Будынак Нацыянальнага банка Беларусі
Будынак Нацыянальнага банка Беларусі — будынак у цэнтры Мінска, размешчаны па адрасе праспект Незалежнасці, 20. У будынку размяшчаецца галоўны офіс Нацыянальнага банка Беларусі. Помнік савецкай архітэктуры з выкарыстаннем класіцыстычнай спадчыны[1].
Славутасць | |
Будынак Нацыянальнага банка Беларусі | |
---|---|
53°54′00″ пн. ш. 27°33′31″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктар | Міхаіл Паўлавіч Паруснікаў |
Будаўніцтва | 1947—1952 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000168 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пабудаваны ў 1947—1952 гг. як будынак Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржаўнага банка СССР па праекце акадэміка АН БССР архітэктара М. Паруснікава, які перамог у 1947 г. у закрытым конкурсе на распрацоўку праекта першай чаргі Савецкай вуліцы (сучасны пр. Незалежнасці). Была адзначана ўдала выбраная архітэктарам шырыня вуліцы і вышыня забудовы, буйны маштаб забудовы, у меру падкрэсленая манументальнасць будынкаў. Будынак Дзяржбанка разам з будынкам Дзяржаўнага ўніверсальнага магазіна (пр. Незалежнасці, 21) вырашаў складаны вугал праспекта на перакрыжаванні з вул. Леніна.
Герб Беларусі на будынку выкананы ў 1998 годзе скульптарам У. Жбанавым[2].
Архітэктура
правіцьЦагляны будынак Г-падобны ў плане, пяціпавярховы, накрыты аднасхільным дахам. Атынкаваная паверхня фасадаў імітуе каменную муроўку. Галоўны фасад па ўсю вышыню члянёны канеліраванымі пілястрамі карынфскага ордара і рытмам буйных арачных аконных праёмаў 2—3-га паверхаў. 1-ы паверх, вылучаны ў масіўную цокальную частку, апрацаваны паліраваным гранітам. 4-ы і 5-ы паверхі члянёны здвоенымі вокнамі. Будынак завершаны вынесеным на мадульёнах карнізам і высокім раскрапаваным атыкам-парапетам[1].
Планіроўка калідорная. Аперацыйная зала двухсветлавая, займае большую палавіну 2-га паверха, яе перакрыцце падтрымліваюць 2 рады здвоеных калон. Сувязь паміж паверхамі ажыццяўляецца праз цэнтральную і 2 бакавыя лесвіцы[1].
Зноскі
- ↑ а б в У. В. Алісейчык, А. А. Воінаў. 158л. Будынак Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржаўнага банка СССР // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- ↑ Л. Ф. Салавей. Мінскае мастацкае прадпрыемства «Скульптурны камбінат» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Літаратура
правіць- У. В. Алісейчык, А. А. Воінаў. 158л. Будынак Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржаўнага банка СССР // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
правіць- Будынак Нацыянальнага банка Беларусі на сайце «Архіварта»