Бішнаізм
Бішнаізм, або бішноі (хіндзі: बिश्नोई धर्म, літаральна "дваццаць дзевяць прынцыпаў") — рэлігійны кірунак у індуізме. Распаўсюджаны пераважна ў Раджастхане, Гуджараце, цэнтральнай Індыі. Прыкладная колькасць паслядоўнікаў — 600 тыс. чалавек.
Гісторыя
правіцьЗаснавальнікам бішнаізму з'яўляецца Джамбха-джы (святы гуру Джамбешвар Бхагван; нар. 1451 г.), выхадзец з раджпуцкага роду Панвар. Да сямі гадоў ён выхоўваўся ў сям'і, пасля чаго стаў пастухом у пустыні Тар. Ва ўзросце 34 гадоў пачаў спавядаць вучэнне, заснаванае на пашане Крышны, аватара бога Вішну. Пропаведзі Джамбха-джы былі запісаны падчас яго вандровак па Індыі ў вершаванай форме шабадвані (літаральна рой пчол). Усяго налічваецца 120 вершаў-шабадаў. У іх выкладзены 29 прынцыпаў вучэння бішнаізму.
Бішнаізм набыў папулярнасць у сувязі з пропаведдзю рэлігійнага міру ў часы канфліктаў паміж індуістамі і мусульманамі. Большасць паслядоўнікаў Джамбха-джы — джаты, сярод якіх вернікі-бішноі вылучаюцца як асобная каста, што падзяляецца на 100 падкаст. Вучэнне набыло шырокае прызнанне ў XVIII ст., калі вернікі бішноі выступілі супраць манарха Джадхпура з-за яго імкнення вырубкі лясоў на мяжы пустыні Тар. Бішнаіты звычайна сяліліся паасобку ад прадстаўнікоў іншых канфесій, займаліся аховай навакольнай прыроды. З канца XX ст. цікавасць да бішнаізму ў Індыі выклікана пашырэннем экалагічнай свядомасці.
Дваццаць дзевяць прынцыпаў
правіць- 30 дзён недатыкальнасці пасля нараджэння дзіцяці
- 5 дзён недатыкальнасці да жанчыны падчас менструацыі
- Ачышчэнне цела вадою з раніцы
- Сціпласць у паводзінах
- Задавальненне ў цярпенні
- Рытуальныя ачышчэнні
- Літургія двойчы на дзень
- Усхваленне Вішну ўвечары
- Ранішняе ахвярапрынашэнне
- Ачышчэнне вады, малака і дроў
- Шчырае вымаўленне ачышчальных слоў
- Прыняцце правіл прабачэння і жалю
- Не крадзь
- Не асуджай і не крытыкуй
- Не падманвай
- Не марнуй час для доказаў
- Першы дзень кожнага месяца ўзнось малітвы Вішну
- Шкадуй і любі ўсе жывыя істоты
- Не высякай зялёныя дрэвы, беражы прыроду
- Душы ў сябе юрлівасць, гнеў, прагнасць і прыхільнасць
- Прымай ежу і ваду толькі ад людзей, што прайшлі ачышчэнне
- Забяспеч свойскую жывёлу прытулкам, каб не забіваць яе ў старасці
- Не пакладай быкоў
- Не ўжывай опіум
- Не палі тытунь і не датыкайся яго
- Не ўжывай наркотыкі з канопляў
- Не ўжывай алкагольныя напоі
- Не ўжывай мяса, заставайся вегетарыянцам
- Ніколі не апранай блакітную адзежу
Асаблівасці жыцця вернікаў
правіцьПрыхільнікі бішнаізму жывуць даволі ізалявана ад астатніх вернікаў з-за прынцыпу недатыкальнасці да тых, хто не праходзіць сталага рытуальнанга ачышчэння. З гэтай нагоды бішноі самі забяспечваюць сябе ежай і вядуць гандаль пераважна з прадстаўнікамі сваёй абшчыны. Яны — строгія вегетарыянцы, актыўна ахоўваюць жывую прыроду. Бішноі падзяляюцца на 100 падкаст готра. Шлюбы з прадстаўнікамі сваёй готра і готра, з якой паходзіць маці, забаронены.