Валынскае ўзвышша

Валы́нскае ўзвы́шша — узвышша на захадзе Украіны, паміж рэкамі Заходні Буг і Корчык (басейн ракі Случ).

Валынскае ўзвышша пазначана колерам

На поўначы ўступам вышынёй 30—50 метраў абрываецца да Палескай нізіны, з поўдня Валынскае ўзвышша абмежавана раўнінай Малога Палесся. Вышыня 220—250 метраў (максімальная да 341 метра — Мізацкі краж). Пераважае ўваліста-лагчынны рэльеф. Рачнымі далінамі Буга, Стыр, Гарыні і іх прытокаў Валынскае ўзвышша падзяляецца на асобныя ўчасткі плато. Валынскае ўзвышша разам з Падольскім узвышшам часта называюць Валына-Падольскім. Асновай Валынскага ўзвышша з’яўляюцца адклады мелавога ўзросту, на захадзе пад імі залягаюць каменнавугальныя адклады Львоўска-Валынскага вугальнага басейна.

У глебавым покрыве пераважаюць шэрыя лясныя глебы, на выраўнаваных участках — чарназёмы. Расліннасць пераважна лесастэпавая. Пашыраны грабавыя, дубова-грабавыя, дубовыя, дубова-хваёвыя лясы (9 % тэрыторыі). Сельскагаспадарчыя ўгоддзі складаюць 75 % зямельнага фонду.

Літаратура

правіць