспадаркі.

Гісторыя правіць

Першыя людзі сучаснага тыпу з’явіліся на Брачы ў познім палеаліце. У бронзавым — жалезным вяках яго насялялі ілірыйцы, заваяваныя ў I ст. да н. э. рымлянамі. На востраве здабывалі вапняк і мармур. У V—VII стст. на Брачы сяліліся бежанцы з кантыненту, у тым ліку славяне.

У 12681420 гг. востраў пераходзіў ва ўласнасць то Венецыі, то Венгрыі, то Босніі. У выніку трапіў пад кантроль Венецыі. Мясцовае насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і ловам рыбы. Вельмі важнае значэнне мелі вырошчванне вінаграду і кабатажнае суднаходства. Сярод астравіцян асабліва вылучаліся выхадцы з Босніі, якія служылі ў арміі і на флоце.

У 1797 г. Брач быў далучаны да Аўстрыйскай імперыі. У 1918 г. — да Югаславіі. У кан. XIX — сяр. XX ст. развівалася эміграцыя ў іншыя краіны. Часткова гэта было звязана з перанаселенасцю (насельніцтва ў некаторы час перавышала 20 тыс. чал.), часткова — са згубай вінаграднікаў з-за хваробаў.

У 19411944 гг. Брач быў акупаваны італьянскімі і нямецкімі войскамі. Мясцовае насельніцтва арганізавала партызанскую барацьбу супраць захопнікаў.

У 1991 г. увайшоў у склад незалежнай Харватыі.

Эканоміка правіць

Частка мясцовага насельніцтва займаецца сельскай гаспадаркай, вырошчвае вінаград, аліўкавае дрэва, садавіну. Паселішчы Мілн і Пасціра спецыялізуюцца на лове рыбы. У Супетары і Суціване існуюць прамысловыя прадпрыемствы па пераапрацоўке прыроднага каменю і вытворчасці пластмас. Аднак большасць уцягнута ў абслугоўванне турыстаў, якіх вабяць пляжы каля мястэчка Бол. У вёсцы Шкрып працуе музейна-этнаграфічны цэнтр.

Рэгулярная марская паромная пераправа злучае Брач з горадам Спліт, працуе аэрапорт Брач.

Галерэя правіць

Спасылкі правіць